Вы тут

«Пасля распаленай туркменскай спёкі…»


Сёння нам здаецца, што Туркменістан — нешта далёкае і невядомае. Хоць і хуткасці лайнераў іншыя, і інтэрнэт дазваляе зазіраць у іншую краіну не выходзячы з дому. А між тым быў час, калі повязі сілкавалі, дадавалі моцы, вылучалі сяброўства на першы план… Гісторыя літаратурных стасункаў — тонкая матэрыя. За кожнай праявай, кожным фактам літаратурнага пабрацімства — персанальная біяграфія, унутраны покліч, часам лёсавызначальныя сустрэчы…


Так і ў выпадку гэтай сустрэчы, гэтага знаёмства. Вось гартаю зборнік беларускага паэта Паўла Марціновіча (нарадзіўся ў Мінску ў 1954 годзе) «Час бурштыну» (Мінск, 1977 год). Кнігу я набыў яшчэ ў 1980 годзе, школьнікам. І, магчыма, толькі з часам прачытаў гэты верш — «*** На вуліцах пустэльных Ашхабада…»:

 На вуліцах пустэльных Ашхабада,

 Дзе я блукаў калісьці дзень пры дні,

 Здалося неяк, што я быў бы рады

Жыццё пражыць у гэтай цішыні.

Вось так блукаць спакойна і самотна

 Па вуліцах пустэльных дзень пры дні,

 Вось так блукаць бязмэтна,

                                       бесклапотна

 У выпаленай сонцам цішыні.

 Што сталася — я адказаць не ў стане,

 Яшчэ адзін прайшоў я толькі крок —

І гэтае нікчэмнае жаданне

Рассыпалася ўмомант, як пясок.

 Здаецца, што ўсё апісанае паэтам — рэльефны адбітак перажытага і мною, таго, што сам трымаю ў памяці. Відавочна, што верш напісаны пасля паездкі ў сталіцу колішняй Туркменскай ССР. І паездка тая далёка не выпадковая. Некалі ў ваколіцах Ашхабада (здаецца, у Небіт-Дагу) служыў салдатам (некаторы час, пасля шпіталя, у запасной вайсковай часці) бацька Паўла — Аркадзь Марціновіч. Беларускі пісьменнік Аркадзь Марціновіч расказаў пра гэты час у рамане «Не шукай слядоў сваіх»… Ужо ў другой палове 1980-х гг. я напісаў Аркадзю Марціновічу з роспытамі пра яго «туркменскую біяграфію»… Пісьменнік даслаў мне ў Ашхабад кнігу з аўтографам. Пасля я перадаў раман (у першай палове 1990-х гг.) у бібліятэку Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны. Дзе той зараз цэнтр?!. Дзе тая бібліятэка?!.

Так што і ў бацькі, і ў сына — свой Туркменістан, свае туркменскія ўспаміны. У Паўла Марціновіча, які болей засведчыў сябе як дзіцячы пісьменнік (выдаў чатыры зборнікі вершаў для маленькіх чытачоў — «Паспяшайся ў наш звярынец!», «Жыў-быў воўк», «Дзядзька Сон», «Сталёвы бусел»), ёсць яшчэ адзін «ашхабадскі» верш — «Дыван». Яму папярэднічае эпіграф: «У музеі на Ашхабадскай дывановай фабрыцы я ўбачыў дыван незвычайнай прыгажосці. Ён сатканы старым майстрам, які загінуў у час землятрусу 1948 г.».

Дываны, дываны…

Дываноў найдзівоснае ззянне.

 Колькі тут пешчатлівай душы,

Колькі тут хвалявання

Кожнай ніткай сваёю

Яны прамаўляюць і сведчаць,

Як схіляліся рупныя плечы

 І ўранні, і ўвечар.

 ...Толькі гэты дыван

 Аглядаю ў задуме і скрусе.

Нават зыркая гладзь

 Мне нагадвае аб землятрусе,

 Аб зямлі, што была,

Як дыван, маляўнічай і пекнай.

А пасля скаланулася І загрымела, як пекла.

 Дзе ты, майстра? Цябе

Пахавалі каменныя груды.

А дыван ацалеў,

Ацалеў нейкім д’ябальскім цудам.

<…>

…Дарэчы, крыху болей як за год да землятрусу ў Ашхабад прыехаў пасля вызвалення з ГУЛАГа беларускі пісьменнік Барыс Мікуліч. Тут жыла яго сястра — Кацярына. Яна працавала ў тэатры оперы і балета. Тут Барыс Мікуліч пісаў «Аповесць для сябе», іншыя творы. Пражыўшы колькі месяцаў у Ашхабадзе, пераехаў у Беларусь. А сястра — Кацярына Мікуліч — загінула ў землятрусе. Як загінуў і туркменскі мовазнаўца, публіцыст, беларус па паходжанні Аляксандр Пацалуеўскі. Відаць, гэтыя факты Паўлу Марціновічу былі невядомыя. А я ўсё ж чытаю пранізлівы, шчымлівы верш «Дываны» ў звязку з гэтым вось веданнем пра беларусаў, якія загінулі ў ашхабадскім землятрусе... Разам з імі загінула і шмат што няспраўджанае, няздзейсненае…

«Начнога Каспія спакой і прахалода... / Плыві, плывец, святкуй жаданы час. / Быў цяжкі дзень. Гаючаю лагодай / Туманны Каспій атуляе нас. / Забудзь пра шлях, пакутлівы, далёкі, / Забудзь нудзьгу сваіх непамыслот. / Пасля распаленай туркменскай спёкі / Адчуй спрадвечную магунасць вод!..» — а ўжо гэтыя радкі падводзяць да высновы, што Ашхабадам падарожжа Паўла Марціновіча ў Туркменістан не абмежавалася… Каспій жа — за сотні кіламетраў ад сталіцы Туркменістана.

 Згадка пра кнігу паэзіі П. Марціновіча «Час бурштыну» — і падказка да наступнага клопату. Чаму б не скласці анталогію дружбы з вершаў беларускіх паэтаў пра Туркменістан? І дадаць бы яшчэ ў зборнік дружбы, сяброўства і вершы, паэмы туркменскіх аўтараў пра Беларусь… З беларускага боку ў кнігу ўвайшлі б творы Генадзя Пашкова, Алега Лойкі, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Міхася Карпенкі, Брансілава Спрынчана, Любові Філімонавай, Віктара Шымука, Янкі Сіпакова… А з туркменскага — Каюма Тангрыкуліева, Пірнепеса Авезліева, Анаберды Агабаева (усе трое напісалі пра Хатынь)… Трэба было б зазірнуць яшчэ і ў спадчыну Какабая Курбанмурадава — ён гасцяваў, працаваў у Доме творчасці «Іслач». Ды і шмат яшчэ для каго з туркменскіх пісьменнікаў Беларусь была добра знаёмай. У Беларусі, у час Вялікай Айчыннай вайны, паэму «Канстанцін Заслонаў» напісаў туркменскі літаратар Анакулі Мамедкуліеў.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?