Вы тут

Чэмпіёны па веславанні ў Бабруйску растуць не дзякуючы, а насуперак


Пра заслугі бабруйскіх весляроў ведаюць нават тыя, хто далёкі ад гэтага віду спорту. Дастаткова нагадаць толькі некалькі прозвішчаў: Віктар Рэнейскі, Андрэй і Аляксандр Багдановічы, Дзяніс Махлай, Надзея Макарчанка... Бабруйская школа веславання — адна з наймацнейшых у Беларусі. На нядаўнім чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у балгарскім Плоўдзіве, бабруйскія выхаванцы Андрэй Багдановіч і Дзяніс Махлай заваявалі «срэбра». А перад гэтым віншавалі з «золатам» і «бронзай» Надзею Макарчанку, якая пераможна выступіла са сваёй напарніцай. Парадокс толькі ў тым, што ўся гэтая зорная плеяда вырасла ў Бабруйску не дзякуючы, а насуперак усім канонам вяслярнага спорту.


Да выхаванцаў тут ставяцца па-бацькоўску.

База спатыкнення

Апошнім часам бабруйская база па веславанні, дзе займаюцца ўсе спартсмены, пачынаючы ад 9 гадоў і старэйшыя, амаль цэлы год, акрамя некалькіх зімовых месяцаў, стала прадметам абурэння вядучых беларускіх СМІ — і друкаваных, і электронных. «МС» не збіраецца чарговы раз наракаць на тыя ўмовы, у якіх выхоўваюцца бабруйскія спартсмены. Тым больш, што на гэтай базе іх наогул няма. Мы толькі паспрабавалі разабрацца, чаму так адбываецца ў той час, калі вельмі вялікая ўвага ў краіне надаецца алімпійскім відам спорту.

У сонечны дзень вяслярная база спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву выглядае нядрэнна. Ва ўсякім разе знешне. Перад уваходам у яе нават кветачкі растуць, пасаджаныя руплівай рукой. Будынак 50-х гадоў мінулага стагоддзя старанна пафарбаваны, дзе можна, падрамантаваны. Бачна, што кіраўніцтва як можа клапоціцца пра састарэлую нерухомасць. А вось уражанні ад убачанага ўнутры наганяюць, мякка кажучы, журбу. Маленькія раздзявальні, адсутнасць выгод і сялянская печка замест цэнтралізаванага ацяплення. На палічцы стаіць памятка для апальшчыка. З супрацьпажарнай бяспекай тут строга. Трэнажорны пакойчык — пяці чалавекам не размінуцца. Назваць гэта залай язык не паварочваецца. Тым больш, што менавіта тут знаходзіцца топка печкі. Інвентар таксама самы сціплы — штангі ды перакладзіны, каб падцягвацца. Як кажуць, без каментарыяў.

Загадчык базы Кірыл Цярэнцьеў толькі паціскае плячыма і не без іроніі кажа: «Нацзборная Беларусі таксама тут займаецца падчас збораў і не плача». Маўляў, усе ў краіне даўно ў курсе, якія тут умовы.

Замест цэнтральнага ацяплення печка.

Радуемся падарункам

Для аддзела адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага райвыканкама, на балансе якога непасрэдна знаходзіцца вяслярная база, гэты аб'ект сапраўднае пакаранне. У гарадскім бюджэце не хапае грошай не толькі на будаўніцтва новай базы, але нават і на тэхнічнае пераўзбраенне існуючай.

— Добрая гоначная лодка каштуе, як добры аўтамабіль, — кажа галоўны спецыяліст аддзела Аляксей Варанкоў. — Мы пра гэта нават не марым. Дзякуй нацыянальнай зборнай, рэспубліканскаму цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі, якія перадаюць нам ужываны інвентар, ён нам вельмі патрэбны. Наогул для забеспячэння вучэбнага працэсу шмат чаго неабходна — лодкі, у тым ліку з маторамі, трэнажоры, камізэлькі... У поўным камплекце таго, чаго хацелася б, няма, але мы робім усё, што ў нашых сілах. Хоць інвентар часткова яшчэ савецкіх часоў.

На вяслярнай базе выпадкова сутыкаюся з Віталем Асецкім. Ён будучая надзея бабруйскага веславання, на чэмпіянаце Еўропы заняў пятае месца. Прашу падзяліцца, якія эмоцыі выклікаюць у яго тутэйшыя ўмовы для трэніровак. «Ды ўсё нармальна, — паціскае ён плячыма. — Праўда, за восем гадоў, што я тут займаюся, нічога не змянілася. Толькі рака абмялела. Ды і лодкі далёка не сучасныя».

База наогул жыве сціпла. Яе загадчык Кірыл Цярэнцьеў удакладняе, што апошнім часам купілі камізэлькі, шэсць вёслаў. З Магілёва некалькі лодак перадалі. Зараз на базе каля 70 лодак, але хацелася б болей. Або, ну чаго б не памарыць, замяніць іх на новыя. Адзіны плюс у гэтай сітуацыі — дзеці займаюцца бясплатна.

Так званая трэнажорная зала.

Гісторыя з барадой

Новую вяслярную базу ў Бабруйску чакаюць — страшна нават падумаць — амаль 30 гадоў.

— Ад Алімпійскіх гульняў у Сеуле, калі Віктар Рэнейскі стаў двухразовым алімпійскім чэмпіёнам, — удакладняе трэнер легендарнага весляра Барыс Бірукоў. — Менавіта тады кіраўніцтва горада паставіла пытанне аб будаўніцтве сучаснай базы. Потым хваля сціхла, а праз 20 гадоў, калі алімпійскімі чэмпіёнамі сталі браты Багдановічы, зноў пачала падымацца. Тут пабывалі ўсе, пачынаючы ад кіраўніцтва горада, заканчваючы прадстаўнікамі Міністэрства спорту і турызму. І кожны казаў, што трэба гэта пытанне рашаць.

