Вы тут

На ўчастках вашых растуць зусім не клубніцы


Вы нідзе не знойдзеце клубнічнага варэння. Ды і ў магазінах, і на рынках такой ягады не бывае. І больш за тое, на ўчастках вашых растуць зусім не клубніцы. Справа ў тым, што пад такой назвай у нас ведаюць буйныя садовыя суніцы. Клубніцы ж, насамрэч — зусім іншы від з больш дробнымі мускатнымі ягадамі — зараз у садах амаль не сустракаюцца.


А так любімыя намі садовыя суніцы з'явіліся ўсяго ў XVІІІ стагоддзі. Прычым атрымалася такая культура сама па сабе, калі выпадкова пераапыліліся паміж сабой суніцы віргінскія і чылійскія. Буйныя духмяныя ягады адразу ўпадабалі садаводы.

Між іншым, нашы бабулі раней называлі гэту культуру яшчэ і вікторыяй, усё з-за таго, што некалі быў сорт з такой назвай.

Сёння мы завітаем у самае салодкае сэрца Беларусі. Падумаць толькі: у сунічнай калекцыі Інстытута пладаводства каля 170 сартоў! Вучоныя пільна сочаць за раслінамі і вызначаюць, якія з «замежнікаў» вартыя ўвагі айчынных садаводаў. Прычым, перш чым які з сартоў будзе рэкамендаваны вытворцам, назіранне за ім працягнецца гады!

На жаль, часта бывае, што фермеры закупляюць заморскія цуда-сарты, а пасля, калі расліны пачынаюць хварэць ці вымярзаць, звяртаюцца да вучоных па дапамогу. Многія завезеныя цеплалюбівыя суніцы не спраўляюцца з непрадказальнымі беларускімі зімамі, якія да таго ж часта бываюць і без снегу, з рэзкімі перападамі тэмператур.

Справа ў тым, што «замежнікам» варта ствараць асаблівыя ўмовы, прычым пад кожны сорт падбіраць сваю тэхналогію. Акрамя таго, суніцы замежнай селекцыі маюць патрэбу ў інтэнсіўным доглядзе, тут патрабуецца многа хімічных апрацовак, павышаныя дозы ўгнаенняў.

Каб не прагадаць з расадай суніц, пры выбары сорту трэба прытрымлівацца дзяржрэестра (дарэчы, яго можна знайсці і ў інтэрнэце).

«Пажадана мець сарты рознага тэрміну выспявання. У выніку можна працягнуць сезон спажывання ягад на 1,5—2 месяцы, тым больш што сёння ёсць суніцы ўльтрараннія і познія, — заўважае старшы навуковы супрацоўнік Інстытута пладаводства Наталля Клакоцкая. — А каму і гэтага недастаткова, можна парэкамендаваць рэмантантныя суніцы. На жаль, пакуль мала такіх сартоў уваходзіць у рэестр, можна ўспомняць «Альбіён».

Сярод сартоў, якія сёння вучоныя прапануюць аматарам і вытворцам, Кокінская ранняя — сорт стары, але затое правераны — вельмі добра пераносіць нашы зімы. Праўда, ягада ў яго невялікая, але надта смачная. А вось Кокінская зара — адна з апошніх зімаўстойлівых расійскіх навінак перададзеных у дзяржрэестр — парадуе раннім дружным ураджаем буйных ягад. З сярэдніх сартоў нядаўна перададзены ў рэестр расійскі Славуціч, што адрозніваецца асаблівым водарам ягады, які падобны на пах лясных суніц.

Між іншым, сярод плюсаў расійскіх і беларускіх ягад менавіта смак. Ёсць розныя кірункі ў селекцыі. Так, на Захадзе больш увагі ўдзяляюць знешняму выгляду, маўляў, цукар можна дадаць і ў талерку. А вось мы, славяне, хочам салодкіх духмяных суніц. Праўда, айчынным селекцыянерам давядзецца яшчэ папрацаваць са шчыльнасцю ягады, далікатныя суніцы падабаюцца аматарам, але для вытворчасці патрэбны транспартабельны тавар.

Сярод беларускіх сартоў нельга не ўспомніць пра ўраджайныя буйнаплодныя Славяначку, Купаву і Чырвоны бераг, апошні пераважна падыходзіць для коўдравага вырошчвання, бо дае вялікую колькасць вусоў.

Дарэчы, любы ахвотны можа патрапіць на сунічную плантацыю Інстытута пладаводства, пачаставацца пладамі розных сартоў і пры гэтым пачуць парады вядучых беларускіх вучоных. У межах года навукі Інстытут пладаводства прымае гасцей на працягу ўсяго сезона, больш за тое, для аматараў садаводства ладзяцца практычныя заняткі і салодкія фестывалі. Так, на канец чэрвеня запланаваны сунічны фестываль, на якім вы зможаце пакаштаваць не толькі свежыя ягады, але і розныя прысмакі, якія вырабляюцца з суніц, у тым ліку смузі і чаі.

Сунічныя правілы

Хто спрабаваў вырошчваць суніцы з насення, разумее, наколькі складаная гэта справа. Надта ўжо далікатныя ўсходы ў гэтай культуры. Дарэчы, не варта спакушацца на прыгожыя малюнкі на пакеціках з насеннем. Мала шанцаў, што вы атрымаеце менавіта такую ж расліну, нашчадкі могуць і не пераняць бацькоўскіх прымет.

