Вы тут

Апошнія дні рэдактара падпольнай «Звязды» Вячаслава Нікіфарава


Апошнія дні адзін з рэдактараў падпольнай «Звязды» правёў у фашысцкім засценку побач са сваімі паплечнікамі.

Ноч на 26 верасня 1942 года для мінскіх падпольшчыкаў выдалася надзвычай трывожнай. Пакуль адны з напружаннем чакалі апошніх звестак у пяты нумар падпольнай «Звязды», іх таварышы па падполлі траплялі ў рукі фашысцкіх катаў...


Вя­ча­слаў НІ­КІ­ФА­РАЎ.

Не пашанцавала той ноччу і аднаму з рэдактараў газеты. Вячаслаў Нікіфараў павінен быць прынесці свежыя зводкі Саўінфармбюро, але калегі не дачакаліся ні навін, ні яго самога і на наступны дзень. Неўзабаве яны даведаліся: той трагічнай ноччу гітлераўцы схапілі 21 патрыёта. Сярод арыштаваных — і душа газеты, як называлі Нікіфарава падпольшчыкі. Пяты нумар падпольнай «Звязды» так і не ўбачыў свет. Далейшае існаванне рэдакцыі ў акупаваным Мінску было ўжо немагчымае...

Мала хто з арыштаваных той вераснёўскай ноччу вярнуўся дамоў. Многіх закатавалі да смерці. Што стала з іншымі падпольшчыкамі, невядома і дагэтуль... Да нядаўняга часу можна было толькі меркаваць, як пасля арышту склаўся лёс Вячаслава Нікіфарава. Ён мог загінуць у Трасцянцы. Ці, не вытрымаўшы здзекаў, яго сэрца спынілася ў СД? Якімі былі апошнія дні адважнага змагара за свабоду і справядлівасць?

Стрэлку гадзінніка адматалі назад успаміны аднаго з падпольшчыкаў, знойдзеныя ў Нацыянальным архіве Беларусі. Аказваецца, Георгій Сапун, якому проста цудам удалося пазбегнуць расправы, утрымліваўся ў адной камеры з Вячаславам Нікіфаравым!

Георгія Паўлавіча сярод нас ужо даўно няма. Затое жывуць і яшчэ доўга будуць жыць яго ўспаміны. Перачытваючы напісаныя пасля вайны аркушы, разумееш, што гадзіны, праведзеныя ў турме, той памятаў да дробязяў. Не дзіва! Кожнае імгненне для падпольшчыкаў магло быць апошнім... Я лаўлю знаёмыя мне прозвішчы — Кавалёў, Караткевіч, Хмялеўскі, Герасіменка, Шугаеў, Нікіфараў, — і тыя жудасныя падзеі паўстаюць перад вачамі.

Трасцянец пачакае

«Аглядаю ўсіх і раблю вывад, што настрой амаль ва ўсіх бадзёры, ні цені страху або адчаю, — піша Георгій Сапун. — Адзін толькі Шугаеў стаяў, апусціўшы вочы, і выгляд у яго быў прыгнечаны — ён быў хворы».

...З СД падпольшчыкаў выводзілі пад узмоцненым канвоем. Загнаўшы ў чорную крытую машыну, якую зняволеныя называлі «воранам», за імі зачынілі дзверы. Вязні былі перакананыя — іх чакае Трасцянец. Але нягледзячы на тое, што машына рухалася хутка, па яе манеўрах падпольшчыкі здагадаліся: вязуць іх у напрамку турмы.

«Калі адчынілі дзверы і высадзілі нас з машыны, мы сапраўды апынуліся на ўжо знаёмым мне турэмным двары, — успамінае Сапун. — Зноў пастроілі нас тварам да сцяны, пачалі абшукваць і праводзіць рэгістрацыю. Вобыск быў пільны і здавалася, што можна было шукаць у нас, ужо некалькі разоў абшукваемых дагэтуль? Але прагледзелі ўсё, што толькі можна было, — адабралі нават падвязкі, агрызкі алоўкаў, шматкі паперы, дробку тытуню, у некаторых зрэзалі гузікі».

Семярых іх памясцілі ў падвальную камеру пад нумарам 10. Камера была пустая: толькі мураваная падлога і такія ж сцены. Шкло ў адзіным маленькім акне было выбіта. Адсюль — жудасны холад. Сцены і падлога настолькі астывалі, што сесці на апошнюю або нават падперціся да сцяны не ўяўлялася магчымым. Сітуацыю ўскладняла тое, што ўсе былі апрануты па-летняму. У некаторых адсутнічала ніжняя бялізна: яна папросту згніла ад незагоеных ран...

Барацьба з холадам

Яны сустрэліся ў адной камеры пасля некалькіх месяцаў допытаў у СД. Ужо нават і не спадзяваліся ўбачыць кагосьці жывым. Таварышам хацелася, не адкладаючы на потым, пагаварыць, распытаць пра многае. Усе глядзелі адзін на аднаго і, напэўна, думалі: хто гэта той, з-за каго прывялі іх усіх сюды са звязанымі рукамі?

