Вы тут

Падаваць заяву ў ЗАГС за тры дні — позна?


З праблемай звярнулася да нас мінчанка Алена Шуцько. «Пытанне ў мяне вельмі далікатнае, — піша яна. — Датычыцца шчаслівага стварэння маладой сям’і, якая ўжо на першых кроках да гэтага адчула неразуменне з боку работнікаў сталічнага Дома шлюбу».

Сын чытачкі сабраўся ажаніцца, але аказалася, што падаць заяву не так проста.


Але пра ўсё па парадку. Не так даўно малодшы сын Алены Іосіфаўны, які вучыцца ў аспірантуры ў Германіі, зрабіў прапанову рукі і сэрца сваёй любай дзяўчыне. Дзеля гэтага ён на некалькі дзён прыляцеў з-за мяжы. Хлопец працуе ва ўніверсітэце ў горадзе Вуперталі: там аспірант абавязкова павінен працаваць. Адлучыцца з работы вельмі складана — пры ўмове згоды прафесара і толькі ў час водпуску.

Але ж хлопец неяк вырваўся, каб сустрэцца са сваёй будучай нявестай. Абмеркавалі дату вяселля — 22 верасня, пятніца. Па электроннай пошце папярэдне запісаліся. Рэгістрацыя шлюбу павінна адбыцца 22 верасня ў 11.20 у Доме шлюбу Мінгарвыканкама. «Сумесную заяву ў тэлефоннай размове ім прапанавалі напісаць пазней, таму што трэба, каб былі абое. А ў той час сын быў ужо ў Вуперталі», — тлумачыць дэталі Алена Шуцько.

У правілах аб тэрмінах падачы заявы ў ЗАГС пазначана, што сумесную заяву можна падаць за тры дні да даты шлюбу, а ў асаблівых выпадках — за дзень. Улічваючы, што колькасць дзён водпуску вельмі абмежаваная, сын чытачкі адразу ж па прыездзе аформіў адпачынак з 15 верасня. Да вяселля застаецца яшчэ тыдзень. Фармальна можна падаць заяву ў пятніцу ці суботу. Нават калі звярнуцца з заявай у аўторак (нядзеля і панядзелак у Доме шлюбу выхадныя), то да пятніцы якраз застаецца тры дні.

«Маладыя загадзя выбралі аўторак, — піша чытачка. — Аднак, каб быць больш упэўненай, нявеста вырашыла яшчэ раз удакладніць час падачы сумеснай заявы ў асабістай гутарцы са спецыялістам. Якое ж было здзіўленне, калі ёй сказалі, што аўторак — гэта ўжо позна, а ў пятніцу і суботу не прымуць, бо адбываецца рэгістрацыя шлюбаў. Адмовіліся нават паказаць залу, у якой будзе праходзіць рэгістрацыя. Сказалі, што фота ёсць на сайце, там і глядзіце. Але ж здымкі не заўсёды супадаюць з рэальнасцю».

Ці трэба казаць, што будучая нявеста ў роспачы. Пара перачытала ўжо законы: усё сыходзіцца, маладыя дзейнічаюць па правілах. Чаму тады ўзнікаюць перашкоды, здавалася б, на пустым месцы?

«У маёй маладосці ўсё не так было. Па-сапраўднаму для маладых былі адкрыты ўсе дарогі і дзверы, — дзеліцца набалелым Алена Іосіфаўна.

У пятніцу і суботу спецыялісты занятыя

У Доме шлюбу Мінгарвыканкама расказалі, што падобных забарон у іх няма.

— Каб рэгістрацыя шлюбу адбылася ў пятніцу, падаць заяву ў аўторак таго ж тыдня можна. Якраз пройдзе тры дні, гэта не позна, — запэўніла загадчыца ўстановы Юлія КОЧЫНА.

Прыйсці з заявай у пятніцу ці суботу ў тэорыі таксама можна, але ёсць свае нюансы. «У гэтыя дні ў нас ідзе ўрачыстая рэгістрацыя шлюбаў. Усе спецыялісты занятыя. Таму мы і просім прыносіць дакументы ў аўторак ці сераду, каб людзям не прыйшлося чакаць гадзіну-дзве, пакуль хтосьці з супрацоўнікаў вызваліцца і зможа прыняць заяву», — растлумачыла Юлія Кочына.

Што да асаблівых выпадкаў, у якіх заяву можна падаць за дзень да роспісу, то да іх адносяць, напрыклад, цяжарнасць, пацверджаную даведкай, ці наяўнасць сумесных дзяцей.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Справы вясельныя

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.