Вы тут

Удзельніца фестывальных «гарадоў майстроў» пра сакрэты аптымізму


Алене Васілеўне ніхто яе ўзрост не дае. Заўсёды дагледжаная вясковая жанчына, якая займаецца агародам і гаспадаркай, мае даўняе хобі, выглядае... ну як наваспечаная пенсіянерка. Але сама яна ўзрост не хавае.


— Нарадзілася я ў 1944 годзе, яшчэ да вызвалення, — расказвае Алена Капліч. — Немцы ў вёсцы стаялі. На святкаванне хрэсьбін прыйшлі некалькі салдат, падпілі і так нованароджаную пад столь падкідвалі, што бацькі апасаліся, каб не забілі дзіця... А потым гэтыя немцы, ну, можа, не гэтыя, іншыя, з карнага атрада хату нашу спалілі. Тады многа яны спалілі дамоў пры адступленні. Партызаны ў нашых краях дзейнічалі. Вось нагараваліся мае бацькі. Жыць даводзілася ў розных сваякоў, пакуль адбудаваліся.

Працаваць у полі, дапамагаць маці дзяўчынцы прыйшлося змалку. Ну і потым, колькі сябе помніць, усё жыццё працавала. З мужам дзяцей гадавалі, сваю вялікую гаспадарку трымалі, і на асноўнай рабоце яна ў адстаючых ніколі не хадзіла. Шмат гадоў адпрацавала Алена Васілеўна ў вясковым магазіне. За той перыяд мае медаль «За працоўную доблесць» і знак «Выдатнік савецкага гандлю». І вышываць любіла з маладых гадоў, але па-сапраўднаму занялася любімай справай, калі выйшла на пенсію.

Гасцёўня дома гаспадыні з Лутаўня нагадвае невялікі этнаграфічны музей. Сталы, крэслы аздоблены вышыванкамі, сурвэткі, ручнікі, абрусы, падушкі — усё расквечана іголкай. «Вось гэтую падушку, — паказвае Алена Васілеўна, — я вышывала гадоў сорак таму. А вось апошнія, вясельныя, ручнікі». Потым дадае, што на вясельным ручніку трэба вышываць не кветкі, а ягады, напрыклад рабіны, каліны, як сімвал урадлівасці. Так прабабулі рабілі.

У апошнія гады Алена Капліч захапілася ткацтвам. Станкі ў доме захаваліся, вось і тчэ сама палотны на ручнікі, а потым вышывае іх альбо аздабляе плеценымі карункамі.

— Калі ж вы ўсё паспяваеце? — агледзеўшы творы вясковай майстрыхі, не ўтрымліваюся ад банальнага пытання.

— Так, агарод у мяне вялікі, свіней, курэй трымаем. Муж хварэе, на жаль, дапамагчы па гаспадарцы не можа, сама спраўляюся, — расказвае жанчына. — Дзень мой пачынаецца ў пяць гадзін. З пяці да васьмі працую на агародзе. А потым прыйду і гадзіны дзве праводжу за вышыўкай. Тым самым нібы святкую пачатак дня. Ведаеце, гэта для мяне асалода — шыю, і душа радуецца. Каб магла, здаецца, есці б не варыла, не прыбірала ў хаце, а ўсё вышывала б... Так некалькі разоў на дзень выкройваю гадзінку на любімую справу. І дзень хутка праходзіць. Зімой, вядома, больш часу.

— А як удаецца трымаць сябе ў такой добрай форме?

— Не ведаю, усё хуценька, усё бягом, час за мной не паспявае, — смяецца суразмоўніца. — А калі сур'ёзна, нядаўна чытала, што ў таго, хто рэгулярна вышывае крыжыкам, зрок паляпшаецца, увесь час вока трэніруецца: уверх — уніз. Зноў жа, кажуць, вышыўка нервы супакойвае.

А Ніна Кіслюк, мастацкі кіраўнік Сінкевіцкага дома культуры, гаворыць, што Алена Васілеўна па натуры вялікі аптыміст. І ў яе, як ва ўсялякага чалавека, бываюць розныя сітуацыі. Але яна ўмее, як раяць псіхолагі, выцягваць сябе з любой непрыемнасці, не дазваляе сабе ўпадаць у роспач. І ўсё ў яе атрымліваецца. Можа, таму яе творы падабаюцца людзям, што яны знутры напоўненыя аптымізмам.

Майстрыху з Лунінеччыны Алену Капліч пастаянна запрашаюць на розныя фестывалі. «У 2009 годзе была на рэспубліканскіх дажынках у Кобрыне, — пералічвае вышывальшчыца. — Летась «Вясновы вянок» у Мінску, фестываль «Бездзежскі фартушок», зусім нядаўна — «Ружанская брама», а на Дзень Незалежнасці ў Брэсце прэзентавалі наш фэст «Лунінецкія клубніцы». Клубніцы для Лунінца — асаблівая тэма. Таму сурвэтак, ручнікоў з брэндавай ягадай яна вышывае многа, для падарункаў і сувеніраў. У Алены Васілеўны цэлая сцяна занятая дыпломамі за ўдзел у розных фестывалях. Ёсць адзнакі і свайго Лунінецкага райвыканкама. Тут яна нязменны ўдзельнік усіх свят.

— Во і цяпер на «Ружанскай браме» нейкі мужчына падышоў да выставы і засумняваўся: «Хіба гэта вышыванка ручной работы? Гэта ж фабрычная вышыўка». Яго змагла пераканаць у адваротным толькі ўласная жонка, калі ўважліва разгледзела работу.

Сапраўды, некаторыя арнаменты так скрупулёзна вышытыя, а галоўнае — на адваротным баку не пакінута ніводнага вузельчыка, што іх можна прыняць за машынную вышыўку. Але машынай майстрыха нават не падрублівае край ручніка альбо сурвэткі — усё робіць уручную.

Аказваецца, галоўны крытык, дарадца і памочнік нашай гераіні ў яе любімай справе — муж Аляксей Фаміч. Не раз пасля яго прагляду жонка мяняла тон альбо нават колер нітак, перарабляла наноў і ўпэўнівалася, што атрымалася сапраўды лепей. Так было нядаўна, калі аздабляла ручнік з сінімі кветкамі, а беражок зрабіла крыху іншага адцення. Муж падышоў і забракаваў. Перарабіла і ўбачыла, што выйшла прыгажэй.

У Алены Капліч уся сям'я творчая. Сын, які жыве і працуе ў Мікашэвічах, захапляецца разьбой па дрэве, вырабляе сувеніры з паперы. Яго дачка нядаўна зацікавілася вышываннем. А вось унучка (дачка Каплічаў жыве ў Маскве) бабуліна хобі не падзяляе. Яна займаецца вывучэннем замежных моў, дзіця інфармацыйных тэхналогій і вялікага горада. Але штогод праводзячы частку канікул у Лутаўні, унукі з'язджаюць з вышытымі сувенірамі. А бабулі і ў радасць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Лунінецкі раён

Загаловак у газеце: Ад чаго душа радуецца

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.