Ды і пасадачны матэрыял не трэба набываць у неправераных кропках. Няякасная расада — гэта яшчэ паўбяды. Куды горш, калі такім чынам вы набудзеце і сур'ёзныя праблемы. Так, як папярэджвае Наталля Васілеўна, з сумнеўным пасадачным матэрыялам можна занесці вірусы, нематоду, каранёвыя гнілі і іншае. І калі з асобнымі напасцямі можна пазмагацца пры дапамозе розных прэпаратаў, то, напрыклад, на сунічнай плантацыі верціцыліёз вам наўрад ці атрымаецца перамагчы. А гэтае захворванне апошнім часам стала вельмі распаўсюджаным. Лісты ўсыхаюць, расліна вяне і быццам правальваецца ў зямлю. Адразу ж такія кусцікі трэба выдаляць, і на гэтым месцы суніцы нельга вырошчваць на працягу 3—4 гадоў. На такі ж час давядзецца забыць пра вырошчванне салодкіх ягад, а яшчэ і бульбы, і там, дзе завялася нематода. Хутчэй за ўсё менавіта яе ўздзеянне вы назіраеце, калі расліна згасае, кусты карлікавыя, сцябліны патаўсцелі, сталі пузырыстыя, лісты маршчыністыя.

Пры выбары месцаў для суніц улічвайце, што іх нельга садзіць пасля паслёнавых, лямцавай вішні, абляпіхі. Лепшыя папярэднікі — зеляніна, гарчыца, тагетэсы. Між іншым, аксаміткі шырока распаўсюджаны ў Германіі ў севазваротах, гэта культура добра аздараўляе глебу. Календула, пасаджаная побач з суніцамі, засцеражэ ад нематоды. Не садзіце суніцы побач з малінай, бо ў абедзвюх гэтых культур ёсць аднолькавы вораг — даўганосік.

І выбірайце для ягад асветленыя ўчасткі, бо зацянення яны не пераносяць. Хіба што на такіх мясцінах можна садзіць дэкаратыўныя суніцы з ружовымі кветкамі.

Апошнім часам у Еўропе ўсё больш папулярнай становіцца расада «фрыго» — гэта расліны, якія выкопваюцца позняй восенню і захоўваюцца ў халадзільных камерах. Адна з яе пераваг у тым, што садаводы могуць самі выбіраць час для пасадкі і пралічваць тэрміны, у якія хочуць атрымаць ураджай. Прычым на захадзе ў цяпліцах такую расаду можна высаджваць круглы год і збіраць салодкія ягады нават у сярэдзіне зімы. Праўда, каштуе яна дорага і мае патрэбу ў спецыяльных тэхналогіях.

Для тых жа садаводаў, якія аддаюць перавагу «традыцыйным» спосабам, пры выбары раслін трэба ўлічваць, што ў якаснай расады дыяметр стручка не меней за 10 міліметраў, даўжыня каранёвай сістэмы не меней за 5 сантыметраў. У свежавыкапаных вясенніх кусцікаў павінна быць не менш за два лісточкі, асенніх — тры. А далей ужо справа тэхнікі — важна пры пасадцы не заглыбляць сардэчка, каб яно не пачало загніваць. У той жа час кропка росту не павінна выпіраць, каб не агалялася каранёвая сістэма, тады расліна можа падсыхаць, дрэнна развівацца. Нельга падварочваць, загібаць карэнне. І, безумоўна, каб атрымаць добры ўраджай, расліны трэба карміць.

— Угнаенні пажадана даваць нават пад папярэдніка, так, перапрэўшы гной лепш унесці яшчэ за год да будучых пасадак, — расказвае Наталля Васілеўна. — Недахоп угнаенняў уплывае на ўраджайнасць, буйнаплоднасць, накапленне карысных рэчываў у ягадзе. Важна і не перастарацца з падкормкамі. Напрыклад, лішак азоту зніжае цукровасць пладоў.

— Калі глебы на ўчастку кіслыя, ці азначае гэта, што там вырастуць кіслыя ягады?

— Суніцы не пажадана вырошчваць на такіх землях, ім патрэбны слабакіслыя. Папраўляюць кіслотнасць даламітавая мука, вапна, мел. Іх лепш уносіць за год-два да пасадкі. Калі не хочацца прымяняць хімію, можна вырошчваць сідэраты. Калі зямля безнадзейна кіслая — лепш садзіць іншыя культуры, напрыклад хвойнікі. На Беларусі багата выпрацаваных тарфянікаў — гэта ідэальнае асяроддзе для вырошчвання бруснічных, у Злучаных Штатах людзі спецыяльна ствараюць такія ўмовы для садаводства, а ў нас гэта прыроднае, натуральнае. Калі вы ўсё ж пасадзіце суніцы на кіслых глебах, ягады на іх не будуць кіслымі. Смак залежыць ад генетычных асаблівасцяў сорту і ўмоў надвор'я. Але расліна будзе пакутаваць і можа не даць ураджаю. Гэта ўсё роўна, што трымаць ў халодным пакоі чалавека і правяраць, якая ў яго кроў.

— Сунічнік добра квітнее, а ягад пасля на ім няма. Што рабіць?

— Хутчэй за ўсё у вас завялася расліна, празваная ў народзе «жмуркай», яна добра квітнее, але ягад не завязвае. Такім пустазеллем можна абзавесціся, калі набываць расаду ў неправераных месцах. Акрамя таго, не забывайцеся, што сунічныя плантацыі служаць нядоўга, кожныя тры гады іх трэба мяняць, бо расліны страчваюць свае плодастваральныя здольнасці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Не клубніцы гэта!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.