Вы тут

«Звязда» — мая сяброўка і дарадчыца


«...У студзені 1945-га ў час начной атакі нямецкая куля прабіла мне правую нагу ніжэй калена. Быў моцны мароз, але ж баявыя таварышы адцягнулі мяне з поля бою, перадалі санітарам. Месяц я лячыўся ў Вільні, месяц — у Маскве, паўгода — у Казахстане.


Са шпіталя ў родную вёску я вярнуўся ў 1946-м, інвалідам другой групы. Некалькі месяцаў працаваў сакратаром сельскага Савета. З многім тады прыходзілася сутыкацца, шмат што назіраць, пра асобнае хацелася напісаць, расказаць іншым. Свае нататкі я стаў дасылаць у раённую газету. Праз пэўны час мяне запрасілі туды на працу.

Але ж зараз не пра тое. Яшчэ з пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя я стаў пастаянна выпісваць, чытаць «Звязду» і супрацоўнічаць з ёй. У жніўні 1977-га маю працу нават адзначылі Ганаровай граматай, дзе ёсць такія словы: «Узнагароджваецца грамадскі карэспандэнт (далей — прозвішча...) за шматгадовае і плённае супрацоўніцтва і ў сувязі з 60-годдзем з дня выхаду першага нумара газеты «Звязда». Рэдактар — А. Тоўсцік».

Скажаце, што гэта было даўно, што многае з тых часоў змянілася? Але ж і...не змянілася таксама! Ва ўсякім разе, я ў свае амаль 92 па-ранейшаму выпісваю  газету і бывае, што пішу ў рэдакцыю «Звязды». Мая жонка Марыя (светлай памяці!) супрацоўнічала з выданнем таксама: складала вершаваныя подпісы да здымкаў на конкурс «Хто каго?» А чыталі і чытаюць газету яшчэ і мой сын, нявестка, унучка...

Невялікі, на жаль, тыраж у «Звязды», забываюцца людзі матчыну мову. А таму перад стагоддзем газеты я шчыра жадаю, каб яе выпісвалі і падтрымлівалі дэпутаты, міністры, нашы чыноўнікі ды дзеячы культуры, людзі, з якіх бяруць прыклад іншыя. І тады — нават у новых пакаленняў чытачоў, як і ў нас, — будзе добрая сяброўка і дарадчыца ў «асобе» «Звязды».

Міхаіл Чарняўскі, пехацінец, ветэран Вялікай Айчыннай вайны,

к. п. Нарач, Мядзельскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?