Пакуль, успамінаючы падрабязнасці таго жудаснага дня, яны рабілі першыя высновы, холад незаўважна скоўваў іх рухі. Каб хоць крыху сагрэцца, пачалі хадзіць па камеры. Адзін Коля Шугаеў, звярнуўшыся клубочкам, сядзеў на мураванай падлозе ў куце.

«Камера была малая, і ў цемры пры хаджэнні штурхалі адзін аднаго, — расказвае Георгій Сапун. — Праз гадзіну-паўтары ўсе стаміліся, а цяплей не станавілася. Стала зразумела, што не хопіць сіл пратрымацца ўсю ноч на нагах. Вырашылі ўсёй групай размясціцца каля дзвярэй, прыціснуцца шчыльней і грэць адзін аднаго ўласнымі целамі. У гэты час, калі пачалі размяшчацца, пачулася лязганне калідорных крацістых дзвярэй, і кагосьці падвялі да нашай камеры».

Гэтымі «навічкамі» былі падпольшчыкі Івашчонак, Цвяткоў і Грышын — той самы, у чыім пакоі ў хаце Таццяны Якавенкі, што па Выдавецкай вуліцы, друкаваліся 2-і і 3-і нумары падпольнай «Звязды». Амаль апошнімі з гестапаўскага падвала іх траіх, а таксама яшчэ некалькі чалавек у крытай «душагубцы» везлі ў Трасцянец. Падпольшчыкі ўжо рыхтаваліся да смерці, але, прастаяўшы там доўгі час і памарозіўшы іх, машына павярнула назад, і ўсе яны апынуліся ў турме.

«Карыстаючыся прысутнасцю траіх ахоўнікаў, якія суправаджалі зняволеных, Хмялеўскі і Кавалёў заявілі, што ў камеры жудасны холад, — успамінае падпольшчык. — Адзін з ахоўнікаў з польскім акцэнтам адказаў: «Час цяпер позні, начальства няма, а вас да раніцы чорт не возьме, а заўтра ўсё роўна ўсіх павесяць».

Ха­та па Вы­да­вец­кай ву­лі­цы, дзе пры не­па­срэд­ным удзе­ле Ва­ці­ка,  як на­зы­ва­лі Ні­кі­фа­ра­ва пад­поль­шчы­кі, бы­лі на­дру­ка­ва­ны  2-і і 3-і ну­ма­ры пад­поль­най «Звяз­ды».

Маленькая перамога

На досвітку з ахоўнікамі прыйшоў перакладчык — і падпольшчыкаў перавялі ў камеру нумар 13. Памерам яна была значна меншая, чым папярэдняя. Выбітыя вокны — залеплены кардонам і заткнуты бруднымі анучамі. Праўда, стаяў ложак, на якім ляжалі дзве вузенькія дошчачкі. І гэта на дзесяць зняволеных!

«Карыстаючыся сваёй маленькай перамогай, мы пачалі патрабаваць, каб нам далі хоць бы яшчэ некалькі дошак, — піша ў сваіх успамінах вязень. — Перакладчык адправіў ахоўнікаў паглядзець, дзе яшчэ ёсць дошкі, і прынесці нам. Пры гэтым сказаў: «Хто іх ведае, можа, хтосьці і застанецца жывы?»

Яшчэ тры дошкі, прынесеныя ахоўнікамі, падпольшчыкі паклалі каля сцяны. Усё ж сядзець на іх было больш прыемна, чым на голай мураванай падлозе!

...Ішоў першы дзень Каляд. Усё турэмнае начальства святкавала. Зняволеных ніхто не турбаваў. Гэты дзень падпольшчыкі прысвяцілі найбольш злабадзённаму для іх пытанню — хто мог іх выдаць?

«Пачаліся кароткія ўспаміны былых асноўных кіраўнікоў арганізацыі, — расказвае Георгій Сапун. — Высветлілася, што першымі (у адну ноч) былі арыштаваны Кавалёў, Шугаеў, Сержановіч, Нікіфараў і шэраг іншых таварышаў. Аднак калі тыя былі прыведзены ў СД, то там ужо сустрэлі Коціка (Коцікава. — Аўт.)».

Шукаючы здрадніка, вязні сышліся ў адным: сапраўды, Коцікаў мог выдаць многіх, але падазрэнне ад яго адводзіў той факт, што ён не ведаў усіх членаў Мінскага падполля.

Уцёкі! Іншага выйсця няма

Першыя два дні знаходжання ў 13-й камеры падпольшчыкаў ніхто не турбаваў. А 10—11-й гадзіне раніцы яны звычайна атрымлівалі свой сутачны рацыён: па 80—100 грамаў хлеба, які гатаваўся з вотруб'я гнілога бурака, і паўлітра баланды. Астатні час прысвячаўся ўспамінам і ўдакладненню, хто яшчэ арыштаваны, а хто мог уцалець і выратавацца ад лап гітлераўцаў.

