Вы тут

Ежа тронаў


17 ліпеня карэспандэнты “Маладосці” наведалі каралеўскі пір у Чырвоным Замку, то бок акцыю “Ежа Тронаў” ад “Піца Тэмпа”. Фота лёгка адшукаць на нашай старонцы Ўкантакце, а вось поўны тэкст рэпартажа можна будзе пачытаць на старонках “Маладосці” №10 за гэты год, таму – не прапусціце!

Месца дзеяння

На месцы “М”ы пазнаёміліся з ініцыятарамі гэтай імпрэзы і параспытвалі іх пра ўсё-ўсё. Пазнаёмцеся – Алена Крашэўская і Сяргей Кіеня.

Алена Крашэўская

Сяргей Кіеня

Пра запачаткаванне задумкі і мозгавыя штурмы

Алена: Ідэя ў нас насамрэч нарадзілася досыць даўно. Усё-такі гэты серыял мае шмат прыхільнікаў па ўсім свеце, не толькі ў Беларусі, і многія чакаюць выхаду новых серый. Таму мы вырашылі зрабіць нешта адметнае, непасрэдна прымеркаванае да старту новага сезона. У нас у галовах ужо былі вобразы актораў, то бок, ідэі ў нас ужо былі.

Піца Тэмпа” – нашыя даўнія сябры, і таму мы і прыйшлі да іх з нашай прапановай. Увогуле, асноўнае тут у тым, што задзейнічана не адно месца, не адзін рэстаран. Вам на ўваходзе ўжо ўручылі наш анонс вялікай акцыі «Еда Престолов», якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго сёмага сезона серыяла, і кожная піцэрыя з сеці “Піца Тэмпа” зробіцца адным з высакародных Дамоў Вестароса.

Сяргей: А сёння мы вас вітаем у Доме Ланістараў! (Заўвага: “Піца Тэмпа” на Якуба Коласа, 37, якая часова зрабілася Чырвоным Замкам)

Алена: Увогуле, распавесці, як прыйшла ідэя, вельмі цяжка. Каманда ў нас вялікая, так, і мы ўвесь час “штурмуем” нешта.

Сяргей: Стандартны “мозгавы штурм”, у прынцыпе.

Алена: Так, менавіта – штурм. Камусьці прыходзіць вар’яцкая ідэя, а далей мы яе дапрацоўваем, дапрацоўваем… і ў выніку атрымліваецца чарговы праект. І яго мы або прапаноўваем нашым сябрам, кліентам, або шукаем канкрэтнага партнёра, які б зацікавіўся ідэяй, дапамог бы нам зрабіць яе рэальнасцю.

Пра асаблівасці нацыянальнага ліставання і сяброўскую падтрымку

Алена: Ведаеце, мы стараемся, спрабуем прыдумваць штосьці неардынарнае, у тым ліку для журналістаў. Проста ад стандартных прэс-рэлізаў усе, напэўна, трошачкі стаміліся… Але часам рэакцыя на крэатыў бывае не самая адназначная.

Сяргей: Сапраўды. Быў у нас выпадак, калі ў рассылцы для мерапрыемства да адрасата звярталіся на “ты”. І адзін журналіст усё абураўся: “Як так, як жа гэта вы мне тыкаеце, што ж гэта за непавага?” Вось такія выпадкі бываюць.

А ўвогуле, нам зараз варта было б падзякаваць “Піцы Тэмпа”, таму што задумка ўсё-такі такая… досыць своеасаблівая, з вар’яцінкай, ды і досыць дарагая. Але яны адразу адчулі нашу ідэю, адразу загарэліся, ледзь з рукамі не адарвалі. Малайцы, адным словам.

Цудоўна, што ёсць кампаніі, якія сапраўды бяруцца за такія прапановы і згодныя іх рэалізоўваць. Чым болей такіх вось апантаных кампаній – ты больш цікавае жыццё ў нас, у беларусаў.

Пра ежу

Сяргей: Можна было б прыдумаць прыгожую гісторыю, нават легенду, але ўсё досыць проста. Ёсць афіцыйная кулінарная кніга, узгодненая з самім Джорджам Р. Марцінам (Заўвага: аўтар серыі раманаў “Спеў Лёду і Полымя”, якая стала асновай для тэлесерыяла “Гульня Тронаў”). Марцін і прадмову да яе напісаў. Называецца кніга, калі не памыляюся, “Пір Лёду і Полымя”, і там ёсць процьма рэцэптаў Вестароса. Рэцэпты гэтыя не прыдуманыя, а сапраўдныя, узятыя з летапісаў, манускрыптаў XIV стагоддзя (канечне, трохі адаптаваныя). Мы набылі гэтую кнігу, паказалі повару, брэнд-шэфу “Піцы Тэмпа” Йоліце Дзірсэ. Вельмі хваляваліся – таму што там некаторыя рэцэпты сапраўды складаныя, і, скажам, у сучасных умовах гатаваць свіны кумпяк, мякка кажучы, складана. Куды лягчэй катлетку ў мікрахвалёўцы пагрэць.

Але Йоліта паглядзела, сказала: “Не праблема. Усё зробім”.

І – зрабілі.

Кхал Дрога і сэлфі

Пра вобразы персанажаў і антураж

Алена: Мы праводзілі кастынг, падбіралі людзей. Як і пад кожны свой праект, зрэшты, падбіраем тэматычных персанажаў, калі яны ў нас задзейнічаныя. Усе акторы на сённяшняй імпрэзе – безумоўна, фанаты, аматары серыяла.

Сяргей: А паколькі мы і самі фанаты, то кастынгам займаліся асабіста. Стараліся, каб акторы былі сапраўды падобнымі да вобразаў з серыяла, з кніг, і не толькі знешне, але і характарам. Збольшага, канечне, пры выбары абапіраліся менавіта на серыял: проста з экранізацыяй знаёма значна болей людзей, чым з кніжнай серыяй. Вобразы з ТВ усё-такі больш пазнавальныя.

Увесь антураж, які тут прадстаўлены, – шчыты, знамёны, зброя, – усё гэта мы шукалі па ўсім горадзе. Недзе тыдні са два стукаліся ўва ўсе дзверы, пыталіся. Хтосьці адмаўляўся, хтосьці згаджаўся, але пасля… таксама некуды знікаў. Досыць цяжка было, адным словам, усё гэта знайсці.

Пра асабістыя прэферэнцыі

Алена: У мяне, па шчырасці, два любімыя персанажы. Гэта кхалісі, або Дэйенэрыс Таргарыен, і кхал Дрога. Апошняга вельмі-вельмі люблю, і таму, калі толькі прыйшла ідэя такой імпрэзы, самым першым падбіралі менавіта актора для нашага кхала. І – паглядзіце (паказвае на актора), ну ён жа самы сапраўдны ў нас, быццам выліты!

Увогуле, вельмі спадзяюся, што кхал Дрога насамрэч выжыў. Тым больш ходзяць такія версіі сярод аматараў сетынга, так што…можа быць, хаця б у серыяле яго ажывяць.

Сяргей: А ў мяне любімчык – гэта Тырыён Ланістар. Ён мне блізкі па складу характара, па духу.

Сам я гляджу серыял і проста атрымліваю задавальненне, не замарочваючыся прагнозамі ды тэорыямі. Адзінае, што можна сказаць з упэўненасцю: сярод персанажаў памруць яшчэ вельмі і вельмі многія – не была б гэта “Гульня Тронаў”!

фота Марыны Дубень

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».