Вы тут

У Абухаве гадуюць спартсменаў і мараць аб узнаўленні басейна


Наўрад ці знойдзецца другая такая вёска, дзе б так актыўна займаліся спортам. А як сведчыць закон дыялектыкі, колькасць заўсёды пераходзіць у якасць. Так атрымліваецца і ў Абухаве Гродзенскага раёна. Штогод адсюль выходзяць майстры спорту, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў.


Мікалай Янушкевіч з узнагародамі сваіх выхаванцаў.

Што за фасадам

Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа ў аграгарадку Абухаве з выгляду не такая ўжо і прыкметная. Аднапавярховы будынак больш падобны на прыбудову. Раней тут быў клуб, аб чым нагадваюць пано на сцяне, выкладзеныя з каляровага шкла і кавалкаў люстэрка. Драўляная падлога пафарбавана ў цёмна-чырвоны колер. Цяпер у гэтым будынку займаюцца вольнай барацьбой і знаходзіцца адміністрацыя. Адразу каля ўвахода — кабінет дырэктара. Гаспадар запрашае прайсці ў памяшканне.

— У мяне тут скураных канап няма, я не шыкую, — кажа Мікалай Янушкевіч, — сталы хіба што ад былых гаспадароў засталіся, а мы тут ужо амаль 35 гадоў... Ёсць больш надзённыя патрэбы — форму трэба купіць, спартсменаў аздаравіць. Мы, напрыклад, сваім выхаванцам падчас лагернай змены прапаноўваем чырвоную ікру, шашлык, барбекю...

У калідоры звяртаю ўвагу на стэнды з фотаздымкамі самых славутых выхаванцаў школы. Іх за тры дзесяцігоддзі сабрана некалькі сотняў. Пераможцы рэспубліканскіх, міжнародных спаборніцтваў, удзельнікі Алімпіяды, прызёры Параалімпійскіх гульняў. Але здзівіла сціплае афармленне — ні табе шкляных вітрын, ні партрэтаў у сучасных рамках. А гэта як-ніяк самая лепшая спартыўная школа на ўвесь рэгіён...

І ўсё ж разумею, што галоўнае — гэта ўмовы для заняткаў. А яны тут даволі прыстойныя. Прасторная зала для барацьбы, трэнажоры, адрамантаваныя санвузлы і раздзявальні. Як аказалася, гэта не ўся спартыўная школа. Валейбольная зала пабудавана значна пазней і прымыкае да сярэдняй школы.

— Збіраюся аформіць там вітрыны для нашых узнагарод — кубкаў, медалёў, грамат, — каментуе Мікалай Васілевіч, — бо на маіх стэлажах не хапае месца. Бачыце, колькі іх тут — больш за паўсотні... І гэта далёка не ўсе...

«Мы прымаем усіх...»

Так адбылося, што самымі папулярнымі ў аграгарадку сталі валейбол і вольная барацьба. Успамінаю, як у школьныя гады захапляліся гэтымі відамі спорту і ў нашай вясковай школе, таксама ў Гродзенскім раёне. Вядома ж, любілі гуляць у валейбол. Памятаю, як аднекуль з'явіўся трэнер па барацьбе, і амаль усе хлопцы з класа сталі барцамі. Нешта падобнае адбылося і ў Абухаве. Сабраліся аматары спорту, пачысцілі школьны падвал і пачалі трэніроўкі.

— Набіралі малодшых школьнікаў, — успамінае дырэктар спартыўнай школы, — у секцыю ішлі цэлымі класамі. Мы і цяпер прымаем усіх, няхай займаюцца, усё ж лепш, чым за камп'ютарам сядзець...

Хоць і няпроста — адарваць дзетак ад гаджэтаў, але трэнер Аляксей Гедройць вельмі добра ўмее гэта рабіць. Кажуць, што ён трэнер «ад Бога» і нейкія запаветныя словы ведае, каб заахвоціць малых да спорту.

— Якія сакрэты? Дзеці бачаць: у нас свая валейбольная зала, тут цікава і можна чагосьці дабіцца, — выказвае сваё меркаванне Аляксей Мечыслававіч. — Яны растуць. Пераходзяць на новы ўзровень...