Пакуль бабруйская вяслярная школа трымаецца на голым энтузіязме. Трэнеры над сваімі выхаванцамі трасуцца болей, чым некаторыя маці. «Як тваё самаадчуванне? Нічога не баліць? А настрой які?» Для трэнера гэта важна ведаць, каб падабраць адпаведную нагрузку. І вельмі крыўдна ўсведамляць, што ні іх талента, ні майстэрства вучняў, якія дэманструюць высокі клас на Алімпіядах, не хапае, каб ім стварылі нармальныя ўмовы. Тое, дзе сёння спартсмены вымушаны займацца, у Барыса Бірукова нават язык не паварочваецца назваць базай.

— Нашым спартсменам, якія выязджаюць на чэмпіянаты свету і Еўропы і бачаць, у якіх умовах працуюць іх канкурэнты, становіцца тут тужліва, — з горыччу кажа ён. — На сёння любы спорт, тым больш такі як наш, складаны тэхнічна, на месцы не стаіць. Мы жывём у ХХІ стагоддзі, а гэта ўсё ўжо састарэла, не адпавядае сучасным патрабаванням. Мы варымся ў сваім соку, працуем, як той казаў, за ідэю. Такія цэнтры па веславанні, як у Гомелі, Мінску, Брэсце па спартыўных збудаваннях далёка сышлі наперад. У іх сучасныя базы, вяслярныя каналы, абсталяванне, інвентар. У іх ёсць цёплыя раздзявальні, душавыя, залы агульнай фізічнай падрыхтоўкі са спецыяльнымі трэнажорамі — і ўсё гэта пад адным дахам. Для нас гэта вельмі важна, бо ў нашым відзе спорту мы залежым ад надвор'я. Сёння цёпла і ўсё выдатна, а калі холадна і дождж, патрэбны дах над галавой. Таму ў нас трэніроўкі зрываюцца. Вы бачылі нашы закуткі. Дрэннае надвор'е — бацькі многіх дзяцей не пускаюць на трэніроўкі, каб не захварэлі.

Нельга сказаць, што спробы ўдасканаліць базу на Берагавой не рабіліся. Аднойчы нават разглядалі варыянт, каб падвесці цяпло. Але, калі падлічылі, зразумелі, што гэта не рацыянальна. Бо плошча не дазваляе зрабіць тут душавыя пакоі, санвузлы, больш прасторныя раздзявальні. З аднаго боку падпірае прыватны сектар. З другога боку базы яшчэ дзвюх дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ — «Бярэзіна» і «Шыннік». Умовы, дарэчы, у іх не лепей.

Пакуль гэта мара.

Палац, якога няма

Для вастрыні адчуванняў едзем з Аляксеем Варанковым на тое месца, дзе павінна была стаяць новая база — блакітная мара ўсіх бабруйскіх весляроў. Пляцоўка — выдатная. Прастора, пад'езд, спуск да вады. На праекце база выглядае як палац. Але сціплы. Тут прадугледжана ўсё толькі самае неабходнае — гардэроб, залы агульнафізічнай і спецыяльнай падрыхтоўкі, элінгі для захоўвання лодак і памяшканне для іх рамонту. А таксама пакой адпачынку, трэнерскія і масажныя кабінеты, пяць раздзявальняў з цывілізаванымі шафамі і душавымі кабінамі. Для тутэйшых спартсменаў сапраўдная раскоша.

Некалькі гадоў таму былі нават спадзяванні, што ўсё гэта матэрыялізуецца. Бабруйчане заручыліся падтрымкай былога памочніка Прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Ігара Заічкова, які, як вядома, у 2012 годзе апынуўся ў адстаўцы. Але, як кажуць у Бабруйскім гарвыканкаме, на этапе праектавання будучай базы нават аказвалася нейкая дапамога. Чакалася, што і пры будаўніцтве частковы ўдзел у фінансаванні прымуць рэспубліка і вобласць. У 2013 годзе, калі з'явіўся гэты праект, трэба было знайсці 45 мільярдаў на будаўніцтва. Узвесці аб'ект планавалася за 9 месяцаў. Але ўсё так і засталося на паперы. У бабруйскім упраўленні камунальнага будаўніцтва паведамілі, што праектная дакументацыя ўжо састарэла. І калі знойдуцца грошы на аб'ект, то прыйдзецца часткова яе перарабляць. А гэта дадатковыя выдаткі. Хоць вялікіх спадзяванняў на тое, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшы час, у Бабруйску не маюць. Шкада толькі , што з-за гэтага прэстыж веславання падае. Як сказала маці аднаго перспектыўнага спартсмена, сваю дачку ў гэты від спорту ні за што не аддасць. Хай спачатку ўмовы ствараюць. Невялікая страта? Хто ведае. Магчыма, так мы губляем патэнцыяльных чэмпіёнаў.

Начальнік упраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Віктар Сцяпанаў:

— Сітуацыя сапраўды складаная. Ёсць традыцыі, ёсць вынікі, ёсць добрыя трэнеры, але грошай няма ні на ўзвядзенне новай вяслярнай базы ў Бабруйску, ні для будаўніцтва вяслярнага канала ў Магілёве. У Магілёве работы зроблены толькі на 60% і зараз не вядуцца, бо, паўтаруся, на гэты момант не хапае сродкаў. А пакуль не будзе дабудаваны згаданы аб'ект, пра новы ў Бабруйску не можа ісці і рэчы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Бабруйскі феномен

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».