Вучыцца здымаць кіно, натхняцца навыкамі і досведам майстроў кінамастацтва, жывучы пры гэтым у палатках на прыродзе, — жаданне кожнага кінааматара. «Хранатоп» — праект, прысвечаны незалежнаму кароткаметражнаму кіно, — прапануе такую магчымасць.
«Штаб» мультымедыйнага праекта «Хранатоп» знаходзіцца ў аграсядзібе «Арт-вёска Каптаруны» ўжо другі год. Нязменнымі застаюцца і арганізатары: беларускія рэжысёры Андрэй Кудзіненка і Андрэй Палупанаў, а таксама пісьменнік і мастак Артур Клінаў, які і стварыў з Каптарунаў, што знаходзяцца за 200 км ад Мінска на мяжы з Літвой, арт-вёску.
— У Беларусі шмат падзей, але нашая галоўная праблема — адасобленнасць. Рэжысёры закрытыя, сядзяць у розных кутах самі па сабе. Таму асноўная ідэя нашага праекта — адкрытасць і супрацоўніцтва, — патлумачыў Андрэй Кудзіненка.
Сёлета праект пашырыў межы: фестываль стаў міжнародным. Сярод удзельнікаў можна сустрэць Андрэя Сільверстава, рэжысёра з Расіі, заснавальніка Лігі эксперыментальнага кіно і клуба Сіне-Фантом. Пакажуць свае фільмы рэжысёры Пётр Расалоўскі з Польшчы і Аляксандра Чупрына з Украіны.
Падзеі «Хранатопа» падзяляюцца на дзве часткі — тэорыю і практыку, ці кінафорум і кіналетнік. Форум памежнага кіно «ХРАНАТОПь. ART: REBOOT» пройдзе ў Каптарунах 22 і 23 ліпеня. Сёлета на форуме абмяркоўваецца кіно памежжа, «пераходу», мастацтва паміж камерцыйным і аўтарскім, сацыяльным і эксперыментальным, (пост)рэальным і выдуманым, аналагавым і лічбавым, індустрыяльным і постіндустрыяльным. Абстрагавацца ад свету, акунуцца ў творчую атмасферу — галоўнае, чаму будуць вучыцца ўдзельнікі. Памерці ў адным стане, а нарадзіцца зусім у іншым. Дарэчы, распачне форум лекцыяй «Памежнасць: дыягназ часу ці трэнд?» адзін з арганізатараў праекта Андрэй Кудзіненка.
За гэтыя два дні адбудуцца кінапаказы, сустрэчы з рэжысёрамі і перфомансы. Запланаваныя лекцыі філосафаў Альміры Усманавай і Андрэя Горных, гукарэжысёра Яўгена Рагозіна, кінакрытыка Антона Сідарэнкі. Між іншым узяць удзел у форуме можа хто заўгодна: і той, хто ўжо калісьці працаваў у кіно, і той, хто сутыкаецца з гэтым упершыню.
Працягнецца форум адукацыйным кіналетнікам Андрэя Палупанава і Андрэя Кудзіненкі, які правядуць з 24 па 28 ліпеня. Цягам тыдня ўдзельнікі будуць вучыцца ствараць кіно з нуля — такая практыка карысная як для рэжысёраў, акцёраў, аператараў, сцэнарыстаў, так і для аматараў кінематографа. Вынікам школы стануць кароткаметражныя фільмы, лепшыя з якіх увойдуць у кінаальманах «Хранатоп».
— Будзем працаваць невялікімі камандамі з чатырох-пяці чалавек. Гэта ж вельмі займальна — сачыць за тым, як з гаму нешта нараджаецца. Галоўнае — супрацоўніцтва, наша калектыўная праца. Варыцца ў гэтым «узвары» рыхтаваць незалежнае і парадаксальнае кіно будзем усе разам. Бо кіно — гэта ж мастацтва. Але ўсё, што цяпер паказваюць у кінатэатрах, мастацтвам назваць цяжка, — распавёў Кудзіненка.
Ствараць кіно — праца нялёгкая, а ствараць кароткаметражнае кіно — яшчэ больш складана. За невялікую колькасць часу трэба паспець распавесці пра самае важнае. Тыя кінапрацы, што былі адзнятыя летась, атрымаліся нестандартнымі і сапраўды парадаксальнымі. Напэўна, таму што былі створаныя сапраўды зацікаўленымі ў развіцці беларускага кіно. А які ж патэнцыял у беларускіх незалежных рэжысёраў? Андрэй Кудзіненка адзначае, што патэнцыял ёсць ва ўсіх і заўсёды:
— Пытанне ў іншым: што далей? На першым этапе ўсе мастакі, але што за гэтым? З кім супрацоўнічаць? І як пракатваць? Мы ж здымаем кіно калектыўна за пяць капеек. Шчыра кажучы, я быў здзіўлены нашым дэбютам год таму. Напрыклад, дзве працы, «Адамаў яблык» і «Вянок», атрымаліся вельмі моцнымі, фестывальнымі. Яшчэ пяці фільмам пазайздросціла б нават Акадэмія мастацтваў.
Нягледзячы на тое, што леташнія фільмы настолькі здзівілі, арганізатары спадзяюцца, што сёлета будзе хаця б не горш, чым у мінулым. Мабыць, атрымаецца адкрыць новыя таленты ці нават стварыць сапраўдныя шэдэўры кароткага метра.
Ксенія ВЯДЗМЕДЗЬ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.