Вы тут

Беларускія мульцікі-казкі паедуць у Сербію


Ужо на наступным тыдні — з 25 да 29 ліпеня — у сербскім горадзе Нішы пройдзе V Міжнародны фестываль Соnstаntіnе's gоld соіn, які на бясплатных паказах у кінатэатрах і на пляцоўках пад адкрытым небам паказвае анімацыю з усяго свету. У асноўную конкурсную праграму ўваходзіць каля двухсот анімацыйных работ (адабраных з шасцісот), сярод якіх — тры карціны кінастудыі «Беларусьфільм».


«Вясна ўвосень».

Так атрымліваецца, што ўжо цягам, здаецца, бясконцасці мы не робім стаўкі на ігравыя карціны нацыянальнай кінастудыі, затое з цікавасцю чакаем яе дакументальных і анімацыйных фільмаў, якія часцей адзначаюцца і міжнароднымі кінафестывалямі. Гэтую «формулу» я чула ад беларускіх кіназнаўцаў яшчэ падчас заняткаў у інстытуце, пасля чаго ўсё ж спадзявалася паглядзець выдатную ігравую беларусьфільмаўскую карціну, але калі гэта і здаралася, то гаворка ішла пра капрадукцыю. Праўда, не так даўно з'явілася навіна пра знятую на «Беларусьфільме» ігравую карціну «Салодкае развітанне Веры» Аляксандры Бутар, якая атрымала залаты прыз «Рэмі» ў адной з намінацый на х'юстанскім кінафестывалі WоrldFеst-Hоustоn у ЗША, але ў мяне няма тлумачэння, як гэты фільм атрымаў узнагароду трэцяга па значнасці міжнароднага кінафестывалю Паўночнай Амерыкі.

Затое паслужны спіс знаходлівых, маляўнічых, метафарычных анімацыйных работ нацыянальнай кінастудыі не выклікае пытанняў. У Сербію гэтым разам едуць фільмы «Якія сны сніць мядзведзь» Руслана Сінкевіча, «Вясна ўвосень» Таццяны Кубліцкай і «Нянеччыны казкі» Алены Пяткевіч. Першы — зняты, дарэчы, маладым аўтарам — ужо паспеў паказацца на кінафестывалях, у тым ліку на нашай тэрыторыі: на фестывалі беларускага кіно «Бульбамуві» і Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад». На форуме «Залатая рыбка» ў Сочы мультфільм атрымаў прыз прафесійнага журы. «Вясна ўвосень» таксама мае свой фестывальны лёс: карціна атрымала ўзнагароду за найлепшы сцэнарый на Міжнародным форуме анімацыйных фільмаў у Каіры, прыз за найлепшае выяўленчае рашэнне на міжнародным фестывалі анімацыйных і мастацкіх фільмаў «Залатая архідэя» ў Флорыдзе, дыпломы сёмага Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў GОLDЕN KUKЕR у балгарскай Сафіі і міжнароднага конкурсу анімацыйных фільмаў кінафестывалю «НОЛЬ ПЛЮС» у расійскай Цюмені. «Нянеччыны казкі» — зусім свежы мульцік, студыя анімацыйных фільмаў прадставіла яго якраз сёлета.

Усе тры, можна сказаць, уяўляюць сабой казкі для дзяцей, прычым, што цікава, у кожным з іх некага будзяць — сонейка, мядзведзя ці «злоснага» пітбуля. «Вясна ўвосень» заснавана на казцы Уладзіміра Караткевіча, у якой дзяўчынка ідзе клікаць сонейка, каб яно пасвяціла яе хвораму брату ў акно. Да яе далучаюцца прадстаўнікі беларускай флоры і фауны, таму што маленькі хлопчык ніколі нікога не крыўдзіў, а, наадварот, клапаціўся пра навакольны свет, і разам яны ўвосень будзяць сонейка, у выніку чаго хвароба хлопчыка адступае.

«Нянеччыны казкі» адсылаюць да братоў Грым: дзяўчынцы, якая не можа заснуць, распавядаюць «страшную» гісторыю пра дзяцей дрывасека, якія заблукалі ў лесе і трапілі ў дзіўны свет казачнікаў. Чарадзейныя істоты ахоўваюць блукаючых дзяцей і прыводзяць іх у дом добрай чараўніцы, дзе госці бачаць розныя дзівосы, напрыклад пітбуля, які шые на швейнай машынцы.

Нарэшце, карціна «Якія сны сніць мядзведзь» не адсылае да канкрэтнай казкі, затое стварае яе на аснове беларускага абрада (камаедзіцы), звязанага з неабходнасцю разбудзіць мядзведзя, які ў сваёй бярлозе трымае сонца і затрымлівае вясну.

Дзве карціны — на беларускай мове, адна заснавана на казцы нашага класіка, другая — на нацыянальнай легендзе, усе тры працягваюць традыцыю сімпатычнай — і працаёмкай — айчыннай анімацыі. Гэтыя мультфільмы не толькі прыгожыя і прафесійныя, іх можна ганарова назваць беларускімі, ад чаго яны становяцца яшчэ больш сімпатычнымі.

«Якія сны сніць мядзведзь».

