Вы тут

Праваахоўнікі яшчэ шукаюць турыстаў, якім турфірма сарвала адпачынак


Недзе месяц таму мінчанін Алег зусім выпадкова ўбачыў аб'яву пра «гарачую» пуцёўку ў Барселону. 11-дзённы тур для сям'і з трох чалавек каштаваў усяго 3 тысячы рублёў. Алег не мог упусціць адносна недарагую магчымасць адпачыць, таму нават узяў крэдыт у банку. У той жа дзень аформіў дагавор з турфірмай і заплаціў за пуцёўку ўсю суму. Цяпер ён мог бы ўжо купацца ў моры ды загараць на пляжы. Але замест гэтага апынуўся ў міліцыі, дзе разам з іншымі пацярпелымі напісаў заяву на дырэктара турфірмы, якая пакінула іх без адпачынку.


Колькасць заяў на дырэктара турыстычнай фірмы «Каліпса Тур», якая ўзяла перадаплату, але не адправіла кліентаў на мора, расце з кожным днём. Сярод пацярпелых ёсць і сем'і з іншых беларускіх гарадоў. Гісторыя ва ўсіх фактычна адна. Аплацілі адпачынак у Іспаніі (ці Грэцыі, Егіпце, Турцыі, Чэхіі, Балгарыі, Кіпры), але білетаў так і не дачакаліся. Некаторыя заплацілі за пуцёўку яшчэ ў снежні, а калі прыйшоў час вылятаць, аказалася, што рэйс у графіку вылетаў не значыцца. «Мы з сястрой марылі адпачыць у Грэцыі, але не паляцелі, — кажа адна з пацярпелых Аксана Ж., якая заплаціла за пуцёўку 4 тысячы рублёў. — У турфірме нам сказалі, што грошай няма, а наш тур не быў праплачаны».

Адмыслова для паездкі на мора людзі бралі адпачынкі на рабоце. Цяпер жа пра замежную вандроўку яны нават не думаюць, ім бы хоць вярнуць грошы. «Людзі працуюць, каб вывезці дзяцей на мора, каб паправіць здароўе, — кажа са слязамі на вачах Рыта А. — У майго дзіцяці парок сэрца! Чаму я павінна дарыць камусьці свае грошы?»

У сітуацыі з «Каліпса Тур» цяпер разбіраюцца праваахоўныя органы. Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка Кастрычніцкага РУУС Мінска Эвеліны МАРКОЎСКАЙ, у міліцыю з заявамі ўжо звярнулася больш за 70 пацярпелых. Гэта непасрэдна тыя людзі, якія складалі дамовы з названай турфірмай (значыць, можна меркаваць, што за заявамі, якія паступілі, стаіць не менш як сто пацярпелых. Гэта члены сем'яў тых, хто падпісаў дамову з турфірмай). Акрамя таго, у Кастрычніцкае РУУС Мінска звярнуліся таксама прадстаўнікі дзвюх юрыдычных асоб. Папярэдне, сума ўрону, нанесенага турыстам, складае 158 тысяч рублёў. У праваахоўнікаў ёсць падставы меркаваць, што колькасць пацярпелых можа быць большай. Таму і просяць тых, хто заключаў дагавор аб аказанні турыстычных паслуг з ТАА «Каліпса Тур» і ІП «Борздый Е. Г.», звяртацца па тэлефонах: 8 (017) 239-64-73, 8 (017) 226-21-05, 8 (029) 562-76-93.

Некалькі дзён таму карэспандэнту АНТ удалося пагаварыць па тэлефоне з дырэктарам «Каліпса Тур». Юлія Антаневіч (менавіта яна, са слоў пацярпелых, прадавала ім туры) запэўніла, што кампанія верне грошы людзям на працягу 30 дзён. Аднак 15 ліпеня, калі была прызначаная сустрэча, яна на званкі не адказвала. Учора стала вядома, што некалькім кліентам «Каліпса Тур» ужо вярнула грошы за пуцёўкі, але пра масавыя выплаты гаворка пакуль не ідзе. Тым часам Юлія Антаневіч дала каментарый тэлеканалу Беларусь 1 (здымкі рабілі са спіны): «Проста так склалася, што людзі прыйшлі ў адзін і той жа час, паднялі крык ды гоман. На наступны дзень у нас у офісе сабралася каля 20 чалавек з просьбай «мы не хочам ляцець, мы хочам скасавання дагавораў». Відавочна, выплаціць грошы ды скасаваць дагавор мы не можам у тую ж секунду. Гэта вельмі складана. Тым больш па некаторых турах прадугледжаны штрафы. Я ім сказала, што не магу нічога зрабіць, маўляў, можаце звяртацца ў міліцыю. У далейшым усе нашы заяўкі былі наогул ануляваныя. На жаль, цяпер ніхто ўжо не можа вылятаць ад нас».

Акрэсленую праблему актыўна абмяркоўваюць у сацыяльных сетках. Адвакаты, якія працуюць з падобнымі справамі, лічаць, што добра было стварыць кампенсацыйны фонд пры грамадскіх арганізацыях, які б у выпадку неаказання турпаслуг кампенсаваў урон сваім чальцам-турыстам.

У нашай краіне няма ліцэнзавання ў сферы турыстычных паслуг. Замест яго існуе рэестр тураператараў (гэта спіс кампаній з добрай рэпутацыяй, цяпер там больш як 700 фірмаў). Меркавалася, што гэты спіс абароніць турыстаў ад непрыемнасцяў. Атрымалася ж, што з адменай дзяржаўнага рэгулявання ў турыстычную сферу маглі трапіць і выпадковыя людзі. Толькі летась у Беларусі былі скандалы з некалькімі буйнымі фірмамі, як правіла, філіяламі расійскіх кампаній, якія абанкруціліся.

Ганна МУХА, начальнік аддзела маркетынгу і якасці турысцкіх паслуг дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму: «Мы раім беларусам уважліва ставіцца да выбару турфірмы і афармлення дагавора. Старанна правяраць стаж работы кампаніі на рынку, прадае яна ўласны прадукт ці пуцёўкі іншых кампаній за агенцкае ўзнагароджанне, паглядзець водгукі. Акрамя таго, варта ўважліва вывучыць умовы дагавора, які заключаецца (турфірмы ў дамове могуць прадугледзець тузін агаворак, каб выходзіць сухімі з вады). У сёлетнім турыстычным сезоне зафіксаваныя адзінкавыя звароты з нагоды якасці турпаслуг. Адзін з апошніх датычыўся пражывання ў гатэлі на востраве Крыт — турыстаў не задаволілі ўмовы размяшчэння. Пасля ўмяшання Мінспорту туркампанія аператыўна вырашыла пытанне. Такіх выпадкаў, як з «Каліпса Тур», каб турысты заплацілі грошы і не адправіліся ў паездку, з іншымі фірмамі ў гэтым сезоне не было».

Надзея ДРЫЛА

drуlа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Гарачыя» пуцёўкі... «згарэлі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».