Вы тут

Хто лепшы?


«Славянскі базар у Віцебску» — гэта, безумоўна, свята ўсіх мастацтваў. Але сусветную вядомасць ён набыў менавіта дзякуючы сваёй эксклюзіўнай музычнай праграме. Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні і Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск-2017», урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю, сольныя канцэрты зорак эстрады, выступы разнастайных спевакоў, музыкаў і харэаграфічных ансамбляў нанеслі на музычную карту славянскай супольнасці Летні амфітэатр, канцэртную залу «Віцебск» і Віцебскую абласную філармонію. Сёлета спіс летніх мерапрыемстваў папоўніўся ў дваццаць шосты раз.


Спяваюць дзеці

У дзень урачыстага адкрыцця ХХVІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» на галаканцэрце агучылі пераможцу ХV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2017». Гран-пры творчага спаборніцтва (і грашовую прэмію ў памеры 5 тысяч долараў) атрымала канкурсантка ад Беларусі Марыя Магільная. І прэмія (3 тысячы долараў) дасталася прадстаўніку Арменіі Эрыку Мкртчану, ІІ прэмія (2 тысячы долараў) была падзелена паміж канкурсантамі з Балгарыі і Казахстана, ІІІ прэмія (1 тысяча долараў) — паміж выступоўцамі з Расіі і Македоніі.

Перамогу беларускай дзяўчынкі патлумачыў радыёвядучы, журналіст, прадзюсар, арганізатар нацыянальных адборачных тураў у Лацінскай Амерыцы Альберта Ларэйдзіс Пярэс Замора. Спадар Замора ў членах міжнароднага журы ўпершыню, хоць на «Славянскім базары» ўжо — у сёмы раз: раней прыязджаў на конкурс у якасці суправаджальніка і кіраўніка лацінаамерыканскай дэлегацыі.

— Сёлета ў дзіцячым спаборніцтве ўзялі ўдзел вельмі моцныя дзеці, але перамога Марыі Магільнай цалкам справядлівая, — паведаміў Альберта Ларэйдзіс Пярэс Замора пасля ўручэння ўзнагароды. — У першы і другі дзень конкурсу выдатна выступілі ўдзельнікі ад Беларусі і Арменіі. Менавіта паміж імі ішла барацьба за Гран-пры. Вырашальным для журы стала тое, што Маша Магільная нават у такім маладым узросце ўжо гатовая для сцэны артыстка, а з Эрыкам Мкртчанам, нягледзячы на тое, што ён надзвычай таленавіты і здольны хлопец, яшчэ ёсць, над чым працаваць.

Сапраўды, за свае 12 год магіляўчанка Марыя Магільная, вядомая беларусам па ўдзеле ў Нацыянальных турах «Дзіцячага Еўрабачання» 2015 і 2016 гадоў, паспела зрабіць сапраўдную кар’еру спявачкі. Яна стала лаўрэатам І прэміі міжнародных вакальных конкурсаў Беларусі, Чэхіі ды Латвіі, атрымала прыз «Сімпатыі журы» фестывалю «Пакаленне NEXT» у Расіі і Гран-пры Міжнароднага музыкальнага фестывалю «Little Shells» у Сербіі. Валодаць сцэнічнай прасторай на «выдатна» дзяўчыне дапамаглі шэсць год наведвання Тэатра мод Таццяны Палазковай, а таксама досвед ўдзелу ў канцэртных праграмах не толькі ў якасці выканаўцы, але і вядучай.

Страсці па Гран-пры

А вось Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2017» сёлета застаўся без галоўнай узнагароды: Гран-пры (адпаведна, і 20 тысяч долараў) журы вырашыла не прысуджаць нікому. Асноўнай інтрыгай конкурсу стала барацьба за першае месца паміж Уладам Сытнікам і Ягорам Шаранковым. За два дні фінальнага спаборніцтва абодва ўдзельнікі набралі 151 бал. Пасля абмеркавання члены міжнароднага журы аддалі І прэмію ўкраінскаму спеваку Уладу Сытніку, ІІ прэмію — беларусу Ягору Шаранкову. Дарэчы, уладальніцу ІІІ прэміі Невену Бажовіч (Сербія) ад змагання за перамогу аддзяляў толькі адзін бал: выніковая адзнака сербкі — 150 балаў. Прыкладам, калі б хто-небудзь з журы ў адным з тураў паставіў ёй дзясятку замест дзявяткі, на закрыцці «Славянскага базару» магла б стацца зусім іншая гісторыя...

Акрамя другога месца, дзевятнаццацігадовы беларус Ягор Шаранкоў атрымаў спецыяльную прэмію імя Уладзіміра Мулявіна за найлепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы і высокае выканальніцкае майстэрства, а таксама спецыяльны прыз Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі (разам з прадстаўніцай Расіі Ліліяй Вельтман). Каштоўным здабыткам можна лічыць і асабістую пахвалу старшыні міжнароднага журы заслужанай артысткі Балгарыі Ярданкі Хрыставай: «Сёлета на “Славянскім базары” з’явіўся новы малады талент. Нягледзячы на тое, што гэта адзін з наймаладзейшых удзельнікаў, ён артыстычны, мае вельмі прыгожы тэнар ды яркую індывідуальнасць. На мой погляд, Ягор Шаранкоў заслугоўвае Гран-пры». Нягледзячы на некаторыя несупадзенні ў поглядах (вядома, розныя артысты па-рознаму ацэньвалі намаганні канкурсантаў), унутры журы панавала добрая атмасфера. На заключным пасяджэнні большасць прагаласавала за прысуджэнне першага месца Уладу Сытніку, і перамога ўкраінца цалкам заслужаная. Улад Сытнік — уладальнік моцнага голасу, выпрацаванай выканальніцкай манеры, мае сцэнічны досвед і, безумоўна, талент.

