Вы тут

Лідскае шматнітовае ткацтва стане гісторыка-культурнай каштоўнасцю?


Некалі тэхніка шматнітовага ткацтва ручнікоў была вядома многім майстрыхам Гродзеншчыны, але з цягам часу страцілася. Узнавіць забытыя навыкі вырашылі ў Лідскім цэнтры культуры і народнай творчасці. Матэрыял збіраецца па ўсіх вёсках раёна. Каб трапіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, трэба ўзнавіць да дзесяці відаў гэтай тэхнікі.


Звычайны ручнік гладкі, а шматнітовы мае рэльефную аснову, і вельмі прыемны навобмацак, кажа загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Шчоліна. Пры гэтым рэльефны ўзор можа быць розным — «дарожка», «клетачка», «ямка» і іншыя. Усяго набіраецца да васьмі відаў. У цэнтры рамёстваў саткалі ўжо два такія ручнікі.

— Белае палатно на кроснах запраўляецца паўторна, выбіраецца дошка, і кожны радочак ідзе за дошкай, адны ніткі апускаюцца, другія ўздымаюцца ў пэўнай паслядоўнасці, так ствараецца фактура, — Валянціна Сільвановіч расказвае пра сваю працу. — Вось на гэтым ручніку, напрыклад, ідуць доўгія лініі, ці дарожкі. Адны вышэй, другія — ніжэй. Чым больш ступеняў, тым узор больш выпуклы.

Калісьці такія ручнікі былі ў многіх сялянскіх сем'ях. Жанчыны ўмелі выткаць складаны шматнітовы ўзор і на абрусе, і на палатне для вопраткі. Зараз гэтыя тэхналогіі страчаны, але дзякуючы сапраўдным аматарам, былое хараство зноў вяртаецца. Каб «новы» від мастацтва зноў не прапаў, да яго прывучаюць дзяцей і моладзь. Майстрыхі паказваюць ім тое, што самі спасціглі ў розных экспедыцыях па Лідчыне. Вялікі набытак у гэтай справе належыць лідскаму майстру Яўгену Маркевічу, які з дапамогай сваёй бабулі раскрыў сакрэт фактурнага ткацтва і перадаў яго ткачыхам раённага цэнтра. Набыткамі лідчан зацікавіліся эксперты-навукоўцы.

— Да нас прыязджалі з Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі і прапанавалі сур'езна заняцца гэтай работай, каб уключыць узорыстыя ручнікі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, бо такога фактурнага ткацтва белага палатна нідзе ў краіне больш не засталося, — паведаміла Алена Шчоліна.

Ёсць усе падставы лічыць, што спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў папоўніцца яшчэ адным элементам — белымі ручнікамі ў 3D-фармаце. Праўда, змадэляваны яны не з удзелам новых тэхналогій, а наадварот, з дапамогай самых што ні на ёсць старажытных прылад. Але ўражваюць не менш, чым сучасныя навароты, бо прасякнуты не толькі майстэрствам, але і народнай душой.

Дакладна:

У спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь Гродзенская вобласць прадстаўляе 12 элементаў, з іх тры па ткацтве. Так, вёска Гудзевічы Мастоўскага раёна ўвайшла ў культурную скарбніцу са сваімі падвойнымі дыванамі, Ваўкавыскі раён з простым двухнітовым палатном, а Алена Шунейка з Гродна ўзнавіла традыцыю падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва.

 

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ручнік у 3D

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».