Вядучы рэдактар студыі анімацыйных фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм» Рыта Шаграй:

«Наша студыя цяпер займаецца вытворчасцю дзевяці фільмаў — самастойнымі кароткаметражкамі, серыялам і часткамі поўнаметражнай карціны. Мы ўпершыню мэтанакіравана здымаем поўнаметражны анімацыйны фільм, прычым у складанай маляванай тэхніцы. Гэта будзе карціна «Зоркі сёмага неба» Алены Туравай. Адным са сцэнарыстаў стаў Генадзь Давыдзька, які і прапанаваў узяць за аснову сваю аднайменную казку. Студыя анімацыйных фільмаў зараз працуе над другой і трэцяй часткамі гэтага фільма — «Гульня без правілаў» і «Небяспечныя сустрэчы». Вытворчасць трэцяй расцягнецца да 2018 года, і мы спадзяёмся адразу распачаць чацвёртую і апошнюю, пятую, часткі. Мы вымушаны так працаваць, бо рэсурсаў мультстудыі недастаткова, каб завяршыць поўнаметражную работу за адзін год: для гэтага трэба было б адмовіцца ад іншых праектаў, задзейнічаць усе сілы, але і гэтага было б недастаткова. Да таго ж мы не можам разлічыць грошы на пяць гадоў работы, таму разбіваем поўнаметражны фільм на пяць частак і паступова іх выпускаем. Пакуль мы мяркуем выпусціць «Зоркі сёмага неба» ў канцы 2019-га ці пачатку 2020 года.

Сёлета мы ўжо здалі «Нянеччыны казкі» ўладальніцы «Залатога арла» Алены Пяткевіч, літаральна ў канцы чэрвеня завяршылі фільм «Баявая машына» Наталлі Касцючэнкі, які паказваўся камісіі Міністэрства культуры 30 чэрвеня. Аляксандр Ленкін, які летась скончыў сваю серыю «Рыбка па імені Нельга», распачаў новы серыял «Тошка і кампанія» і зараз здымае першую частку «Тошка і гераічны ўчынак». Тошка — гэта бульбачка, у якой ёсць дзядуля Бульбаш і сябры вусень і божая кароўка, а з імі ўсімі здараюцца розныя прыгоды. У вытворчасці таксама разлічаны на самых маленькіх фільм «Чараўніцтва ў дзіцячым садку» Марыны Лук'янавай, дзе вершыкамі і песенькамі распавядаюцца розныя павучальныя гісторыі, якія здараюцца ў звярыным дзіцячым садку. Летась студыя выпусціла карціну «Цуды ў дзень нараджэння», дзе ў ігравой форме дзеткам распавядаецца пра фразеалагізмы, якія такім чынам лягчэй запомніць. Цяпер мы робім нешта падобнае — другі адукацыйны фільм «Акіяны» Ігара Волчака, у якім таксама з дапамогай песенек распавядаецца, якія бываюць акіяны і як яны атрымалі свае назвы.

Таццяна Жыткоўская здымае пяты фільм серыяла «Пра дзяўчынку Жэню», які называецца «Фламінга». Уладзімір Пяткевіч працягвае работу над «Вясёлымі літарамі» — другім фільмам пра беларускую азбуку (першы мы выпусцілі ў мінулым годзе, цяпер рыхтуем на Рэспубліканскі конкурс кінапраектаў трэцюю частку), дзе кожная літара задзейнічана ў нейкай гісторыі. Чатыры маладыя рэжысёры — Руслан Сянкевіч, Раман Бармакоў, Марта Герашчанка і Святлана Катлярова — здымаюць альманах пра беларускіх нячысцікаў «У Палессі на балоце». У рабоце працяг «Азбукі небяспечнасцяў» — другая частка «Дзіцячыя памочнікі» Таццяны Кубліцкай. Мульцік у ігравой форме з вершамі Андрэя Смятаніна распавядае дзецям пра розную небяспеку, якую тыя могуць сустрэць. Летась мы скончылі першую частку, а плануем стварыць тры, якія ў выніку павінны скласціся ў адно цэлае.

У асноўным фільмы, якія цяпер здымаюцца на студыі, ствараюцца ў тэхніцы камп'ютарнай перакладкі. Толькі Уладзімір Пяткевіч робіць свае «Вясёлыя літары» ў тэхніцы класічнай перакладкі — кожны рух персанажаў ён фатаграфуе на камеру. Фільм Алены Туравай «Зоркі сёмага неба» будзе цалкам у маляванай тэхніцы, таму гэта вельмі працаёмкія здымкі. Некаторыя карціны, як «Нянеччыны казкі», зроблены ў змяшанай тэхніцы — маляванай і перакладкі. «Баявая машына» ўвогуле рабілася так званым метадам эклера, калі спачатку здымаюцца рэальныя людзі, а потым яны абмалёўваюцца. У фільме «У Палессі на балоце» змешаная тэхніка, тут задзейнічаны і пластылін, і камп'ютарная перакладка, і маляваная тэхніка. Яшчэ трынаццаць работ мы плануем падаць на будучы Рэспубліканскі конкурс кінапраектаў».

Р.S. Свежыя навіны з «Беларусьфільма» паведамілі, што «Якія сны сніць мядзведзь» разам з работай «Цуды ў дзень нараджэння» Ігара Волчака адабраны ў конкурс ХХІV Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «КРОК», які пройдзе з 13 да 21 верасня на цеплаходзе паміж расійскімі гарадамі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Разбудзіць сонейка, мядзведзя і злоснага пітбуля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?