Вы тут

Завяршаецца абмеркаванне актаў, накіраваных на развіццё бізнесу


Мінімальнае ўмяшанне дзяржавы ў эканамічную дзейнасць суб'екта гаспадарання і павышэнне асабістай адказнасці кіраўніка. Пра гэта і іншае беларускія сенатары разважалі падчас круглага стала, што прайшоў у Гомелі.

У краіне завяршаецца абмеркаванне пакета прававых актаў, накіраваных на развіццё прадпрымальніцтва. Савет Рэспублікі прыняў у ім самы актыўны ўдзел. Важныя дакументы былі прааналізаваны з удзелам членаў Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, а таксама прадпрымальнікаў рэгіёна і прадстаўнікоў выканаўчай улады.


Гомельшчына — тэрыторыя патэнцыялу, генерацыі і распаўсюджвання інавацый, адзначае старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір Панцюхоў, і менавіта таму сенатары выбралі горад над Сожам для сваёй паездкі:

— Штогод апошнія пяць гадоў вобласць, яе асобныя раёны і гарады перамагаюць у рэспубліканскіх конкурсах, якія вызначаюць рэгіёны, што спрыяюць вядзенню бізнесу. Мэта дзяржавы, як і бізнесу адна — павышэнне дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва.

Доля малога і сярэдняга бізнесу ў бюджэце Гомельшчыны сёння складае 17%, гаворыць старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Алег Барысенка. Між тым планы на 2020 год — 30%. Член Савета Рэспублікі, старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько адзначае, што самым галоўным вынікам перамен, якіх чакаюць ад прыватнага бізнесу, будзе папаўненне мясцовых бюджэтаў:

— Гэта вядзе да пашырэння сацыяльных магчымасцяў. У нашым раёне за паўгода зарэгістравалася ўжо 110 індывідуальных прадпрымальнікаў, і з іх пяць — малыя прадпрыемствы. Усяго цяпер іх 376. Прыходзяць да нас не толькі беларусы, але і замежнікі. Трэба, каб прадпрымальніцтва мела магчымасць атрымання аддачы. Каб грошы, якія будуць укладацца ў развіццё, стымулявалі павышэнне заробкаў.

Каб спрасціць умовы работы прадпрымальнікаў, паўстала неабходнасць значнага ўдасканалення заканадаўства, лічыць член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар кампаніі «Марка» Мікалай Мартынаў:

— Каб ісці ў нагу з часам, развіваць эканоміку, даўно трэба зняць залішнюю нагрузку на бізнес. Заканадаўчая і выканаўчая ўлады на месцах павінны ствараць усе ўмовы для вядзення бізнесу. Частка парушэнняў у той жа падатковай сферы адбываецца без злога намеру — проста таму, што, каб у ёй разабрацца, трэба трымаць армію вопытных бухгалтараў. Беларускі бізнес гатовы сумленна плаціць падаткі, а чыноўнікам на месцах трэба смялей ісці насустрач наватарам у бізнесе і не баяцца браць на сябе адказнасць. У сваю чаргу, удасканаленне заканадаўства — адна з самых важных дзяржаўных задач, і нельга, каб ад адной коскі залежаў сэнс закона. Важна, каб мы ўсе чыталі законы аднолькава.

Сенатары вывучалі магчымасці і складанасці на прыкладзе шэрагу гомельскіх прадпрыемстваў. Яны наведалі вытворчую базу прадпрыемства «Гомельаблдарбуд», якое па аб'ёмах асфальтабетону, які тут выпускаецца, займае трэцяе месца ў краіне. Прадпрыемствы «Камконт» і «Алкапак» маюць розны профіль, але ж абодва ўваходзяць у свабодную эканамічную зону «Гомель-Ратон». Кіраўнік яе адміністрацыі Антаніна Яжова гаворыць, што сёння тут працуе капітал 16 краін свету. За гады існавання гэта пляцоўка для развіцця бізнесу і прыцягнення замежных інвестараў сябе апраўдала. Спрыяльныя ўмовы прыносяць плённы вынік, у чым і пераканаліся сенатары. Напрыклад, кампанія «Алкапак» сёння закрывае 95% патрэб Беларусі ў адмысловых корках для алкагольнай прадукцыі.

