Вы тут

Пазашлюбныя сувязі — самая частая прычына звароту да псіхатэрапеўтаў


Розныя апытанні і даследаванні паказваюць, што ў мужчын і жанчын зусім не аднолькавыя погляды на тое, што ў народзе называецца здрадай. Мужчыны выступаюць за двайныя стандарты — сабе дазваляюць куды больш, чым жанчынам. Жанчыны схіляюцца да раўнапраўнай маралі — амаль аднолькавыя патрабаванні прад'яўляюць як да сябе, так і да партнёра, наогул з'яўляюцца кансерватарамі ў большай ступені, супраць здрады для абодвух полаў. У большасці выпадкаў людзі, якія выказваюцца за дапушчальнасць пазашлюбных сувязяў, трымаюцца гэтай пазіцыі і ў паводзінах.


— Што часцей за ўсё становіцца прычынай шлюбнай нявернасці? Гэта можа быць новае каханне, характэрнае для тых шлюбаў, дзе яно не мела асаблівага значэння або адсутнічала наогул, напрыклад у парах, што сышліся вымушана, з-за нейкай выгады, пачуцця адзіноты ці па іншых рацыянальных прычынах, — разважае намеснік галоўнага ўрача па памежнай псіхіятрыі Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Наталля БЕРАЗОЎСКАЯ. — Другой прычынай можа быць помста за тую ж нявернасць. Або, напрыклад, калі паміж мужам і жонкай няма ўзаемнасці. Пачуцці могуць падштурхнуць на пошук кахання ў іншым партнёры, дзе магчыма ўзаемнасць. Бывае, што здраднік не кахае новага партнёра, але адгукаецца на яго пачуццё. Для шлюбу са стажам або ў сем'ях, дзе імкнуцца атрымаць ад жыцця ўсё магчымае, можа мець месца пошук новага любоўнага перажывання. Нявернасць дапамагае некаторым людзям запоўніць дэфіцыт любоўных перажыванняў (калі даводзіцца жыць у працяглай разлуцы або партнёр па шлюбе цяжка хварэе — пры нейкіх абмежаваннях на паўнату кахання ў шлюбе). Здрада — гэта яшчэ і фактычны вынік стварэння новай сям'і, калі першая ўспрымаецца як нежыццядзейная. Нарэшце, бываюць і выпадковыя сувязі без рэгулярнасці і глыбінных перажыванняў — у выніку ап'янення, настойлівасці партнёра, што называецца, «зручны выпадак»...

Мужчыны часцей кажуць пра свае пазашлюбныя сувязі як пра сексуальныя ці эротыка-сексуальныя прыгоды, тлумачаць іх палавой патрэбай, часовай адсутнасцю жонкі і значна радзей — каханнем. Спрыяе здрадзе і звычайнае ап'яненне. А вось жанчыны характарызуюць свае раманы пераважна ў эмацыянальным свеце. На пошук героя свайго рамана яны часцей за ўсё рашаюцца з-за незадаволенасці шлюбам.

Хто схільны да пошуку шчасця на баку?

Сярод мужчын гэта...

...донжуаны. Нарцысы, няспелыя асобы, якім падабаецца... падабацца.

...лаўцы жанчын. Іх палавая актыўнасць тлумачыцца патрэбай у пераменах, разнастайнасці, або яны проста перакананыя, што мужнасць даказваецца вялікай колькасцю сексуальных перамог.

...вечна незадаволеныя. Кахання шукаюць, але ні з адной жанчынай не маюць пастаянных эмацыянальных сувязяў.

Сярод жанчын гэта...

...спакусніцы. Хочуць кахаць і мець паклоннікаў, для чаго выкарыстоўваюць і секс, хоць сапраўднае імкненне да палавых сувязяў, як правіла, невялікае.

...схільныя да прыгод. Шукаюць сексуальных прыгод з мінімальным уцягваннем у пачуцці. Дома яны добрыя жонкі і маці, любяць мужа. Партнёра для прыгод выбіраюць самі.

...безабаронныя. Не здольныя да адмовы — палавая страсць мужчыны выклікае ў іх пачуцці ў адказ. Самі ініцыятывы не праяўляюць, задавальненне атрымліваюць, калі пакорна аддаюцца партнёру, не могуць аказаць супраціўлення, бо ён «мацнейшы».

...незадаволеныя. Не могуць знайсці задавальнення ні ў чым — ні ў мужы, ні ў рабоце, ні ў сябрах. Сумняваюцца ў правільнасці выбару партнёра, нават калі жывуць з ім працяглы час. Лёгка ўлюбляюцца ў новага, якога звычайна пераацэньваюць.

Вярніся, я ўсё дарую

Жанчыны, якія здрадзілі, пасля псіхатэрапеўтычнай работы вяртаюцца ў сям'ю, і палюбоўнік страчвае для іх прывабнасць.
У мужчын захоўваецца небяспека вяртання да палюбоўніцы нават праз 5—6 гадоў пасля разрыву сувязі.

Любая здрада небяспечная для сям'і. Той, каго падманулі, дзейнічае або агрэсіўна (у дачыненні да любога з бакоў), або абараняецца. Абарончая рэакцыя — гэта ўмоўны развод з частковым захаваннем стасункаў і ўстанаўленнем нявернаму пэўнага тэрміну для спынення сувязі.

У здрадзе ніколі не бывае вінаваты нехта адзін. Як бы цяжка ні было, вельмі важна зразумець, які ўклад унеслі менавіта вы.

Для таго каб наладзіць стасункі з тым, хто правініўся, неабходна спыніць дэманстрацыю свайго негатыўнага стаўлення да партнёра, паказаць гатоўнасць да прымірэння, цярпліва дачакацца рашэння вінаватага боку. Дараванне, якое мы дорым партнёру, — не прыніжэнне, а наша велікадушнасць. Калі мы здолеем дараваць, то не захочам помсціць, а значыць, вернем і павагу, і блізкасць.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пацягнула на прыгоды...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».