Вы тут

Без навук, як без рук


Бягучы 2017-ы абвешчаны Годам навукі, і гэта нездарма, бо грэх недаацэньваць яе ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці, у вызначэнні найбольш эфектыўных відаў эканамічнай дзейнасці, кірункаў дэмаграфічнай і (у тым ліку...) міграцыйнай палітыкі, эфектыўнасці ўдзелу краіны ў інтэграцыйных аб’яднаннях ды інш.


На нядаўнім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі прагучаў, напрыклад, заклік перавесці нашу краіну на рэйкі інфармацыйных тэхналогій. Нават мне, кандыдату навук, асэнсаваць гэта досыць складана, бо найперш узнікае пытанне, а што ж будзе з традыцыйнымі для нас відамі эканамічнай дзейнасці, які лёс у іх? І потым: наколькі магчыма здзейсніць прарыў у ІТ-сферы пры такім сціплым фінансаванні навуковай дзейнасці (менш за 1% ад ВУПа Беларусі)? Ды яшчэ з улікам таго, што гэта ніша даўно занятая...

Нельга забывацца і пра колькасную абмежаванасць навуковага персаналу, які па ўсіх кірунках навуковай дзейнасці налічвае каля 30 тыс. чалавек. (Для параўнання заўважу, што ў меншых за Беларусь па колькасці насельніцтва Даніі, Швейцарыі, Швецыі ён у паўтара, а то і ў два разы большы.)

Магчыма, якраз гэтым, апошнім, фактам і абумоўлены некаторыя сумныя прыклады. Я, у прыватнасці, проста не разумею, што ў нас назіраецца пры будаўніцтве сучасных сеткавых гандлёвых цэнтраў. Нярэдкая ж сітуацыя, калі два такія аб'екты стаяць побач або проста адзін насупраць другога (Мінск, вул. Маякоўскага). І гэта пры тым, што ўжо сёння вядома: па забяспечанасці насельніцтва гандлёвай плошчай Беларусь перагнала шэраг еўрапейскіх краін. Тады які сэнс бяздумна «ляпіць» гэтых «гандлёвых монстраў»?

Безумоўна, у іх знойдуцца абаронцы, скажуць, што там прыватныя сродкі і як іх траціць, вырашае сам інвестар, да таго ж добра, што расце канкурэнцыя... Усё гэта так, але ж паралельна губляюцца неўзнаўляльныя зямельныя рэсурсы, аддаляецца ад спажыўца будаўніцтва іншых патрэбных яму аб’ектаў.

Ёсць пытанні і па больш грунтоўных збудаваннях, якія ўзводзіліся за кошт крэдытных рэсурсаў і сродкаў дзяржавы (а значыць, падаткаплацельшчыкаў). Узяць хоць бы эстакаду на аўтамагістралі М-4 Мінск — Магілёў паміж вёскамі Карзуны і Заполле. Заўважу, што абодва населеныя пункты не маленькія: у іх пражывае каля дзвюх тысяч жыхароў. Такім чынам, кожны дзень эстакаду адольваюць сотні чалавек, многія з ліку пенсіянераў ды інвалідаў. І можна ўявіць сабе, якім няпростым для чалавека сталага ўзросту, для дзяцей ды мам з малымі (асабліва ў зімовы перыяд) з’яўляецца пераадоленне вышыні ў дзесяць метраў (менавіта столькі ад падэшвы дарогі да эстакады)... Ну а праводзіць у апошні шлях жыхара Заполля і наогул праблема, бо, каб дабрацца на могілкі ў г. п. Смілавічы, трэба, як той казаў, «выпісаць кругаля» ў 5 кіламетраў. Акурат такія ж кругі наразаюць кіроўцы, якім трэба трапіць з Мінска ў Заполле і са Смілавічаў у Карзуны.

Гэта, калі можна так сказаць, сацыяльны аспект праблемы.А ёсць жа яшчэ і эканамічны. Асноўная частка сельскагаспадарчых зямель СВК «Запольскі», яго жывёлагадоўчыя фермы размешчаны на другім баку аўтамагістралі М-4. У выніку для таго, каб на трактарах і аўтамабілях даехаць да адпаведных аб’ектаў, кожны дзень спальваюцца сотні літраў «лішняга» паліва, марнуецца час.

Лагічнае пытанне: куды глядзелі навукоўцы-праектанты і мясцовыя органы ўлады? Чаму яны бачылі толькі перавагі хуткаснага рэжыму, які, вядома ж, забяспечыла эстакада.

Яшчэ адна праблема. У апошнія гады назіраецца наша імкненне будаваць розныя аб’екты на тэрыторыі іншых краін. Безумоўна, Беларусі неабходна прасоўваць сваю прадукцыю на замежныя рынкі, каб зарабіць валютныя сродкі, аднак нельга забывацца і пра сваіх людзей, якія трапляюць у сумна вядомыя спісы ўтрыманцаў — найчасцей з-за адсутнасці працоўных месцаў.

Лічу, што сёння навукоўцам (найперш эканамістам, географам, дэмографам, эколагам) трэба ўшчыльную заняцца глыбокім вывучэннем усіх рэгіёнаў краіны і прапанаваць ураду, кіраўнікам мясцовых органаў улады спіс населеных пунктаў і вытворчасцяў, найбольш прыдатных для развіцця. Перакананы, што ў такіх складаных пытаннях без навукі не абысціся. Будуць слушныя прапановы з боку навукоўцаў — з'явіцца запатрабаванасць у іх дапамозе з боку чыноўнікаў. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама спадар Даманеўскі выказаўся наконт гэтага адназначна: «У Беларусі неабходна распрацаваць праграму раўнамернага развіцця рэгіёнаў: у краіне пакуль няма адзінай палітыкі і канцэпцыі перспектыўнага развіцця рэгіёнаў. З-за гэтага адбываецца дысбаланс у фінансаванні і развіцці асобных тэрыторый. Таму патрэбен збалансаваны падыход па размеркаванні бюджэтных рэсурсаў, дакладная расстаноўка прыярытэтных кірункаў і тэрыторый развіцця, пераход да больш актыўнай рэгіянальнай палітыкі... Толькі так мы зможам прыцягваць сюды інвестараў і бізнес, ствараць новыя працоўныя месцы, развіваць сацыяльную сферу і павышаць узровень жыцця насельніцтва» («Звязда», 29 сакавіка г. г.).

Як навуковец, які пражыў больш за 60 гадоў, магу ўпэўнена сцвярджаць: тое, што здаецца сёння правільным ці, кажучы навуковай мовай, аптымальным, праз пэўны час можа выглядаць зусім інакш. Хуткае развіццё грамадства, змены ў сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцці патрабуюць не толькі аператыўных, але і кваліфікаваных, адказных рашэнняў. Ні ў якім разе нельга забывацца аб тым, што памылкі пры стварэнні любых гаспадарчых аб’ектаў не выпраўляюцца, а жорстка караюцца праз неабходнасць губляць сродкі на новае будаўніцтва альбо рэканструкцыю.

Вячаслаў Сасноўскі, дацэнт, кандыдат геаграфічных навук,

г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».