Вы тут

Адсутнасць фільтраў


Звычайны кінафестываль — гэта жорсткі адбор, дзе да гледача даходзяць стужкі, якія адабрала журы. «Нефільтраванае кіно» — сітуацыя зусім іншая. Фільмы для публікі тут не адбіраюць — паказваюць тое, што прыходзіць (а гэта кіно з Еўропы, Азіі, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі). Цікавасць да такога кшталту праглядаў толькі павялічваецца: сёлета праект адзначае сваё трохгоддзе чарговым фестывалем, які ладзіцца з 21 па 23 ліпеня. Навошта нам патрэбныянеадсартаваныя фільмы, распавёў стваральнік праекта Аляксандр Мартынюк.


— Паглядзець за тры дні ўсе конкурсныя карціны немагчыма. Таму кіно без фільтра таксама трэба выбіраць. Як гэта адбываецца?

— У мінулых выпусках «Нефільтраванага кіно» мы не адбіралі стужкі наогул. Адзінае, што вырашылі сартаваць, — гэта «Амерыканскі DIY». Таксама рабілі падборкі для непадрыхтаванага гледача і для кінааматара, бо тыя стужкі, што ўваходзілі ў раздзел для падрыхтаванай публікі, нават горшыя за арт-хаус, вельмі складаныя для ўспрымання і разумення. Сёлета фільмаў прыйшло вельмі шмат, таму конкурсную праграму вырашылі зрабіць з больш лёгкім кіно, якое спадабаецца кінаману і масаваму гледачу, і пазаконкурсныя паказы. А крытэрый адбору быў просты: уключалі ў праграмы стужкі, рэжысёры якіх пагадзіліся прыехаць на фестываль.

— Як прыйшло разуменне, што такі праект патрэбен?

— Мы з сябрамі заснавалі кінафестываль Cinema Perpetuum Mobile, рабілі перадпрагляды перад конкурсам (прайшло больш за 30 кінапаказаў за 4 месяцы). Неверагодны досвед — калі вялікая колькасць абсалютна розных людзей збіралася і глядзела ўсё, што дасылалі на адбор кінафестывалю. Тое самае кіно «без фільтра». Менавіта з гэтага і вырасла мая ініцыятыва «Нефільтраванае кіно». Мне падабалася атмасфера кватэрніка, калі ў хатняй абстаноўцы можна глядзець нонстопам па 30 стужак запар.

— Што прадугледжвае канцэпцыя «Нефільтраванага кіно»?

— Фестываль заўсёды змяняецца, няма канона. Але першапачатковая ідэя — каб глядач не адарваўся ад рэальнасці, а, наадварот, паглыбіўся ў яе яшчэ больш. Мяркую, гэта кшталту горкай пілюлі, але глядач тут становіцца экспертам у мастацтве, спрабуе зразумець: сапраўдны ці несапраўдны той ці іншы мастацкі твор. Мы не даём устаноўку, што бачыць на экране, — мы прапаноўваем стаць даследчыкам мастацтва, вось і канцэпцыя не мае значэння: мастацтва ці не, гэта выказванне, і трэба глядзець яго як ёсць, без фільтра.

— У праграме — стужкі ледзьве не з усіх краін, але беларускіх няма...

— Летась айчынныя рэжысёры даслалі нам толькі тры фільмы, таму сёлета нацыянальную праграму вырашылі скасаваць. Чамусьці айчынныя кінематаграфісты не вельмі актыўныя, іх даводзіцца ледзьве не прымушаць паўдзельнічаць у фестывалі. Не ведаю, з чым гэта звязана, магчыма, з тым, што наша ініцыятыва некамерцыйная і не мае сувязі з кінаіндустрыяй. Здаецца, быццам «Нефільтраванае кіно» несур’ёзнае і несапраўднае, бо ніякай фінансавай карысці ўдзел у праекце не прынясе. Да таго ж ёсць магчымасці паўдзельнічаць у конкурсах за мяжой, а гэта лічыцца больш прэстыжным.

— Амерыканскі фестываль аўтарскага кіно «Sundance» збірае вялізную аўдыторыю. А якая тэндэнцыя на «Нефільтраваным кіно»?

— Калі ацэньваць беларускую аўдыторыю кінааматараў колькасна, то гэта дробныя часцінкі, якія носяць мікраці нанахарактар, гэта вельмі незаўважная лічба людзей, асабліва ў параўнанні, скажам, з канцэртам Стаса Міхайлава. Таму казаць пра публіку складана, але прыкладная колькасць наведнікаў паказаў — каля некалькіх дзясяткаў, часам 50. Узгадалася гісторыя, калі мы ладзілі фестываль CPM у холе кінатэатра «Цэнтральны», а ў гэты ж час у зале ішоў нейкі блокбастар. Мы шукалі нашага гледача, раздавалі лістоўкі, і хтосьці з тых, каму мы далі лістоўку, сказаў: «Я што, падобны да таго, хто ходзіць на фестывалі?». Вось такая сітуацыя з аўдыторыяй, але гэта праблема не толькі Беларусі — у Германіі, напрыклад, здараецца, што на буйны паказ не прыходзіць ні аднаго чалавека.

— Акрамя кінапаказаў вы будзеце ладзіць лекцыі і майстар-класы. Як збіраецеся адукоўваць гледача?

— Мы не супраць таго, каб адукоўваць гледача ў пытаннях кінематографа, але ўсё ж галоўнае для нас — размова. Мы запрасілі для майстар-класаў прафесіяналаў, якія могуць быць цікавыя нашай аўдыторыі: напрыклад, Дыега Фандас выкладае ў Пражскай кінашколе і зняў фільм «Космас» па матэрыялах, сабраных ва Усходняй Еўропе, а Майкл Флорэс рыхтуецца да здымак свайго фільма ў Мінску і шукае аднадумцаў, якія маглі б паўдзельнічаць у здымках, таму дыялог будзе карысным для абодвух бакоў.

— Чым каштоўны кароткі метр?

— Тым, што гэта малабюджэтнае кіно, а значыць, дае большую творчую свабоду і больш магчымасцяў выказацца. Адзін з рэжысёраў, які дасылаў нам заяўку на ўдзел, параўнаў кароткаметражныя стужкі з музыкай. Магу патлумачыць гэта такім фактам: у Беларусь прыедзе амерыканскі рэжысёр Майкл Флорэс, які тут хоча зняць фільм так, каб у ім быў заўважны нацыянальны каларыт. І ў кінематаграфіста ёсць дылема: звяртаць больш увагі на тэхнічныя моманты ці здымаць на драйве, як ёсць. Вось гэта і ёсць асаблівасць кароткага метра — нешта незаўважнае, як у музыцы, драйв. Кароткі метр — моцны канцэнтрат, які асабліва важны сёння, калі ў людзей не хапае часу на поўнаметражнае кіно.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».