— Мне спадабаліся выступленні многіх канкурсантаў, — падзяліўся меркаваннем Улад Сытнік. — Балгарыя, Італія, Расія, Сербія, Харватыя — цяжка вылучыць кагосьці аднаго, бо ўсе ўдзельнікі надзвычай годныя. Ні ў якім разе не хацеў бы апынуцца на месцы журы: кожны выступоўца па-свойму моцны, і параўноўваць паміж сабой выканаўцаў вельмі складана.

Згодная з ім і старшыня журы Ярданка Хрыстава. Падчас прэс-канферэнцыі яна падкрэсліла, што сёлета канкурсанты паказалі вельмі высокі ўзровень вакальнага майстэрства. Усе спевакі маюць добрую музычную адукацыю і фестывальны досвед, таму вылучыць сярод іх лепшых было цяжка. Калі нельга адразу назваць пераможцу сярод удзельнікаў конкурсу — значыць, спаборніцтва сапраўды вартае ўвагі. Каб патлумачыць некаторыя рашэнні журы, спадарыня Хрыстава згадала, што былі спевакі, якія бездакорна выконвалі кампазіцыі падчас рэпетыцый, але на канцэрце пачыналі хвалявацца і ў выніку дапускалі невялікія хібы. Калі гэта было амаль незаўважна і не псавала агульнае ўражанне ад выступу, журы не зніжала балы, бо ведала, што канкурсант здольны.

— Далейшае развіццё конкурсу залежыць ад ўзроўню спевакоў, якія прыедуць у Віцебск у наступныя годы, — зазначыла заслужаная артыстка Балгарыі Ярданка Хрыстава.

Фестываль не мае межаў

Ансамбль «Аліло» на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску.

Штогод віцебская «алея зорак» (дакладна — плошча лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) узбагачаецца на новае імя. Трынаццатай у спісе лаўрэатаў прэміі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» стала народная артыстка Грузіі і Расіі Тамара Гвердцытэлі. У Віцебск уладальніца непаўторнага голасу прыязджае яшчэ з тых часоў, калі знакаміты «Славянскі базар» быў Усесаюзным фестывалем польскай песні. За гэты час Тамара Гвердцытэлі неаднаразова брала ўдзел у фестывальных мерапрыемствах і ў якасці спявачкі, і як член міжнароднага журы конкурсу маладых выканаўцаў. Ці не лепшы ўзор таго, што «Славянскі базар» сапраўды не мае межаў?

Тамара Гвердцытэлі — не адзіная «зорка» Грузіі, што прыехала на фестываль у 2017 годзе. У Віцебскай абласной філармоніі з неверагодным поспехам выступіў грузінскі ансамбль «Аліло»: артысты так спадабаліся гледачам, што апладысменты не згасалі і пасля таго, як хор выканаў дадатковую песню на біс. Калектыў, дзе сабраныя прадстаўнікі розных рэгіёнаў Грузіі, знаёміў беларусаў з традыцыйнымі шматгалоснымі (поліфанічнымі) спевамі, спалучэннем народнага і гарадскога фальклору. Разынкай іх выступу стала народная песня «Чакруло» — адна з 27 кампазіцый, якія ў 1977 годзе выправіліся ў космас як узор музычных здольнасцяў чалавецтва ў межах амерыканскай касмічнай праграмы «Ваяджэр».

Назва калектыву, «Аліло», — гэта віншаванне з Калядамі, слова, якое грузіны кажуць адзін аднаму ў Новы год. Чатырнаццацігадовы ансамбль «Аліло» на «Славянскім базары» ўпершыню, але артысты вядомыя ў Грузіі і шмат гастраліруюць па Расіі і Еўропе. Выступоўцы расказваюць, што на радзіме яны — частка паўсядзённага жыцця краіны: «Нельга ўявіць Грузію без фальклору. Нашы людзі жывуць з фальклорам, гэта традыцыя, таму мы часта ўдзельнічаем у розных праграмах і фестывалях, здымаемся на тэлебачанні».

— Мы хочам захаваць кантакты з Беларуссю, прыязджаць сюды і надалей, таму што Беларусь — добрая краіна з вельмі адкрытымі людзьмі — нам вельмі спадабалася, — падзяліліся ўражаннямі артысты ансамбля «Аліло».

У праграме «Фестываль без межаў» выступіў Дзяржаўны акадэмічны ордэна Дружбы народаў ансамбль танца «Алан» (Рэспубліка Северная Асеція — Аланія), а таксама адбыўся гала-канцэрт майстроў мастацтва Ізраіля, які распачаў член журы Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2017», саліст Ізраільскай оперы і Ізраільскага філарманічнага аркестра пад кіраўніцтвам Зубіна Меты Фелікс Ліўшыц.

Дзень Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі адзначылі юбілейным канцэртам ансамбля «Сябры». У памяць народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча арганізавалі канцэрт «У дзень народзінаў артыста». На сцэне Летняга амфітэатра маштабна прайшлі гала-канцэрт папулярных маладых выканаўцаў «Я люблю festываль!» і спевакоў з усяго свету «International voice in Vitebsk», юбілейны канцэрт «Аляксандр Зацэпін. Ёсць толькі імгненне…», канцэрты «Вітае Украіна», «Залаты хіт», «Шансон ТВ — усе зоркі». Аншлаг сабралі сольныя выступы Грыгорыя Лепса, Стаса Міхайлава, Валерыя Меладзэ.

XXVI Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» 19 ліпеня завяршыў канцэрт групы «Сплін» з праграмай «Ключ да шыфру».

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».