Вы тут

Моцны алкаголь будзе даражэць?


Такія меры дзейнічаюць у многіх развітых краінах, а ў хуткім часе будуць прынятыя і ў нас. Шэраг захадаў па абмежаванні даступнасці алкаголю ўжо зроблены, актыўна вядзецца распрацоўка іншых мер. Размова ідзе пра абмежаванне рознічнай рэалізацыі спіртнога ў вячэрні і начны час, пра продаж такой прадукцыі на пэўных гандлёвых плошчах, пра размяшчэнне саміх пляцовак. Усе гэтыя меры даюць свой станоўчы вынік там, дзе яны ўжо дзейнічаюць. Скажам, абмежаванне ў начны час зніжае розныя правапарушэнні, якія ўчыняюцца акурат пасля «дагонкі», патрэбнай менавіта тым, хто ўжо нападпітку.


Правы спажыўца ці здароўе нацыі?

Практыка паказвае, што калі алкаголь знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі — так, як у нас сёння, — дык рука нярэдка сама цягнецца па яго, нават калі паход у магазін быў абгрунтаваны зусім іншай мэтай. На такія паводзіны мы правакуем у першую чаргу маладых людзей. Дарэчы, Міністэрства аховы здароўя зноў прапануе падняць узрост продажу алкагольных напояў з 18 гадоў да 21. Праціўнікі гэтага рашэння спасылаюцца на тое, што такім чынам абмяжоўваюцца спажывецкія правы... Але ж медыкі стаяць на сваім: правы правамі, але ж варта ўрэшце і над прамой шкодай для здароўя паразважаць.

— Ніколі не будзе такога, каб усё насельніцтва перастала спажываць алкаголь, аднак асобныя мэтавыя групы зменяць свае паводзіны ў выніку тых мер, што прыняты і яшчэ будуць прымацца, — адзначае намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Сяргей ОСІПЧЫК. — Ва ўсім свеце прафілактыка алкагалізму праводзіцца па трох кірунках — папярэджванне, зніжэнне распаўсюджанасці, змяншэнне наступстваў з дапамогай рэабілітацыі. Адна з ключавых мер у зніжэнні алкагольнага спажывання — зніжэнне даступнасці. Каб знізіць даступнасць, неабходна абмежаваць прапанову і попыт.

Важным момантам тут будзе змяненне акцызнай палітыкі — акцыз на піва павінен быць меншым, а на 40-градусныя напоі большым. Варта нагадаць, што ў шэрагу еўрапейскіх краін моцны алкаголь прадаецца ў спецыялізаваных магазінах, у пэўны час. У звычайных харчовых магазінах ёсць толькі піва з колькасцю алкаголю 3 працэнты. Як вынік — у Швецыі, напрыклад, няма фактаў гібелі людзей у дарожна-транспартных здарэннях па прычыне знаходжання кіроўцы ў стане алкагольнага ап'янення, а затрыманні п'яных за рулём — адзінкавыя выпадкі. Суадносіны акцызаў на моцныя напоі і піва складаюць у скандынаўскіх краінах 1:16! А ў нас — 1:1,3. Польшча, якая пайшла ў гэтым сэнсе следам за Скандынавіяй, так паўплывала на структуру алкагольнага спажывання, што цяпер на моцны алкаголь прыпадае 30 працэнтаў, а на піва 70. Такі варыянт лічыцца ідэальным. Што характэрна, і бюджэт папаўняецца не горш, а тое і лепш, дый сацыяльна-медыцынскіх наступстваў спажывання становіцца менш.

Для таго каб паступленні ў бюджэт ад рэалізацыі алкаголю не зніжаліся, не рэкамендуецца павышаць акцызы рэзка, больш як на 30 працэнтаў за год. У Беларусі размова пакуль ідзе аб 5-працэнтным павелічэнні ў год, што будзе рэалізавана, хутчэй за ўсё, ужо налета. Паскорыць працэс немагчыма, бо давядзецца ўзгадніць пазіцыю з калегамі па ЕАЭС (дарэчы, краіны ЕС у гэтым сэнсе больш свабодна робяць падобныя крокі). Якія суадносіны атрымаюцца ў выніку ў нашай краіне, сказаць пакуль цяжка — хутчэй за ўсё, мы будзем мець на ўвазе польскі вопыт. Суседзям удалося захаваць бюджэт і змяніць структуру спажывання пры суадносінах 1:5.

Ісціна — не ў віне...

— Што ёсць сёння наша культура спажывання алкаголю? Можна купіць бутэльку 40-градуснага напою і выпіць па дарозе дадому! Гэта недапушчальная сітуацыя, а таму грамадства трэба перавыхоўваць. Спажыванне алкаголю можа быць фонам для сустрэчы і стасункаў, а не сустрэча і стасункі — для спажывання алкаголю, — кажа Сяргей Іванавіч.

У кожным абласным цэнтры і Мінску на базе ўстаноў аховы здароўя працуюць стацыянарныя аддзяленні медыцынскай рэабілітацыі для пацыентаў з алкагольнай залежнасцю. Месцы там ёсць, а таму можна звяртацца па дапамогу, кансультацыю і самім залежным, і іх сваякам. Сацыяльная рэабілітацыя залежных арыентуецца на абавязковае працаўладкаванне, асабліва тых, хто вызваліўся з лячэбна-працоўных прафілакторыяў, куды накіроўваюцца правапарушальнікі з алкагольнай залежнасцю па рашэнні суда. Сярэдні тэрмін знаходжання ў такой установе, а іх сёння 8 па краіне, — 1 год. Прымусовае лячэнне прызначае таксама суд у адпаведнасці з крымінальным правам.

«Калі на працягу года ў стане алкагольнага ап'янення ўчыняюцца два правапарушэнні, то выносіцца афіцыйнае папярэджанне, — тлумачыць в. а. на пасадзе начальніка аддзела арганізацыі работы ўчастковых інспектараў міліцыі ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Вольга САКАЛОЎСКАЯ— Калі далей на працягу года пасля такога папярэджання ўчыняецца трэцяе правапарушэнне, то выносіцца рашэнне аб пастаноўцы на прафілактычны ўлік, што азначае пастаянны кантроль па месцы жыхарства, прыцягванне да розных прафілактычных мерапрыемстваў».

Нягледзячы на тое, што колькасць учыненых пад уздзеяннем алкаголю злачынстваў і правапарушэнняў паступова зніжаецца, кожнае чацвёртае злачынства ўсё ж такі ўчыняецца нападпітку. Са злоўжываннем звязана каля 80 працэнтаў цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў — забойстваў, грабяжоў, разбояў.

Якім бы даступным ні быў сёння легальны алкаголь, на вёсцы па-ранейшаму сустракаецца і нелегальны. Летась было канфіскавана 512 тысяч літраў самагону і самагоннай брагі, у незаконным абароце выяўлена каля 140 тысяч літраў алкагольнай прадукцыі. За незаконны абарот прыцягнуты да адказнасці каля 14 тысяч грамадзян.

Сёлета з нелегальнага абароту выведзена каля 800 тысяч літраў самагону, самагоннай брагі і алкаголю. Канфіскаваны ў момант «работы» 853 самагонныя апараты.

8,8 літра абсалютнага спірту прыпадала летась на душу насельніцтва ў нашай краіне. Гэта, безумоўна, паказчык продажу, а пра рэальнае спажыванне можна меркаваць па колькасці алкагольных псіхозаў і алкагольных цырозаў, якія, хоць і нязначна, але знізіліся ў апошнія гады.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Абмежаваны доступ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.