Вы тут

Парады для беларускіх аматараў жанру Stand-up


Гумарыстычнымі праграмамі ў жанры stand-up сёння не здзівіш еўрапейскага, расійскага і ўкраінскага тэлегледача. Праекты, асобныя праграмы, цэлыя вялікія ініцыятывы, міжнародныя фестывалі, што доўжацца некалькі дзён, становяцца ўсё больш і больш папулярнымі, прывабліваюць публіку і новых удзельнікаў, а самі стэндаперы ператвараюцца ў зорак экранаў і заканадаўцаў моды на пэўныя кірункі. У Беларусі камедыя stand-up пакуль знаходзіцца толькі на этапе зараджэння. Але ёсць добрыя навіны: у гэтай галіне ўжо заўважныя пэўныя зрухі і дасягненні. А што рабіць, калі больш няма цярпення чакаць асобнай праграмы на беларускім TV, а сэрца просіць іскрыстых жартаў, з'едлівай сатыры ды смелых вобразаў? Мы адшукалі прынамсі некалькі адказаў на гэтае пытанне.


Стаць аматарам еўрапейскіх і амерыканскіх шоу ў інтэрнэце

Натуральна, як і ўсе перадавыя з'явы на тэлебачанні, stand-up мае свае карані на захадзе. Лічыцца, што гэты камедыйны жанр зарадзіўся ў Вялікабрытаніі на мяжы XVІІІ і ХІХ стагоддзяў. На той час камедыянты выступалі ў складзе вялікай трупы мюзік-холаў поруч з танцорамі, спевакамі, цыркачамі. Першапачаткова выступленні комікаў праходзілі строгую цэнзуру, але ў сярэдзіне ХХ стагоддзя закон аб тэатры яе цалкам адмяніў, даўшы аматарам жанру поўную свабоду выказвацца на асабістыя, сацыяльныя і палітычныя тэмы. У ЗША зараджэнне stand-up камедыі звязваюць з іменем пісьменніка Марка Твэна, а неймаверны росквіт жанру адносяць да пасляваеннага часу. Аднак перыядам «буму» можна лічыць 1970-я гады, калі па ўсёй краіне з'явілася шмат тэматычных клубаў, а сам стэндап стаўся асноўным відам камедыйнага прадстаўлення.

Таму і не дзіўна, што самых яркіх і ў той жа час бязлітасных зорак stand-up варта шукаць у брытанскім і амерыканскім сегментах. Напрыклад, для пачатку можна паглядзець шоу Луі Сі Кея, Біла Косбі ці Эндзі Мёрфі.

Звярнуць увагу на расійскія і ўкраінскія шоу

Праекту StandUp Show на расійскім канале ТНТ ужо больш як пяць гадоў, але толькі сёння можна казаць пра яго папулярнасць і нават зорнасць. Комікі, з якімі можна спачатку пазнаёміцца на экране, ужо будуюць уласныя кар'еры, выступаюць з канцэртамі ў краінах СНД (і ў Беларусі таксама часта бываюць). Руслан Белы, Юлія Ахмедава, Слава Камісаранка, Ваня Усовіч, Стас Старавойтаў, Цімур Каргінаў, Нурлан Сабураў абралі для сябе пэўную тэму і стыль для выбудоўвання праграм маналогаў. Так, Юлія Ахмедава «спецыялізуецца» на тэматыцы адносін 30-гадовай адзінокай жанчыны з мужчынамі, Стас Старавойтаў расказвае пра стасункі ў сям'і пасля нараджэння дачкі, а Цімур Каргінаў і Нурлан Сабураў жартуюць пра стаўленне рускіх да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Дарэчы, ёсць сярод комікаў і беларусы (Слава Камісаранка і Ваня Усовіч), якія досыць часта расказваюць пра свае карані і жартуюць пра тое, як будуюць жыццё ў расійскай сталіцы.

Ёсць нашы і сярод удзельнікаў іншага стэндап-шоу для навічкоў «Адкрыты мікрафон», якое з цягам часу аддзялілася ад асноўнага. Так, выдатна тут дэбютаваўшы, Андрэй Калмачэўскі працягвае кар'еру ва Украіне, а Ірына Прыходзька выступае на тэлебачанні і ў фармаце афлайн у беларускай сталіцы.

Слухаць радыё ці ісці ў клуб

Дзіўна, але першае афіцыйнае стэндап-шоу ў нашай краіне з'явілася найперш на радыё. Адным з яго вядучых стаў вядомы ў вузкіх колах стэндапер, шоўмен Андрэй Макаёнак (ці не па іроніі лёсу — цёзка вядомага беларускага драматурга, аўтара камедый, якія ўжо сталіся сапраўды культавымі для нашага тэатра), а сама праграма «Пасляпятніца» выходзіць па суботах на хвалях радыё Пілот-FM. Расказаць пра тое, як рыхтуюцца яе выпускі, Андрэй пакуль адмаўляецца: надта мала часу прайшло пасля запуску праекта. Але спадзяюся, што ў хуткім часе нашы чытачы даведаюцца пра цікавосткі, пабачаць фота з бэкстэйджу.

Досыць жыццяздольным аказаўся айчынны клубны стэндап. Ледзь не штотыдзень у сталіцы, а часам і ў абласных цэнтрах, ладзяцца тэматычныя вечарынкі ў фармаце «Адкрытага мікрафона». Тут госцем і ўдзельнікам праграмы можа стаць кожны ахвочы. Варта толькі прыдумаць колькі жартаў на актуальныя тэмы ці падрыхтавацца слухаць больш ці менш смешныя выступленні. Сачыць за праграмай шоу можна праз суполку Stand-Up Unіon у сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Падпісацца на новы youtube-канал

У часы, калі кожны тынэйджар мае свайго любімага відэаблогера, з задавальненнем сочыць за іх актыўнасцю ў сеціве, а самі youtube-зоркі ў рэале здольныя сабраць цэлы гандлёвы цэнтр ці нават вялікую арэну аматараў, не сачыць за жыццём лічбавага свету выгладае маветонам. У гэтым сегменце знойдзецца чым пажывіцца і беларускім аматарам стэндапа. Зусім нядаўна на Youtube з'явіўся канал «Дома паглядзіш», дзе можна пабачыць ролікі з выступленняў айчынных комікаў.

Не так даўно Дзмітрый Нарышкін, творчы кіраўнік праекта і дзейны ўдзельнік Stand-Up Unіon расказаў у інтэрв'ю, што сярэдні паказчык праглядаў ужо выкладзеных ролікаў — каля 1500. Гэта не так і шмат, але з улікам амаль поўнай адсутнасці рэкламы і прамоцыі лічба не такая і кепская. Аўтары ўжо атрымалі станоўчыя водгукі ад гасцей вечарынак, а таксама прадстаўнікоў галіны з Расіі і Украіны.

Плануецца, што найбліжэйшым часам будуць знятыя 10 іменных выпускаў шоу, а да верасня—кастрычніка канал штотыдзень будзе папаўняцца новымі відэа. Таму поспехаў, «Дома паглядзіш»! Паглядзім?

Марына ВЕСЯЛУХА

Загаловак у газеце: Stand-up: сам-насам з мікрафонам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?