Вы тут

Наколькі лёгка знайсці кватэру ў сталіцы за дзень?


Не за гарамі верасень з традыцыйным «студэнцкім бумам», а гэта азначае, што рынак арэнднага жылля чакае рух. Тыя маладыя людзі, каму не пашчасціла атрымаць інтэрнат на наступны навучальны год, ужо зараз шукаюць жыллё. У ход ідуць усе сродкі — пошук арэнднай плошчы на інтэрнэт-пляцоўках, зварот да агенцтваў, нервовае перагортванне газет з аб'явамі. Карэспандэнт «Звязды» вырашыў паспрабаваць знайсці кватэру ў Мінску за суткі.


Што па чым?

Магчыма, мы яшчэ не хутка створым у краіне постындустрыяльнае грамадства, але за сем гадоў, скажу я вам, пошук кватэры значна спрасціўся. Роўна столькі гадоў таму я ўпершыню прыехаў у сталіцу як першакурснік, і перада мной стаяла задача знайсці жыллё. Тады я выдаткаваў не адзін тыдзень, без дапамогі агенцтва, выкарыстоўваючы толькі інтэрнэт і газеты з аб'явамі.

Сёння інтэрнэт-пляцоўкі па пошуку жылля значна развіліся. Акрамя таго, іх стала больш. Мой пошук пачаўся з банальнага запыту ў браўзеры «знайсці кватэру ў Мінску на працяглы тэрмін без пасярэднікаў». Адразу натыкаешся на мноства сайтаў, якія здольныя падказаць як, дзе і за колькі можна знайсці сабе кут. Рэкамендую сайты Kvа.bу, dоmоvіtа.bу, kufаr.bу, kvаdrаt.bу, kvаrtіrаdоm.bу, kvаrtіrаnt.bу, охl.bу і, вядома ж, стары добры оnlіnеr з яго барахолкай.

Кажучы аб бюджэтным сегменце арэнднага жылля, варта адзначыць, што добрых прапаноў пакуль што хапае. Так, прааналізаваўшы сайты, можна знайсці аднапакаёўку за 150—250 у.а. у месяц. Двухпакаёвую кватэру прапануюць у сярэднім за 230—300 у.а. Трохпакаёўка ў сталіцы здаецца за 270—350 у.а.

За такія сумы можна атрымаць, як правіла, інтэр'ер, які будзе нагадваць пра 70—80-я гады, радзей з «еўрарамонтам». Таксама ў гэты кошт уваходзіць мэбля, тэлевізар, кухонная тэхніка і нават пральная машына (рэдка). Чым больш абстаноўка будзе нагадваць савецкую эпоху, тым большая верагоднасць у выглядзе бонусу атрымаць добрую бібліятэку рускай і замежнай класічнай літаратуры. Варта адзначыць, што ў гэтым цэнавым сегменце кошт кватэр залежыць ад аддаленасці ад метро (як правіла чым далей, тым танней) і аддаленасці ад цэнтра горада (аналагічна). Калі гаварыць пра арэнду пакоя, то гэта можа абысціся ў суму ад 80 да 150 у.а.

У сваю чаргу кошт VІР-сегмента не залежыць ад размяшчэння жылплошчы. Напрыклад, шасціпакаёвая кватэра на вуліцы Сасновы Бор можа абысціся ў 3000 у.а. у месяц. Там будзе не толькі ўся мэбля, кухонныя прыборы, пральная машына, плазменны тэлевізар, але ўсё гэта яшчэ будзе падпарадкоўвацца пэўнай дызайнерскай ідэі. Таксама ў прыклад прывяду трохпакаёвую кватэру на вуліцы Піянерскай, якая абыдзецца ў 1750 у.а., і на вуліцы Леніна за 2500 у.а. Па фатаграфіях абстаноўка там шыкоўная. Кошт мала залежыць ад размяшчэння яшчэ і таму, што арэнда такой кватэры мае на ўвазе наяўнасць добрага аўтамабіля, для якога хутчэй за ўсё будзе прадастаўлена стаяначнае месца побач з жыллём.

На жыўца

Выдаткаваўшы час на вывучэнне прапаноў у сетцы інтэрнэт, я вылучыў для сябе некалькі варыянтаў, якія б мяне зацікавілі па цане і якасці. Аднак перада мной паўстала яшчэ адна праблема. У шэрагу выпадкаў, калі тэлефанаваў уласніку кватэры, сутыкаўся з прадстаўнікамі агенцтваў. Прычым, калі прасіў паказаць мне менавіта гэтую кватэру, агенты часта казалі, што яна ўжо здадзена, але яны могуць мне дапамагчы знайсці аналагічную жылплошчу ў тым жа раёне нават па больш нізкай цане. Праўда, перад гэтым я павінен прыехаць да іх і заплаціць пэўную суму.

Падобныя аб'явы з фотаздымкамі добрай па цане і інтэр'еры кватэры могуць «вісець» у сетцы месяцамі. Гэта сапраўды эфектыўны «шэры» спосаб для агенцтваў завабіць кліентаў. Разам з тым, калі нават і скарыстацца іх паслугамі, часцей гэты варыянт будзе нагадваць латарэю — грошы заплаціш і зусім не факт, што атрымаеш жаданае. Дарэчы, пры фарміраванні запыту ў пошукавіку варта дадаваць «без пасярэднікаў». Так на агентаў натыкаешся радзей. У выніку я знайшоў пару варыянтаў, якія б мяне задаволілі. Мне пашанцавала, бо і фатаграфіі ў інтэрнэце былі рэальнымі, у чым упэўніўся, калі зайшоў у кожную з кватэр. Аднак бывае і так, што вывешваюць у сеціва адно, а на справе чагосьці ўжо можа і не хапаць. Гэта таксама — латарэя.

Трохі прагнозаў

Прадказваць сітуацыю на рынку жылля — справа няўдзячная. Улічыць усе эканамічныя фактары вельмі складана нават для аналітыкаў. Разам з тым начальнік аддзела арэнды жылля «Твая сталіца — Агенцтва нерухомасці» Маргарыта Пачыцкая яшчэ ў пачатку лета для rеаlt.bу адзначыла, што за год цэны на арэнду глабальна не змяніліся, і вялікага ўсплёску ў жніўні-верасні мы таксама не ўбачым.

«Як такога «студэнцкага буму» хутчэй за ўсё не будзе. Як заўсёды, чакаецца звычайны працэнт прыезджых студэнтаў, якім не дасталося месца ў інтэрнаце, і яны будуць шукаць кватэры, але глабальна гэта на цэны не паўплывае», — лічыць спецыяліст.

Рынак арэнды ў Мінску завязаны не толькі на студэнтах, мяркуе рыэлтар. «Ёсць яшчэ і тыя, хто скончыў універсітэт і застаецца ў сталіцы. Нямала людзей проста едуць з рэгіёнаў уладкоўвацца на працу ў Мінск. Часцей уся гэтая актыўнасць назіраецца ў верасні. Мы чакаем невялікі рост, але хутчэй у жніўні, чым у верасні. Цэны могуць неістотна падвысіцца, але, па нашых прагнозах, не больш, чым на 5%. Гэта значыць, калі цяпер сярэднюю па спажывецкіх якасцях аднапакаёўку можна зняць за 150 у.а., яна падаражэе да 155—160 у.а. у месяц», — рэзюмавала Маргарыта Пачыцкая.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?