Вы тут

«Вянок» Багдановіча загучаў па-сербску


У беларускай культуры адбылася значная падзея: «Вянок» Максіма Багдановіча пераклалі на сербскую мову. Зрабіла пераклад да 100-годдзя нашага класіка Даяна Лазарэвіч, былая студэнтка Бялградскага ўніверсітэта. Дзяўчына скончыла аддзяленне бібліяграфічнай справы і інфарматыкі філалагічнага факультэта. Ды нават і не ўяўляла, што будзе ў захапленні ад беларускай мовы і літаратуры.


— Цікавасць да Беларусі і да беларускай мовы ўзнікла выпадкова. Падчас вучобы на факультэце вучыла англійскую, нямецкую і рускую мовы. Але трэба было выбраць яшчэ адну замежную. Хацелася вывучаць штосьці новае, цікавае, экзатычнае. Гэтак і прыйшла да беларускай. З беларускай літаратуры вельмі падабаецца Уладзімір Караткевіч: яго паэзія такая ж эмацыйная, як і я. З Караткевіча, дарэчы, і пачалося маё перакладанне. Пасля перакладала на сербскую Міколу Мятліцкага, Петруся Броўку, Алеся Бачылу. Гэтыя тэксты друкаваліся ў студэнцкім часопісе. Да перакладу Максіма Багдановіча мяне падштурхнуў і натхніў Іван Аляксеевіч Чарота, доктар філалагічных навук, акадэмік Сербскай акадэміі навук, — распавяла Даяна.

Наклад сербскага зборніка «Венац» невялікі — усяго 300 асобнікаў на дзве краіны. Кніга разыдзецца па бібліятэках. Даяна Лазарэвіч ужо прэзентавала свой пераклад у Мінску, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Напярэдадні падзеі дзяўчына завітала на круглы стол у рэдакцыю газеты «Звязда» разам з прафесарам Іванам Чаротам.

— Я нават і марыць не магла, што «Венац» выдадуць. Таму зараз вельмі-вельмі шчаслівая. За гэта трэба сказаць дзякуй Уладзіміру Чушаву, былому паслу Рэспублікі Беларусь у Сербіі. Пераклад, вядома — праца не з лёгкіх. На зборнік Максіма Багдановіча давялося патраціць цэлы год. Тройчы прачытала «Вянок», трэба было падумаць над рыфмай і рытмікай, бо сербская рытміка зусім іншая. Ёсць свае цяжкасці перакладу, — распавяла Даяна.

 Дзяўчына не толькі перастварае, але і піша вершы на сербскай, рускай, англійскай ды беларускай мовах. Выдала тры паэтычныя зборнікі «Скрозь прастору і час», «Сцежкі ў зорным бязмежжы» і «Чужынец», раман «Замглёны шлях талентаў» ды жыццяпісную кнігу «Айцец Арсеній: успаміны пра духоўнага айца». На старонках нашай газеты ўжо друкаваліся вершы Даяны на беларускай мове. Даяна скончыла магістратуру, напісаўшы першую на прасторах былой Югаславіі дысертацыю па беларусістыцы «Бібліяграфія перакладаў з сербскай мовы на беларускую і з беларускай — на сербскую». У планах Даяны — паглыбляць веды ў вывучэнні беларускай мовы.

— Мне вельмі падабаецца ў Беларусі. Была ў Полацку — не хацелася адтуль з’язджаць. У Мінску хораша гуляць каля Свіслачы. Што да планаў на будучыню, то, магчыма, вазьмуся за працу над стварэннем беларуска-сербскага слоўніка. Хоць цяпер гэта падаецца такім жа сном, як калісьці здавалася нерэальным і выданне «Вянка» Максіма Багдановіча. Дакладна ведаю, што працаваць давядзецца шмат і праца будзе звязана з сербска-беларускімі адносінамі, — падзялілася Даяна.

Талент маладой літаратуразнаўцы заўва- жыў Сяргей Панізнік і прысвяціў дзяўчыне з Сербіі верш, які прачыталі на прэзентацыі зборніка «Венац» у Літаратурным музеі Мак- сіма Багдановіча.

 <…> Адзінству ўсіх славян — магістарскі ўток.

 Быў Караткевіч, Танк,

 За Броўкам і Бачыла...

Даяна ў наш абрус

Прыўнесла свой віток...

Угледзеўся Максім:

 Даяна прад вачыма! <…>

Сціплая Даяна заўсміхалася, пачуўшы гэтыя радкі. Узрадавалася неспадзяванцы. Цяпер яна ў Беларусі жаданы госць. Таму невыпадковы ўдзел маладой перакладчыцы ў ІІІ Міжнароднай школе беларусістыкі. Для Даяны гэта добрая магчымасць палепшыць узровень валодання беларускай мовай ды пакамунікаваць на ёй.

 Марына ЯЎСЕЙЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».