Інкубатар для развіцця бізнесу ў Гомельскім тэхнапарку, дзе сёння 18 рэзідэнтаў, таксама прыцягнуў увагу членаў Савета Рэспублікі. Яго дырэктар Дзмітрый Марозаў адзначае, што адна з мэт і нават місія — зрабіць так, каб таленавітыя дзеці заставаліся на радзіме, а не шукалі месца пад сонцам у іншых краінах. Спектр дзейнасці кампаній, многія з якіх робяць грошы ў віртуальнай рэальнасці, вельмі шырокі — ад распрацоўкі мабільных праграм да вырабу нанатэхналагічнага даследчага абсталявання. Напрыклад, унікальны партатыўны глюкометр для дыябетыкаў распрацавала кампанія «АйЦіСапортМі». Яе амерыканскі дырэктар па тэхналогіях фірмы Glоbаl Hеаlthсаrе Mаnаgеmеnt Андрыс Васкіс расказвае, што калектыў гомельскага філіяла пачынаўся з двух праграмістаў і за пяць гадоў вырас да сотні чалавек:

— І мы не спыняемся, наш вялікі і дружны калектыў будзе расці. Дарэчы, тут, на Беларусі, вельмі таленавітыя маладыя людзі. Менавіта іх трэба прыцягваць і прасоўваць далей.

Падобныя праекты, адзначаюць сенатары, трэба падтрымліваць, бо яны спрыяюць стварэнню станоўчага іміджу краіны. Дарэчы, такі бізнес-інкубатар, як у СЭЗ «Гомель-Ратон» — не адзіны ў краіне. Аналагічных у нас больш за два дзясяткі. Адным з важных пастулатаў новага дакумента пра развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы, які ў хуткім часе павінны быць прыняты на ўзроўні Прэзідэнта, з'яўляецца ўжыванне прынцыпу самарэгулявання бізнесу. Пры гэтым дзяржаўныя органы павінны мінімальна ўмешвацца ў дзейнасць прадпрымальнікаў. Індыкатар стварэння спрыяльных умоў для развіцця дзелавога асяроддзя ва ўсім свеце — работа малога і сярэдняга бізнесу, нагадвае дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі Пётр Арушаньянц:

— Работа па падрыхтоўцы пакета дакументаў праводзілася каля паўгода з удзелам максімальнай колькасці прадстаўнікоў бізнесу і дзяржаўных органаў. Сёння яна на завяршальнай стадыі. Патрабаванні да бізнесу плануеццца паменшыць у разы. Напрыклад, былі сабраны і прааналізаваны ўсе пажарныя нормы. Высветлілася, што абавязковыя патрабаванні складаюць 586 пунктаў. Цяпер адсеклі ўсё, што можна перадаць на ўзровень самарэгулявання, і засталося ўсяго 58 пунктаў. У 10 разоў скарацілі колькасць пунктаў у санітарных нормах. Па ліцэнзаванні пералік скарочаны на 40%. Калі бізнес адпавядае ўстаноўленым патрабаванням, ён адкрыты і празрысты, прадпрымальнік бярэ на сябе адказнасць і пачынае дзейнасць. Ліцэнзаванне будзе заставацца толькі ў тых галінах дзейнасці, якія датычыцца пытанняў бяспекі, аховы здароўя і жыцця грамадзян.

Да таго ж, расказаў Пётр Арушаньянц, адабрана 23 найбольш распаўсюджаныя віды эканамічнай дзейнасці, у якіх засяроджана 95% суб'ектаў гаспадарання. Большасці з іх пасля прыняцця новых правілаў для прадпрымальнікаў пры адкрыцці сваёй справы не трэба будзе браць нейкія дадатковыя дазволы. Толькі — зрабіць апавяшчэнне ў мясцовыя органы ўлады і з наступнага дня можна пачынаць працаваць. Мяркуецца таксама абвясціць мараторый на павышэнне падатковых ставак. А крыху пазней распрацаваць і значныя змяненні ў Падатковы кодэкс Беларусі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Імідж краіны і... бізнес

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».