Вы тут

На выхадных у Мінску паказваюць «нефільтраванае» кіно


Гэта пачалося ўчора. «Пошук квінтэсэнцыі аўтарскага кінематографа», альбо яшчэ адна выдатная прыватная ініцыятыва ў беларускай кінапрасторы. У Мінску распачаўся Фестываль «нефільтраванага» кіно, які прадстаўляе конкурсную і пазаконкурсную праграмы кароткаметражных фільмаў, а таксама арганізуе майстар-класы і сустрэчы з рэжысёрамі. Мерапрыемствы, разлічаныя на тры дні, з 21 да 23 ліпеня, канцэнтруюцца ў асноўным у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў і ў арт-прасторы «Мёд».


На Фестываль «нефільтраванага» кіно, каб прадставіць свае фільмы і ў нефармальнай абстаноўцы паразмаўляць з гледачамі, прыехалі рэжысёры з Індыі, Карэі, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі, Чэхіі, Турцыі, Германіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Кубы, Польшчы, Лівана. Праграма складаецца з кароткаметражных работ незалежных аўтараў, конкурсы праводзяцца сярод эксперыментальных кінастужак і анімацыі, дакументальных і ігравых фільмаў.

Кажуць, праект бярэ пачатак з практыкі перадпраглядаў, якія праводзіў міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно Сіnеmа Реrреtuum Mоbіlе. Перадпрагляды, арганізаваныя паказы «нефільтраванага» кіно, а цяпер яшчэ і Фестываль становяцца месцам даследвання візуальнай аўтарскай культуры і спосабаў выказвання ў гэтай прасторы.

Учора Фестываль «нефільтраванага» кіно пачаўся з сустрэчы з іспанскім кінакрытыкам, сцэнарыстам, рэжысёрам, выкладчыкам сцэнарнага майстэрства ў Пражскай кінашколе Дыега Фандасам. У Цэнтры сучасных мастацтваў паказалі конкурсныя праграмы эксперыментальных кінастужак і анімацыі і распачалі пазаконкурсныя паказы «нефільтраванага» кіно. Сёння а 16-й гадзіне ў НЦСМ будзе дэманстравацца конкурс дакументальных работ, а ў 18 гадзін — конкурсная праграма ігравых фільмаў. А палове дзясятай у арт-прасторы «Мёд» можна паглядзець альбо працягнуць прагляд «нефільтраванага» кіно. Заўтра, у нядзелю, а 12-й гадзіне ў музеі Азгура пройдзе майстар-клас па здымках кароткаметражных фільмаў ад госця са Злучаных Штатаў Майкла Флорэса. А ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея а палове дзясятай вечара адбудзецца кінапаказ на адкрытай прасторы «Урбан Сінема Віжн».

З'яўленне Фестывалю «нефільтраванага» кіно пацвярджае тэндэнцыю прыватнай актыўнасці і энтузіязму ў справе арганізацыі мерапрыемстваў, дзе паказваецца кіно. Апошнім часам апроч гіганта сярод беларускіх кінафестываляў, то-бок форуму «Лістапад», вырасла шмат альтэрнатыў, якія робяць акцэнт на выдзеленай геаграфіі (як Фестываль кіно паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне»), на асаблівым кірунку кінамастацтва (кароткаметражнае кіно на Сіnеmа Реrреtuum Mоbіlе) альбо на незвычайным спосабе прагляду (як Фестываль сучаснай музыкі і нямога кіно «Кінемо»).

Фестываль можа за кароткі тэрмін даць разуменне, што сабой уяўляе тая частка кіно, якая ў процівагу камерцыйнай кінаіндустрыі ствараецца маленькімі сродкамі дзеля аўтарскага выказвання (што распаўсюджана апошнім часам) і пра што аўтары з розных частак свету (а геаграфія ўдзельнікаў «Няфільтра» сапраўды шырокая) імкнуцца сказаць.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Тое, што ты робіш сам

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Размова пра сучаснае стаўленне да культуры, гастролі Купалаўскага тэатра ў савецкія часы і здымкі ў фільме «Ідзі і глядзі».

Грамадства

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Аляксандра Папова ў Мсціславе ведаюць усе.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.