Вы тут

Значнае месца ў праграме "Славянскага базара" займае тэатр


ХХVІ Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні, ХV Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск—2017», сольныя канцэрты зорак эстрады, выступленні замежных музычных і харэаграфічных калектываў, канцэрты, прысвечаныя адкрыццю і закрыццю фестывалю — менавіта гэта найперш згадаюць людзі, калі ў іх спытаць пра міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Але «Славянскі базар» на тое і базар: спалучае розныя віды мастацтваў. Значнае месца ў праграме фестывалю займае тэатр. Вулічны, лялечны, драматычны — аматарам мастацтва Мельпамены ёсць на што паглядзець у Віцебску.


Пастаноўкі ў віцебскім тэатры «Лялька».

Калі ідзеш па цэнтральных вуліцах Віцебска, цяжка не заўважыць «Лялечны квартал». Загрыміраваныя акцёры ў касцюмах, хадулісты — за паўгадзіны да пачатку спектакля (а яны ідуць некалькі разоў на дзень) — прастора перад уваходам у Віцебскі абласны тэатр «Лялька» ператвараецца ў інтэрактыўную пляцоўку, дзе дзеці і дарослыя могуць трапіць унутр імправізаванага тэатральнага дзейства. Госці фестывалю актыўна скарыстоўваюць магчымасць сфатаграфавацца з вясёлымі клоўнамі і мімамі, а таксама з помнікам Старому Хатабычу — герою аповесці савецкага пісьменніка Лазара Лагіна, які (ці ведалі вы раней?) нарадзіўся ў Віцебску.

Ужо чатыры гады Віцебскі абласны тэатр «Лялька» бярэ ўдзел у «Славянскім базары», паказвае не толькі свае спектаклі, але і запрашае ў Віцебск замежных гасцей. Досвед дазваляе: за шматгадовую гастрольную гісторыю наша «Лялька» досыць вандравала па свеце, знайшла шмат сяброў і прыхільнікаў сваёй творчасці, стварыла надзейную рэпутацыю якаснага і таленавітага тэатра. Сёлета беларускі глядач вітаў у горадзе над Дзвіной лялечныя спектаклі калектываў Беларусі, Расіі, Украіны і нават Швецыі.

— Раней было так: на канцэрты і іншыя імпрэзы ходзяць тыя, хто набыў білеты. Астатнім жыхарам горада цяжка было паверыць, што ў Віцебску цяпер праходзіць нейкае свята, — кажа заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра «Лялька» Віктар КЛІМЧУК. — Трэба не проста гандляваць ежай і дэманстраваць розныя вырабы, на вуліцу павінна ісці мастацтва, павінны быць вулічныя тэатры, імпрэзы. І вось, нарэшце, з'явіўся «Лялечны квартал». Ён ужо 4 гады з поспехам існуе на «Славянскім базары», бо ў ім ёсць неабходнасць.

Не застаўся ўбаку ад фестывальных мерапрыемстваў і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Праграма «Тэатральныя сустрэчы» штовечар запрашала гледачоў на спектаклі беларускіх і расійскіх тэатраў. Нашу краіну прадставілі Тэатр-студыя кінаакцёра з пастаноўкай «Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў» ды мюзікл «Казанова» ад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (рэжысёр Кім Брэйтбург), Расію — тэатральнае агенцтва «АРТ-ПАРТНЁР ХХІ», Маскоўскі тэатр на Паўднёвым Захадзе, тэатральныя кампаніі «Маскарад» і «Сюжэт», міжнародны тэатральны цэнтр «Шанц».

Тэатральнае агенцтва «АРТ-ПАРТНЁР ХХІ» і тэатральная кампанія «Маскарад» зрабілі акцэнт на вядомых расійскіх акцёрах, што бралі ўдзел у іх пастаноўках. Нона Грышаева («Джудзі»), Дзіна Корзун (музычны монаспектакль «Зорны хлопчык»), Данііл Страхаў, Вольга Ламаносава, Інга Аболдзіна (драма «Мужчынскі водар»), Ганна Бальшова, Анатоль Васільеў, Вольга Волкава («Сямейная вячэра а палове на другую») сабралі вялікія аўдыторыі з гасцей фестывалю. Прыкладам, народны артыст Расіі Анатоль Васільеў выклікаў асаблівую рэакцыю аўдыторыі: зорка любімага многімі беларусамі серыяла «Сваты» быў амаль фішкай спектакля. Калі ён з'явіўся на сцэне, гледачы так пляскалі ў далоні, што першую рэпліку немагчыма было пачуць. Вользе Волкавай таксама дасталася значная ўвага залы. Але (хто ведае?) ці не заглушылі апладысменты ды народная любоў не толькі рэплікі акцёраў, але і мастацкія вартасці спектакля?..

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Тэатр над Дзвіной

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?