Вы тут

Новую серыю «Гульні тронаў» паказалі на вялікім экране ў музеі Азгура


Незвычайную ініцыятыву рэалізавалі кампанія velcom пры падтрымцы «Атлант Тэлекам».


Не трэба прыводзіць лішніх аргументаў таму, што серыялы даўно і трывала ўвайшлі ў нашу паўсядзённасць. З любімымі героямі кінасаг мы бавім вольныя хвіліны, за іх лёсы перажываем у перапынках паміж сезонамі, самі пераўвасабляемся, прымерваем пазнавальныя касцюмы і вобразы для тэматычных вечарынак. Таму і новая ідэя з закрытым, але публічным паказам новай серыі 7-га сезона (а ён абяцае быць заключным у гэтай доўгай гісторыі) на вялікім экране, з разнастайнымі фотазонамі, пачастункамі, сервіраванымі ў сярэднявечным стылі, і безалкагольным пуншам ды глінтвейнам у спецыяльна размаляваных кубачках была прынятая на ўра.

Больш за тое, магчымасць трапіць на паказ атрымалі не толькі прадстаўнікі СМІ, шоўмены, але і заўзятыя аматары серыяла. Так, напярэдадні быў праведзены конкурс на найлепшае пераўвасабленне ў героя сагі, білет у залу маглі здабыць і тыя, хто правільна адказаў на ўсе пытанні надзвычай складанага тэста па серыяле, размешчанага на партале tut.by.

Апроч непасрэдна прагляду серыі, удзельнікі вечарынкі маглі сфатаграфавацца на Жалезным троне ў кампаніі мужных рыцараў і бязлітасных белых хадакоў. Зрабіць сэлфі з Маці Драконаў Дайнэрыс Таргарыян ці прадстаўніцай роду Старкаў Арыяй. Для большай пераканальнасці прымерыць скуру лютаваўка і пабываць у кампаніі трохвокага крумкача. Ці не мара для фаната «Гульні...»?

Новым сезонам «Гульні тронаў» натхнілася і адна са сталічных піцэрый. Тут у дзень прэм'еры 1-й серыі прайшла тэматычная вечарынка з запрошанымі рыцарамі і героямі сагі. Гасцям прапанавалі з'явіцца ў адзенні, адпаведным каралеўскаму прыёму, а таксама частавалі стравамі з адмысловага меню «Ежа тронаў».

«Гульню тронаў» можна ўспрымаць па-рознаму. Як адлюстраванне фантазійнага свету, прыдуманага амерыканскім пісьменнікам Джорджам Марцінам у кніжным цыкле «Песня Лёду і Полымя» (дарэчы, сцэнарый апошняга сезона ён напісаў раней, чым адпаведную частку сагі, таму заўзятыя чытачы яшчэ змогуць пашукаць адрозненні ў сюжэтах). Як шэраг постмадэрновых лабірынтаў-алюзій на сучасную міжнародную палітыку. Як спробу стварыць эпічнае палатно апавядання ў жанры альтэрнатыўнай гісторыі. Вядома, што сюжэт кожнага з наступных эпізодаў серыяла трымаецца ў строгім сакрэце, а сцэнарысты ды акцёры не маюць права расказваць пра сваё бачанне сімвалаў аповеду. Але не так даўно стала вядома, што новы сезон стане пэўнага кшталту спробай пабудаваць новую версію гісторыі ЗША. Паваротным пунктам, тым самым узмахам крылаў матылька, які прывёў да кардынальных змен, стане Грамадзянская вайна паміж паўночнымі і паўднёвымі штатамі 1861—1865 гадоў. Па версіі пісьменніка і аўтара сцэнарыя, у гэтай вайне перамагла не поўнач (як было насамрэч), а поўдзень.

Думаецца, выдатна, што тэматычныя святы ды вечарынкі, натхнёныя сюжэтамі, героямі папулярных у свеце шоу ўжо перастаюць быць нечым дзіўным і для беларускай сталіцы. Гаворка не толькі пра вузкае кола аматараў, сяброў з агульнымі інтарэсамі, але і пра больш шырокія грамадскія ініцыятывы. І не абавязкова кожная з іх мае на мэце камерцыйны поспех. Важна пабыць разам з адзінадумцамі, выйсці з рэжыму камунікацыі анлайн у сацыяльных сетках і зноў вучыцца размаўляць, знаёміцца, бавіць час у рэале. Гэта таксама весела, проста і зусім не старамодна.

Марына ВЕСЯЛУХА

Загаловак у газеце: Серыял як нагода сустрэцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».