«Вечарам у Кавалёва саспеў план уцёкаў, — піша Сапун. — Ён пераконваў усіх, што іншага выйсця няма. Калі нават нас усіх не расстраляюць або не перавешаюць, то праз месяц-два мы, напэўна, перадохнем з голаду. Ён лічыў, калі з дзесяці чалавек дзевяць загінуць, а адзін зможа ўцячы, то і тады варта бегчы».

План Кавалёва быў няхітры. Ён прапаноўваў, каб хтосьці з вязняў папрасіў у ахоўніка схадзіць па ваду. І калі дзверы камеры адчыняцца, некалькі чалавек павінны былі напасці на ахоўніка, забіць і, захапіўшы яго зброю, бегчы напралом...

Такі план падпольшчыкі не адобрылі. Але Кавалёў не супакойваўся. Ён уважліва агледзеў рашотку акна і, пераканаўшыся ў яе надзейнасці, сказаў, што дастаткова было б выдаліць дзве штангі — і можна пралазіць. Толькі і тут нічога не атрымалася.

Ця­пер на мес­цы ха­ты Тац­ця­ны Яка­вен­кі,  дзе ў па­коі Ар­се­нія Гры­шы­на ства­ра­ла­ся га­зе­та,  ста­іць пом­нік.

Прозвішчы на дошцы

Дзякуючы Георгію Сапуну, якому ўдалося выйсці на сувязь са сваёй жонкай, палавіне зняволеных сталі прыносіць перадачы. Хлопцы марылі аб дробцы тытуню, але перадаваць яго вязням катэгарычна забаранялася. Праўда, за асобую плату рабіліся выключэнні. Але якімі сціплымі ні былі б тыя перадачы, ахоўнікі сістэматычна абкрадалі зняволеных.

Аднойчы Караткевічу перадалі запіску, у якой прасілі паведаміць, хто з ім сядзіць. Гэта была правакацыя. «Праклятыя гады, не змаглі даведацца здзекамі і катаваннямі, дык хочуць прымусіць хітрасцю. Не выйдзе!» — сказаў Вячаслаў Нікіфараў.

«Гадзін у 11 дня назвалі Кавалёва і Нікіфарава і павялі, — расказвае Георгій Сапун. — Цэлы дзень прайшоў у напружаным чаканні іх вяртання. Кожны шоргат або стук у калідоры прыкоўваў нашы погляды да дзвярэй камеры... Кожны з нас ведаў, чым звычайна заканчваецца выклік на допыт у гестапа: страшнымі, бесчалавечнымі, зверскімі катаваннямі дзікіх і п'яных вандалаў і садыстаў».

Прайшоў дзень, а яны ўсё не вярталіся. Некаторых яшчэ не пакідала надзея: можа, ноччу? Настала раніца, прайшоў дзень, зноў ноч, а Кавалёў з Нікіфаравым так і не з'явіліся...

«Усе былі ўпэўнены, што з імі пакончылі, — успамінае падпольшчык. — Блізкая смерць лунала над усімі. Усе казалі пра смерць, як пра нешта звычайнае. Ні ў кога не з'явілася нават невялікага страху перад ёй. Яе чакалі з поўным спакоем».

Арсеній Грышын выдрапаў на дошцы прозвішчы ўсіх, хто сядзеў у камеры. Насупраць Кавалёва і Нікіфарава пазначыў дату выбыцця. Раніцай яго самога выклікалі з рэчамі на выхад...

«Ён увесь час быў упэўнены, што яго чакае яшчэ не адзін допыт, таму гэта здзівіла як яго, так і нас, — расказвае Георгій Сапун. — Усхваляваны, ён пачаў развітвацца з намі і раздаваць сваю «маёмасць». Не ведаючы, каму даць персанальна, бо мелі патрэбу многія, ён зняў сваё аўчыннае футра і паклаў на падлогу, мяркуючы, відавочна, што яго вызваляюць. Але мы параілі яму пакінуць футра ў сябе, бо невядома, куды выклікаюць. Дамовіліся, што ў выпадку вызвалення ён пры першай жа магчымасці перадасць яго нам».

Але на другі дзень пасля сыходу Грышына перадачу перадалі не ад яго, а яму. Падпольшчыкі яе не ўзялі, хоць, вядома, мелі ў гэтым патрэбу: так яны хацелі паведаміць родным, што Грышына тут ужо няма...

* * *

У пачатку студзеня 1943 года з камеры нумар 13 адзін за адным выбыла шэсць чалавек. Двое (Нікіфараў і Кавалёў) былі выкліканы ў СД. Грышын — невядома куды. Трое захварэлі на тыф. Астатніх, у тым ліку аўтара гэтых каштоўных успамінаў, чакаў Асвенцім...

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Моцныя духам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».