Вы тут

Спектаклі вулічныя, лялечныя, драматычныя


Свята мастацтваў, якое разгарнулася ў межах Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», не забылася пра валоданні Мельпамены. Нягледзячы на хмурнае неба, у горадзе стварылі надзвычай вясёлую і добразычлівую атмасферу. Не апошняя роля ў наданні Віцебску святочнага настрою належала тэатрам. Куды пайсці гасцям фестывалю, калі на вуліцы крапае дождж? Вядома, на спектакль! Да таго ж праграма атрымалася надзвычай разнастайнай: лялечныя і драматычныя пастаноўкі, вулічны тэатр, калектывы з Беларусі і замежжа — культурны адпачынак на любы густ і ўзрост.


Сустрэчы з лялькай

Тэатральную праграму фестывалю спланавалі так, што можна было трапіць на спектаклі розныя па стылі і жанры. Калектывы, якія прыехалі ў Віцебск з-за мяжы, адзначалі: пастаноўкі для ўдзелу ў «Лялечным квартале» абіралі з улікам пляцоўкі, дзе будзе ісці спектакль; тэмы — каб можна было зацікавіць гледачоў з розных краін; а таксама формы — каб не было аднастайнасці. Дзякуючы каласальнай працы арганізатараў у праграме знайшлося месца для эксперыменту (вядома, з захаваннем якасці і высокага мастацкага ўзроўню). Жыхары і госці Віцебска адкрылі новыя тэатры, калектывы, імёны.

Сцэну для выступаў прадаставіў Беларускі тэатр «Лялька». У спіс пастановак «Лялечнага квартала» трапілі два яго дзіцячыя спектаклі — «Брэменскія музыкі» і «Вясёлы Дарафей». Акрамя «Лялькі» ад Беларусі на «Славянскім базары» ўдзельнічаў Гродзенскі тэатр лялек (пастаноўка «Царэўна-жабка»). Цікавым быў монаспектакль Івана Кірчука «Дарожка мая» па матэрыялах беларускага фальклору. Прыехалі калектывы з Расіі, Украіны і нават Швецыі. Пастаноўкі давалі не толькі дзіцячыя. Прыкладам, моладзевы анімацыйны тэатр «ЁСЦЬ» з Украіны паказаў спектакль «Белы параход» па творы Чынгіза Айтматава для адносна дарослай аўдыторыі (14+).

Сярод расійскіх гасцей — Белгародскі дзяржаўны тэатр лялек. Сёлета яны прывезлі спектакль «Слон» па аднайменным апавяданні Аляксандра Купрына. Калектыў ужо выступаў у Віцебску, але ў «Славянскім базары» ўзяў удзел упершыню.

— Фестываль — гэта высокая планка, — кажа галоўны рэжысёр Белгародскага тэатра лялек Уладзімір Гусараў. — На фестывалі трэба па максімуме паказаць усё сваё майстэрства, бо спектакль глядзяць і ацэньваюць з розных краін. Меркаванне пра тэатр разляціцца па свеце, таму наш калектыў хваляваўся перад выступам і зараз вельмі рады, што «Слон» гледачу спадабаўся.

Напрасткі да гледача

 Штодзень за паўгадзіны да пачатку чарговага спектакля перад галоўным уваходам у тэатр «Лялька» адбываліся «хэпэненгі» для дзяцей і дарослых. Акцёры мясцовых і замежных тэатраў выходзілі на вуліцу, каб пагуляць з дзецьмі, паказвалі цікавыя мініяцюры, стваралі непасрэдную і святочную атмасферу. Трэці раз у праграме «Славянскага базару» арганізавалі фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». У фэсце бралі ўдзел тэатральныя і харэаграфічныя калектывы, музыкі, паэты, перформеры. У некаторыя дні ладзілі майстар-класы. Так, шведскі тэатр «Альбатрос», які выйшаў на сцэну «Лялькі» са спектаклем «Дзяўчынка і марская чарапаха», правёў цікавы майстар-клас для мінакоў наўпрост на вуліцы Віцебска. Не застаўся ўбаку ад фэсту «На сямі вятрах» і сам тэатр «Лялька»: яго прадстаўнікі вывелі на вуліцу спектакль «Шагал. Сыход» рэжысёра Дар’і Зімніцкай.

 — «Славянскі базар», калі ўжо яго назвалі «базарам», мусіць быць шырэй за конкурсы эстрадных спевакоў. Базар — гэта ў першую чаргу людзі, — адзначае мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра «Лялька» Віктар Клімчук. — Раней было так: на канцэрты і іншыя імпрэзы ходзяць тыя, хто набыў квіткі. Астатнім жыхарам горада цяжка было паверыць, што ў Віцебску зараз праходзіць нейкае свята. Трэба не проста гандляваць ежай і дэманстраваць розныя вырабы. На вуліцу павінна ісці мастацтва, павінны быць вулічныя тэатры, імпрэзы. І вось нарэшце з’явіўся «Лялечны квартал». І ўжо 4 гады з поспехам працуе на «Славянскім базары», бо ў ім ёсць неабходнасць.

Тэатральныя вечары

 Кожны вечар фестывалю адзначаўся праграмай «Тэатральныя сустрэчы». У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа і канцэртнай зале «Віцебск» ладзілі драматычныя спектаклі тэатры Беларусі і Расіі. Нашу краіну прадставілі Тэатр-студыя кінаакцёра з пастаноўкай «Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў» ды мюзікл «Казанова» ад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (рэжысёр Кім Брэйтбург).

Некалькі спектакляў адначасова прывезлі Маскоўскі тэатр на Паўднёвым Захадзе і расійскае тэатральнае агенцтва «АРТ-ПАРТНЁР ХХІ». Маскоўскі тэатр ставіў трагедыю «Макбет» і так званы «шахматны дэтэктыў» пад назвай «Гульня ў Напалеона» на сцэне НАДТ імя Я. Коласа. Тэатральнае агенцтва «АРТ-ПАРТНЁР ХХІ» зрабіла акцэнт на вядомых расійскіх акцёрах, што бралі ўдзел у іх пастаноўках. «Джудзі» з Нонай Грышаевай, музычны монаспектакль «Зорны хлопчык» з Дзінай Корзун, «Сямейная вячэра а палове на другую» (Ганна Бальшова, Анатоль Васільеў, Вольга Волкава) выклікалі надзвычайную цікавасць у гасцей фестывалю.

 У дзень закрыцця «Славянскага базару» канцэртная зала «Віцебск» збірала наведнікаў на драму «Мужчынскі водар» (у галоўных ролях — Даніл Страхаў, Вольга Ламаносава, Інга Аболдзіна) ад тэатральнай кампаніі «Маскарад». На наступны дзень пастаноўка выправілася ў Мінск. Цікава, якія са спектакляў фестывалю беларусы пабачаць зноў, а якія так і застануцца віцебскім эксклюзівам?

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».