Вы тут

Якім быць новаму музею МТЗ?


Нядаўна Мінскі трактарны завод пачаў прапаноўваць незвычайную паслугу — любы ахвотны можа за 9 рублёў паўдзельнічаць у зборцы легендарнага беларускага трактара. Першымі «работнікамі на дзень» сталі пяць чалавек: два беларусы, два швейцарцы і амерыканец, якія выканалі пяць аперацый на канвееры пад кантролем спецыялістаў. Гэта толькі адна з ідэй, якія прадпрыемства рэалізоўвае ў сферы прамысловага турызму. Найбольш амбіцыйная — стварэнне ўласнага музея, праца ў гэтым кірунку ўжо вядзецца. Карэспандэнты «Звязды» завіталі на МТЗ і даведаліся, што ён будзе з сябе ўяўляць.


Загадчык музея Аміня Байтасава і «Залаты Меркурый».

Работа ў былым памяшканні завадской пральні, куды ў ранейшыя часы жыхары Трактаразаводскага пасёлка прыходзілі праць рэчы, ідзе поўным ходам. Ужо працуе «рэцэпцыя» будучага музея — раней тут быў гардэроб, а цяпер можна набыць шматлікія сувеніры: футболкі з прынтамі трактароў, кубкі, ручкі, статуэткі. У хуткім часе ў продажы з'явяцца і білеты ў сам музей — у суседнім вялікім памяшканні рабочыя шчыруюць бесперапынна. А ў складское памяшканне ў кардонных каробках паступова пераносяць будучыя экспанаты, карпатліва сабраныя па розных цэхах і адміністрацыйных будынках.

— Вядома, музей у нашага завода быў і раней, — расказвае загадчык будучай установы Аміня БАЙТАСАВА. — У 1971 годзе да 25-годдзя з дня стварэння прадпрыемства ў Палацы культуры МТЗ адкрылі невялікую экспазіцыю, прысвечаную гісторыі завода. Большая частка экспанатаў адтуль цяпер «перакачавала» да нас. У 2006 годзе былі планы па мадэрнізацыі музея, але атрымалася дакладна наадварот — старую ўстанову закрылі, а экспанаты раз'ехаліся па цэхах, упраўленнях і аддзелах. Але цяпер пытанне стала зноў актуальным, бо мы, па-першае, працуем над сваім іміджам, а па-другое, развіваем кірунак прамысловага турызму.

Сам музей будзе складацца з некалькіх комплексаў. На адкрытай пляцоўцы перад уваходам размесцяцца самыя легендарныя мадэлі трактароў. Рарытэтныя машыны ўжо збіраюць па ўсёй краіне (нядаўна, напрыклад, у адной з гаспадарак выкупілі двухмільённы трактар, выпушчаны на заводзе) і даводзяць да ладу — усё павінна быць у працоўным стане. «Першапраходцы» МТЗ-2, МТЗ-5 і МТЗ-7, МТЗ-50, што асвойваў цалінныя землі Казахстана, легендарны МТЗ-80, які выпускаецца і сёння, — за рулём кожнага з гэтых трактароў змогуць пасядзець наведвальнікі будучага музея.

У першай частцы экспазіцыі раскажуць пра гісторыю станаўлення прадпрыемства: узвядзенне завода пасля вайны, прасоўванне прадукцыі ў тыя далёкія часы, медалі і ўзнагароды МТЗ. Так, у Мінскага трактарнага завода ёсць цэлы шэраг ордэнаў, пра якія ведаюць многія: Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі і іншыя. Але некаторыя ўзнагароды інакш як унікальнымі не назавеш. Напрыклад, мангольскі ордэн Палярнай зоркі — яго прысуджалі тым, хто дабіўся поспехаў у справе ўмацавання абараназдольнасці Мангольскай Рэспублікі, развіцці народнай гаспадаркі, культуры або аховы здароўя. Узнагароду пад нумарам 24 667 МТЗ атрымаў за тое, што з 1971 па 1985 гады выпусціў для гэтай краіны больш як 300 тысяч трактароў «Беларус» — лічба без перабольшання фантастычная. У асноўным гэта былі тыя самыя МТЗ-80.

Той самы ордэн Палярнай зоркі — адна з малавядомых узнагарод прадпрыемства.

Загадчыца музея дэманструе і так званы «Залаты Меркурый» — статуэтку, якой узнагароджваліся сусветныя лідары, персоны і кампаніі, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё грамадства і рашэнне важных праблем. У ліку адзначаных прызам знаходзяцца, напрыклад, колішні прэзідэнт Францыі Жорж Пампіду, прэзідэнты ЗША Джэральд Форд і Рональд Рэйган, генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў і многія іншыя. МТЗ статуэтку атрымаў у 1980 годзе разам з такімі прадпрыемствамі, як Волжскі і Горкаўскі аўтамабільныя заводы, Харкаўскі авіяцыйны завод, рыжскі завод ВЭФ.

