Вы тут

У Бешанковічах адкрылі навукова-вытворчы комплекс «Націвіта»


У Бешанковічах Віцебскай вобласці адбылося афіцыйнае адкрыццё міжнароднага навукова-вытворчага комплексу «Націвіта», скіраванага на выраб і вывад на рынак сучасных генерычных прэпаратаў і біяаналагаў, а таксама на ўдзел у распрацоўцы і рэгістрацыі абсалютна новых — прарыўных — інавацыйных прэпаратаў, якія істотна зменяць тэрапію цяжкіх анкалагічных захворванняў — раку малочнай залозы, лёгкіх, страўніка, скуры і іншых. Сёлета плануецца пачаць рэгістрацыю лекавых сродкаў у краінах Еўрасаюза.


Такой вытворчасці няма больш нідзе ў нашай краіне. Яна называецца ізаляванай, таму што фактычна аператар на лініі і актыўныя рэчывы не ўзаемадзейнічаюць адно з адным, а кантактуюць праз камп'ютар ды абсталяванне. Ізаляваныя ўчасткі вытворчасці лекавых прэпаратаў ёсць і на некаторых іншых фармпрадпрыемствах, аднак ізаляцыя «ад» і «да» — гэта ўпершыню.

Сучасны высокатэхналагічны комплекс спраектаваны і створаны з удзелам экспертаў-кансультантаў краін Еўрапейскага саюза і СНД. «Націвіта» вырабляе лекавыя сродкі — у таблетаванай, капсульнай і вадкай формах — па поўным цыкле паводле патрабаванняў еўрапейскага стандарту GMP.

— Мы хацелі мець вытворчасць паводле міжнародных стандартаў і арыентавацца на знешні рынак, — адзначае старшыня савета дырэктараў СТАА «Націвіта» Аляксей СЫЧОЎ. — У зоне нашых інтарэсаў выраб інавацыйных прадуктаў — біяаналагаў і першых генерыкаў, што дазволіць эканоміць грашовыя рэсурсы. Паколькі ў Еўрасаюзе іншыя патрабаванні да рэгістрацыі, чым у Беларусі, то мы цяпер актыўна працуем над рэгістрацыйнымі дасье сямі прадуктаў, якія плануем да канца года асвоіць па поўным цыкле. У першую чаргу яны будуць рэгістравацца ў Славакіі, а далей у іншых еўрапейскіх краінах. На снежань — студзень запланавана інспекцыя агенцтва лекаў Славакіі, пасля чаго першыя тры прадукты будуць пададзены на рэгістрацыю ў гэтай краіне. Акрамя таго, на ўзроўні ўрадаў нашых краін падтрымліваецца сумесны навуковы праект па распрацоўцы персаніфікаваных вакцын для прафілактыкі і лячэння раку лёгкага і малочнай залозы. Магчымасць стварэння індывідуальных вакцын у комплексе са стандартнай схемай лячэння дазваляе дабіцца лепшага выніку. Па раку малочнай залозы ўжо зараз можна прагназаваць рост выпадкаў адсутнасці рэцыдываў у 2—3 разы. «Націвіта» рэалізуе гэты праект разам з РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, Віцебскім медуніверсітэтам і славацкім навукова-даследчым цэнтрам BіoMed...

Другі праект — развіццё і ўкараненне тэхналогіі геннай тэрапіі пухліннага працэсу. Наогул у свеце толькі дзве краіны праводзяць сёння даследаванні падобнага кшталту — Кітай і Японія. Размова ідзе пра стварэнне персаніфікаваных вакцын з выкарыстаннем геннай інжынерыі. З дапамогай спецыяльнай сістэмы рэдагавання геному можна аднавіць «паламаны» геном і спыніць рост пухліны і метастазаў, што разам з прымяненнем стандартнага супрацьпухліннага лячэння істотна падоўжыць жыццё.

Сумесна з Віцебскім медуніверсітэтам «Націвіта» стварае таксама фармацэўтычны кластар і цэнтр фармдаследаванняў. З'явяцца цэнтр даклінічных іспытаў, віварый, лабараторыі малога хімічнага сінтэзу, інжынірынгавы цэнтр для адпрацоўкі вытворчых тэхналогій, працягне развівацца сучасная лабараторыя, дзе можна будзе праводзіць аналізы кантролю якасці па ўнікальных для краіны методыках. Сёлета фармкластар атрымлівае дзяржаўнае фінансаванне ў памеры 1 млн еўра. У кампаніі спадзяюцца, што дзяржава і надалей будзе актыўна падтрымліваць праекты, звязаныя з развіццём навукі, навуковымі даследаваннямі.

— У грамадстве замацаваўся стэрэатып, што айчыннае горшае, чым вырабленае ў Еўропе. Усё залежыць ад абсталявання, ад таго, як адладжаны працэс вытворчасці, — кажа Аляксей Сычоў. — Акрамя таго, за апошнія гадоў дзесяць тэхналогіі настолькі змяніліся, што ў сучасных умовах можна вырабіць першы генерык нават больш якасны, чым арыгінальны прэпарат, запатэнтаваны 10—20 гадоў таму...

Лекавыя прэпараты дзеляцца, як вядома, на арыгінальныя і генерычныя, або джэнерычныя. Генерык — гэта падобны на арыгінал прадукт. Розніца паміж імі толькі ў тым, што арыгінальны мае патэнтную абарону. У сярэднім патэнт дзейнічае з моманту падачы дакументаў каля 15—20 гадоў. Усе краіны свету зацікаўлены ў з'яўленні генерыкаў, таму што гэта зніжэнне нагрузкі на бюджэт. Такім чынам у нашай краіне стала магчымым рэгістраваць і прымяняць прадукты, якія раней не прымяняліся з-за свайго высокага кошту.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?