Каманду па валейболе «Легіён» з Абухава спартыўныя балельшчыкі добра ведаюць, бо яна ўжо некалькі гадоў уваходзіць у вышэйшую лігу і ў мінулым сезоне заняла чацвёртае месца ў чэмпіянаце краіны. Усе ўдзельнікі каманды — выхаванцы мясцовай спартыўнай школы, а некаторыя ўваходзяць у склад нацыянальнай юніёрскай зборнай.

— За тое, што спорт у нас у пашане, трэба падзякаваць раённым уладам, старшыні райвыканкама Яну Васілеўскаму, — адзначае галоўны трэнер «Легіёна». — Можна сказаць, што гэта падтрымка якраз і вывяла нашу школу ў вялікі спорт. Вядома, і наш калгас «Абухава», і прафсаюз АПК выдзяляюць сродкі на развіццё каманды.

Выдатныя вынікі паказваюць і спартсмены-барцы з Абухава. Сямёра з іх уваходзяць у асноўны склад нацыянальнай зборнай.

— У нас кожны месяц па барацьбе медаль, — з гонарам гаворыць Мікалай Янушкевіч. — З Гродзенскай вобласці толькі нашы спартсмены такі высокі вынік паказваюць. У нас чацвёртае месца нават не каціруецца, толькі першыя тры.

Мікалай Васілевіч трымае спіс спартсменаў, якія паказалі высокі вынік за апошнія чатыры гады на першынстве Еўропы і свету. Цэлая надрукаваная старонка. Тут і спаборніцтвы ў Польшы, Балгарыі, Славакіі, Сербіі, Швецыі, Грузіі. Цікава, але больш удала выступаюць барцы-дзяўчаты. Напрыклад, мы ў школьныя гады і не ўяўлялі сабе такіх гурткоў. Валейбол — калі ласка, з задавальненнем, а каб барацьбой займацца... Як аказалася, дзяўчаты і гэты від алімпійскі спорту адолелі.

— Раней я і сам думаў, што гэта не жаночы спорт, але цяпер бачу — дзяўчаты робяць барацьбу эфектнай. Выходзяць такія прыгожыя, з баявым запалам, — усміхаецца Мікалай Васілевіч. — І перамагаюць!

Усе на спартакіяду! Вясковую...

Калі Абухава — самы спартыўны ў рэгіёне аграгарадок, то сям'я Курыштаў — самая спартыўная ў акрузе. З пяцярых дзяцей трое — майстры спорту.

З бацькам сямейства мы сустрэліся на цэнтральнай плошчы аграгарадка. Дзмітрый Іванавіч прыехаў з суседняй вёскі, што за некалькі кіламетраў ад Абухава. Падцягнуты, загарэлы — ні табе жывата, ні лішніх кілаграмаў. Каб захаваць добрую форму, раіць больш працаваць і адмовіцца ад тытуню і алкаголю. Сам ён даўно іх не ўжывае. З бацькі, відаць, узялі прыклад і дзеці.

— Яны ў мяне дарослыя. У некаторых свае сем'і, працуюць, як і мы з жонкай, у калгасе. Але ўсе фанаты спорту, — расказвае Дзмітрый Курышта. — Найбольшых поспехаў дасягнулі мае двайняты — Саша і Насця. Цяпер у сталіцы трэніруюцца перад чэмпіянатам свету, будуць выступаць за зборную краіны.

Бацька расказаў, што Насця стала майстрам спорту ў 16 гадоў. Цяпер яна з братам вучыцца ў гродзенскай школе алімпійскага рэзерву, неаднаразова выходзіла прызёрам на міжнародных спаборніцтвах, атрымлівае імянную прэзідэнцкую стыпендыю ў сферы фізічнай культуры і спорту.