— Другой важнай часткай экспазіцыі стане зала «Гісторыя МТЗ у асобах», — каментуе Аміня Байтасава. — Тут мы раскажам гісторыі ўсіх дырэктараў, галоўных канструктараў і інжынераў прадпрыемства, Герояў Сацыялістычнай Працы, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Асобнае месца зоймуць гісторыі працоўных дынастый. Многія з іх вельмі павучальныя, гэта дапаможа нам захоўваць карпарацыйныя традыцыі.

Наступны раздзел будзе мець назву «МТЗ — гораду і краіне». Тут наведвальнікам пакажуць, што прадпрыемства дало іншым людзям: якія будынкі былі ўзведзены дзякуючы Мінскаму трактарнаму, для якіх ініцыятыў завод стаў спонсарам... Згадаюць сярод іншага і гісторыю Трактаразаводскага пасёлка, якому цяпер пагражае знікненне. На думку стваральнікаў музея, гэта быў унікальны праект, калі разам з прадпрыемствам ствараўся цэлы раён з уласнай інфраструктурай. У холе размесцяць некалькі яго фотаздымкаў, датаваных часам росквіту — 60 гадамі мінулага стагоддзя.

Асобна раскажуць пра тое, што МТЗ даў усяму свету. Тут размесціцца карта, на якой схематычна пакажуць рынкі збыту прадукцыі (цяпер — 138 краін), адзначаць партнёраў завода, паведамяць, дзе нашы спецыялісты займаюцца навучаннем замежнікаў. Апроч гэтага, у музеі ўсталююць спецыяльны 5D-сімулятар, на якім кожны ахвотны зможа ў віртуальнай рэальнасці адчуць сябе кіроўцам легендарнага «Беларуса». Больш за тое — за камп'ютарам можна будзе нават сканструяваць уласны трактар: распрацаваць мадэль, «выпусціць» дэталі і сабраць машыну.

— Канцэпцыя яшчэ можа змяняцца, мы ствараем і адначасова імправізуем, — кажа загадчыца. — Многія супрацоўнікі самі прыходзяць да нас са сваімі ідэямі, мы іх абавязкова абмяркоўваем, прымаем да ўвагі. Таму музей стане вынікам калектыўнай працы ўсяго прадпрыемства.

Экзэмпляр першага серыйнага трактара МТЗ-2 ужо ўпрыгожвае завадскі сквер. А ў новым музеі для рэтра-машын створаць цэлую асобную пляцоўку.

Хто ж стане асноўнымі наведвальнікамі экспазіцыі? На думку Аміні Байтасавай, гэта ў першую чаргу будуць школьнікі з усёй Беларусі. Для вучняў 1—5 класаў тут збіраюцца праводзіць спецыяльныя музейныя заняткі. Яны будуць уяўляць з сябе своеасаблівыя «ўрокі», разлічаныя на 45 хвілін, якія будуць праходзіць у гульнявой форме, бо звычайныя экскурсіі дзяцей не вельмі захапляюць. Юным наведвальнікам дапамогуць разабрацца ва ўстройстве трактара, прычым абяцаюць, што дэталі машын можна будзе патрымаць у руках, убачыць прынцып іх работы. Менавіта самыя малодшыя будуць зацікаўлены згаданым вышэй пакоем віртуальных гульняў. На прадпрыемстве не хаваюць, што хацелі б такім чынам зацікавіць дзяцей працай на МТЗ і ўвогуле ў сферы машынабудавання.

Чакаюць тут і студэнтаў, і навучэнцаў, пераважна профільных устаноў: Мінскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа, аўтатрактарнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Ды і простых жыхароў сталіцы музей можа зацікавіць, бо менавіта ў гісторыі трактарнага завода ў многім увасабляецца пасляваенны лёс горада. Не на апошніх месцах будуць і замежнікі, у тым ліку ганаровыя госці.

— Я думаю, што ўжо ў верасні мы адкрыемся для наведвальнікаў — хутчэй за ўсё, да Дня машынабудаўніка, — кажа Аміня Байтасава. — Вядома, спачатку толькі часткова, а ўжо потым у працэсе будзем дапаўняць экспазіцыю, магчыма, нешта змяняць. Думаю, што далей будзем праводзіць і тэматычныя выстаўкі.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Рэтра-трактары і 5D-сімулятар

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.