Вы тут

Беларуска-французскія адносіны: сучаснасць і будучыня


14 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне Прэзідэнту Францыі Эмануэлю Макрону і грамадзянам гэтай краіны з нагоды нацыянальнага свята Французскай Рэспублікі. У той жа дзень у Мінску прайшоў прыём з нагоды гэтай важнай даты. Прыемна было, што Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Беларусі Дыдзье Канес высока ацаніў ролю нашай краіны ў сферы еўрапейскай бяспекі: «Мы цэнім дапамогу Беларусі, праведзеную работу ў рамках нармандскага фармату». З боку Беларусі прывітальнае слова ўдзельнікам прагучала ад намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алега Краўчанкі. Ён нагадаў прысутным, што сёлета мы святкуем 25-годдзе знамянальнай даты — устанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. На думку беларускага дыпламата, за гэты перыяд мы дасягнулі сур'ёзных поспехаў у развіцці ўзаемадзеяння па многіх напрамках.


Велізарную ролю ў развіцці нашых адносін іграе французскі менталітэт. Французы вядомыя ў Беларусі як людзі душэўныя, аматары паесці і адпачыць, схільныя да вытанчаных мастацтваў і навук, а таксама як гасцінныя гаспадары. У Еўрасаюзе яны вядомыя тым, што актыўна абараняюць нацыянальную культуру, змагаюцца з амерыканскім уплывам і стандартызацыяй. Французская літаратура і кіно робяць краіну вельмі вядомым брэндам, і чыноўнікі Францыі яго развіваюць і абараняюць. Францыя таксама адзіная краіна «старой Еўропы», дзе няма сур'ёзных праблем з нараджальнасцю — яна знаходзіцца прыкладна на беларускім узроўні.

У сферы развіцця эканомікі вялікую ролю іграюць сумесныя мерапрыемствы, на якіх бізнесмены дзвюх краін знаёмяцца з магчымасцю двухбаковага супрацоўніцтва. Апошняе маштабнае мерапрыемства такога роду адбылося з 23 па 27 мая 2016 года ў Парыжы. У рамках беларуска-французскага дзелавога тыдня прайшлі другое пасяджэнне сумеснай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, ІІ Беларуска-французскі бізнес-форум і круглы стол удзельнікаў франка-беларускага дзелавога клуба. Са шкадаваннем трэба адзначыць, што ў 2016 годзе беларускі экспарт у Францыю быў самы нізкі за пяць гадоў, склаўшы 42,8 мільёна долараў. Але тое ж самае можна сказаць і пра імпарт, які знізіўся да 243,2 мільёна долараў. Пачатак 2017 года прынёс пэўнае ажыўленне ў таваразварот. Экспарт вырас у першыя чатыры месяцы года напалову, імпарт на дваццаць працэнтаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.

Для Беларусі важная роля Францыі як пастаўшчыка сучаснага абсталявання, якое выкарыстоўваецца ў беларускай эканоміцы. Напрыклад, летась у Мінск быў пастаўлены тунэлепраходніцкі комплекс французскай кампаніі СSM Bеssас для будаўніцтва трэцяй лініі мінскага метрапалітэна. Чакаецца, што сучаснае інавацыйнае абсталяванне дазволіць УП «Мінскметрабуд» павялічыць хуткасць будавання тунэляў у некалькі разоў.

Працяглую гісторыю мае супрацоўніцтва парламенцкай групы дружбы Францыя — Беларусь Нацыянальнай асамблеі Францыі з беларускім парламентам, якое праходзіць у рамках рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з Парламентам Французскай Рэспублікі. Візіты яе прадстаўнікоў у нашу краіну заўсёды шырока асвятляюцца ў беларускай прэсе і праходзяць на вельмі сяброўскай аснове.

Перспектывы развіцця нашых адносін звязаны, як і ў выпадку з Расійскай Федэрацыяй, з умацаваннем рэгіянальных адносін. Так, 27 мая 2015 года адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве і пабрацімскіх сувязях паміж горадам Туркуэнэ і Партызанскім раёнам горада Мінска, у выніку чаго можна чакаць ажыўлення абмену пазітыўным вопытам двух партнёраў. Сярод гісторый паспяховага супрацоўніцтва, якія ўжо адбыліся, можна назваць адносіны Мінск — Ліён, Гомель — Клермон-Феран, Гродна — Лімож, Магілёў — Вілербан, Брэст — Брэст, Порт-сюр-Сон, Наваполацк — Шафай, Жывор. Магчыма, што ўжо ў гэтым годзе можа прайсці першы ў гісторыі Форум рэгіёнаў Беларусі і Францыі.

Як будуць развівацца адносіны з Францыяй, залежыць і ад таго, як будуць трансфармавацца ўмовы функцыянавання праграмы «Усходняе партнёрства». Гэтай восенню ў Бруселі будзе праведзены саміт, на якім плануецца сур'ёзна перагледзець праграму. Хочацца спадзявацца, што новыя ўмовы адкрыюць яшчэ больш магчымасцяў для канструктыўнага супрацоўніцтва дзвюх краін.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Загаловак у газеце: Паміж Мінскам і Парыжам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».