Дзмітрый Іванавіч успомніў, як сам некалі хадзіў на заняткі ў той самы школьны падвал. Зараз умовы значна лепшыя. Усе трэнеры апантаныя сваёй справай — таму і вынікі ў выхаванцаў добрыя. Ды і сам шматдзетны бацька не супраць размяцца. Сабраў такіх жа аматараў, разам абсталявалі пляцоўку пад спартыўныя гульні. Трава на гэтым полі не расце, бо тут заўсёды ёсць каму мяч паганяць.

А яшчэ ў Абухаве папулярная мясцовая спартакіяда. Камандаў набіраецца нямала, яны спаборнічаюць у валейболе, настольным тэнісе, дартсе, рыбнай лоўлі. Пераможцаў калгас і прафсаюз узнагароджвае кубкамі і грашовымі прэміямі. Дзмітрый Іванавіч і яго дзеці, што працуюць у калгасе, заўсёды гатовы свае спартыўныя здольнасці паказаць. Такім чынам, у кожнага ў сям'і Курыштаў ёсць свая спартыўная арэна.

Ці запрацуе басейн?

Пры тым што аграгарадок кідае выклік вялікаму спорту, сам населены пункт губляе важныя спартыўна-аздараўленчыя аб'екты. Вось ужо некалькі гадоў, як у Абухаве перастаў працаваць басейн. Некалі яго будаваў калгас, але затым аб'ект перадалі на баланс раёна. Спачатку тут планавалі правесці рамонт, але тэрмін рэканструкцыі зацягнуўся...

— Столькі дзяцей і дарослых сюды раней хадзілі, з навакольных вёсак цэлымі класамі прыязджалі, — успамінае дырэктар дзіцячай спартыўнай школы Мікалай Янушкевіч, — і вынікі добрыя на спаборніцтвах былі па плаванні. А галоўнае — дзецям са скаліёзам, іншымі захворваннямі гэта вельмі дапамагала. А зараз у раёне няма ніводнага басейна.

Па праўдзе кажучы, ва ўсёй вобласці толькі некалькі басейнаў дзейнічае. Вось і тут, у Абухаве, моцны з выгляду будынак у самым цэнтры аграгарадка пустуе. А між іншым, населены пункт трапіў у прэтэндэнты на атрыманне статусу «аграгарадок будучыні». У дзіцячай спартыўнай школе спадзяюцца, што ў сувязі з гэтым будзе звернута ўвага і на стан басейна.

Разам з тым ёсць планы па будаўніцтве стадыёна. Але ці патрэбны ён тут? — задаецца пытаннем Мікалай Васілевіч. І прапаноўвае сваё бачанне развіцця спартыўнай інфраструктуры.

— Перад нашай школай дзве роўныя пляцоўкі. Можна ўладкаваць на адной тэнісны корт, на другой — у валейбол, напрыклад, гуляць. Ёсць месца і для дзіцячага гарадка, зімой можна коўзанку заліваць. І школьнікам зручна — школа сярэдняя побач, каб урокі фізкультуры тут праводзіць. Ёсць прыстасаваныя раздзявальні.

Новая інфраструктура дала б магчымасць азеляніць наваколле. Пакуль гэта цяжка зрабіць з-за нявызначанасці тэрыторыі.

Праект аграгарадка будучыні толькі фарміруецца, але ёсць падставы меркаваць, што пажаданні жыхароў населенага пункта будуць улічаны.

У тэму

Адвячоркам удалося звязацца па тэлефоне з Насцяй Курыштай — адной з самых маладых, але тытулаваных спартсменак з Абухава. Цяпер яна знаходзіцца ў сталіцы на зборах, а ў канцы ліпеня прыме ўдзел у юніёрскім чэмпіянаце свету ў Фінляндыі. Пагаварылі пра яе трэніроўкі, планы на будучыню. Пакуль 18-гадовая дзяўчына думае застацца ў спорце. Усе ж такі з шасці гадоў займаецца вольнай барацьбой дзякуючы першаму трэнеру Юрыю Борчанку. Свой выбар тлумачыць сямейнай справай, а таксама добрымі ўмовамі для развіцця гэтага віду спорту. Не выключае і ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Праўда, не ў наступных 2020 года ў Токіа, а, можа, крыху пазней.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чэмпіёны з вёскі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».