Вы тут

Гродзенскую каланчу чакае рэканструкцыя


Гродзенскую каланчу — помнік архітэктуры пачатку XX стагоддзя — чакае рэканструкцыя. Аб гэтым падчас прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей ШПАРЛО.


Гродзенская пажарная каланча — адзін з самых вядомых турыстычных аб'ектаў абласнога цэнтра. Тут ёсць і свой унікальны штрышок — штодня роўна апоўдні на верхнюю пляцоўку падымаецца трубач у старажытным парадным адзенні, каб зайграць «беларускія фанфары». Гэта азначае, што ў горадзе ўсё спакойна. На самым версе каланчы прымацаваны масіўны медны флюгер у выглядзе пажарнага, які трымае за хвост «чырвонага пеўня».

Раней на 32-метровую каланчу маглі падняцца турысты, але цяпер уваход забаронены. Вінтавая драўляная лесвіца ў 120 прыступак патрабуе рамонту. Сяргей Шпарло зазначыў, што праект рэканструкцыі ўключаны ў праграму трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча—Беларусь—Украіна» і ўдала прайшоў першы этап конкурснага адбору, канчатковыя вынікі будуць падведзены ў лютым будучага года.

У план рэканструкцыі таксама ўваходзяць умацаванне вонкавых сцен вежы, карнізаў, замена вокнаў і абсталяванне сучаснай падсветкі. Будзе рэстаўрыравана і глядзельная пляцоўка, адкуль з вышыні птушынага палёту турысты змогуць убачыць горад. Плануецца, што каланча атрымае новае аблічча да 2020 года.

Даведка:

Першыя звесткі аб пажарнай каланчы адносяцца да канца XІX — пачатку XX стагоддзя. Яе пабудова адбылася пасля таго, як пажар, што бушаваў некалькі дзён, знішчыў амаль паўгорада. Разам з аднаўленнем Гродна ішло будаўніцтва пажарнага дэпо і вежы, на якой знаходзіўся дзяжурны. Ён біў у званы пры ўзгаранні дзе-небудзь. Пажарнае дэпо па-ранейшаму дзейнічае, а ў сценах вежы размясцілася цікавая музейная экспазіцыя пажарна-выратавальнай службы. Яшчэ адна цікавінка: на фрэсцы, якая ўпрыгожвае фасад будынка дэпо, супрацоўніца МНС у службовай форме нагадвае з твару знакамітую Мону Лізу. Аўтарам фрэскі з'яўляецца вядомы гродзенскі мастак Уладзімір Качан.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Фанфары на вежы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.