Вы тут

На выходных будзе цёпла і даждліва


На выхадных тэмпература наблізіцца да кліматычнай нормы, але разам з тым у краіну прыйдуць дажджы.


Пра гэта «Звяздзе» паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. У суботу ў асобных раёнах краіны можа выпасці град.

Сёння, у пятніцу, у Беларусі захаваецца цёплае надвор'е, толькі па поўдні краіны ў асобных раёнах пройдуць дажджы, месцамі — навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 8 градусаў цяпла па поўначы да 18 на поўдні. Днём паветра прагрэецца да 21—27 градусаў, а на поўдні Брэсцкай і Гомельскай абласцей слупок тэрмометра можа дасягнуць адзнакі «30».

У суботу поўдзень краіны застанецца пад уплывам франтальнага раздзелу, чакаецца няўстойлівае надвор'е. Уначы па ўсёй тэрыторыі краіны за выключэннем поўначы, а ўдзень па паўднёва-ўсходняй частцы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы і навальніцы, у асобных раёнах можа выпасці град. У цёмны час сутак прагназуецца ад 9 да 16 градусаў цяпла, удзень — 19—26, на поўдні краіны паветра ўначы прагрэецца да 17—19, днём — да 27—30 цяпла.

У нядзелю атмасферныя франты пакінуць тэрыторыю Беларусі, адпаведна, усталюецца цёплае і спакойнае надвор'е пераважна без ападкаў, толькі па поўдні магчымы кароткачасовыя дажджы. Уначы будзе 9—16 цяпла, па поўдні — да 18, удзень 22—29 градусаў. Уначы і ранкам слабы туман.

Паводле папярэдніх прагнозаў, пачатак наступнага тыдня зноў будзе неспакойны, бо ў краіну прыйдзе актыўны атмасферны фронт з тэрыторыі Заходняй Еўропы. У панядзелак ноччу па паўднёвым захадзе пройдуць дажджы, у асобных раёнах навальніцы. Тым не менш надвор'е застанецца цёплым.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Тым часам у Германіі ад стыхіі пацярпеў беларус

На беларускага кіроўцу ў Германіі звалілася фура. Здарэнне адбылося непадалёк ад горада Магдэбурга падчас урагану. Хуткасць ветру дасягала 140 кіламетраў за гадзіну. Як бачна на апублікаваным у сеціве відэа, моцны парыў перакуліў прыпаркаваны аўтамабіль разам з прычэпам, апошнім і прыціснула дальнабойшчыка. Як паведамляюць у кампаніі, дзе працуе пацярпелы, мужчыну са шматлікімі пераломамі, у тым ліку таза, даставілі ў мясцовую клініку на «хуткай». Там кіроўцу аказалі неабходную дапамогу, правялі аперацыю. Пасля дазволу нямецкіх дактароў на транспарціроўку беларуса ў суправаджэнні медработніка спецтранспартам даставілі ў НДІ траўматалогіі ў Мінску, дзе ён цяпер праходзіць лячэнне. Прагнозы медыкаў станоўчыя, дапамогу ў далейшай рэабілітацыі акажа прадпрыемства, дзе працуе пацярпелы.

Загаловак у газеце: Лета прыйшло, разам з ім — навальніцы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.