Вы тут

На некаторыя спецыяльнасці прахадныя балы выраслі на 50—80 пунктаў


Беларускія ВНУ на гэтым тыдні завяршаюць залічэнне на бюджэтную форму навучання. У некаторых вышэйшых навучальных установах, дзе абітурыенты паступалі толькі па выніках ЦТ, ужо нават абвясцілі імёны будучых першакурснікаў. Але, напрыклад, у творчых ВНУ да 26 ліпеня яшчэ працягваюцца ўступныя выпрабаванні па профільных дысцыплінах.


У БДУ «руліць «міжнароднае права»

У Белдзяржуніверсітэце гэтымі днямі адбываецца адкрытае залічэнне на першы курс. Новыя рэкорды сёлета ўстанавілі абітурыенты, якія паступалі на факультэт міжнародных адносін (ФМА). Так, на спецыяльнасцях «міжнароднае права» і «міжнародныя адносіны» прахадны бал склаў 384, на спецыяльнасці «лінгвакраіназнаўства» — 381.

Не сталі нечаканасцю і вельмі высокія балы на спецыяльнасцях эканамічнага профілю: «сусветная эканоміка» — 371, «менеджмент» (кірунак — менеджмент у сферы міжнароднага турызму) — 366, «мытная справа» — 359, «менеджмент» (кірунак «міжнародны менеджмент, інавацыйны менеджмент») — 367, «эканамічная інфарматыка»— 364, «фінансы і крэдыт» — 356, «эканоміка»— 353, «эканамічная тэорыя» — 343.

На юрыдычным факультэце самы высокі прахадны бал (368) быў зафіксаваны на спецыяльнасці «эканамічнае права». Мяжа пасунулася на 9 пунктаў у параўнанні з папярэднім годам.

Сур'ёзная канкурэнцыя назіралася сёлета таксама і на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, дзе адбыўся істотны рост прахадных балаў. Да таго ж без экзаменаў сюды былі залічаны 26 чалавек (гэта пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд). Прахадныя балы па асобных спецыяльнасцях размеркаваліся наступным чынам: «прыкладная інфарматыка» (кірунак — «праграмнае забеспячэнне камп'ютарных сістэм») — 372 (летась быў 364), «інфарматыка» — 360 (летась — 349), «актуарная матэматыка» — 352 (было 338), «камп'ютарная бяспека» (кірунак — «матэматычныя метады і праграмныя сістэмы») — 352 (быў 335), «прыкладная матэматыка» — 341 (было 305), «эканамічная кібернетыка» — 335 (было 302).

Адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў прагназаваў, што на некаторых спецыяльнасцях прахадныя балы ўзрастуць на 30—50 пунктаў, і не памыліўся. Так, на спецыяльнасць «радыёфізіка» прахаднымі сталі 295 балаў, а ў папярэднім годзе — 241; на спецыяльнасці «аэракасмічныя радыёэлектронныя і інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» — 290 (быў 252); «фізічная электроніка» — 284 (быў 232); «камп'ютарная бяспека» (кірунак — «радыёфізічныя метады і праграмна-тэхнічныя сродкі») — 317 (быў 288); «прыкладная інфарматыка» (кірунак — «інфармацыйныя тэхналогіі тэлекамунікацыйных сістэм») — 309 (быў 278).

Але лідарам па прыросце прахадных балаў стаў механіка-матэматычны факультэт. На асобныя спецыяльнасці прахадныя балы тут склалі: «матэматыка» (кірунак — «навукова-вытворчая дзейнасць») — 321 (у 2016 годзе — 260); «матэматыка» (кірунак — «навукова-канструктарская дзейнасць») — 314 (у 2016 годзе — 241); «механіка і матэматычнае мадэляванне» — 293 (у 2016 годзе — 218); «матэматыка» (кірунак — «навукова-педагагічная дзейнасць») — 290 (у 2016 годзе — 214).

БДПУ працуе над якасцю

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце пасяджэнне прыёмнай камісіі па залічэнні на бюджэтную форму навучання адбудзецца 28 ліпеня. Але ўжо сёння ў прыёмнай камісіі ўніверсітэта кажуць аб паспяховасці прыёмнай кампаніі бягучага года.

Усяго ва ўніверсітэт было пададзена 3045 заяў, або амаль на 400 заяў больш, чым у 2016 годзе. Пры плане прыёму на дзённую бюджэтную форму навучання ў 800 месцаў сярэдні конкурс па ўніверсітэце складае больш за 2 чалавекі на месца, а на асобныя спецыяльнасці ён перавышае 10 чалавек на месца. Школьных медалістаў альбо ўладальнікаў дыплома ССНУ з адзнакай сярод абітурыентаў 171, выпускнікоў ліцэяў і гімназій — каля 300 чалавек.

— Значны рост прахадных балаў назіраецца практычна на ўсіх педагагічных спецыяльнасцях у нашым універсітэце, — каментуе адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ Сяргей ЯКАВЕНКА. — На некаторых ён складае 50—80 пунктаў. На 80% спецыяльнасцяў будуць залічаны абітурыенты, якія набралі не менш як 250 балаў. На шэрагу спецыяльнасцяў прахадны бал перавысіць адзнаку ў 330.

На факультэтах: філалагічным, фізічнага выхавання, а таксама эстэтычнай адукацыі яшчэ праходзяць унутраныя выпрабаванні. Але ўжо зараз можна казаць пра тое, што прахадны бал на некаторых спецыяльнасцях гэтых факультэтаў будзе не ніжэй за 300.

Прыёмная кампанія 2017 года адметная яшчэ і тым, што ўпершыню ва ўніверсітэт паступаюць выпускнікі профільных педагагічных класаў. На працягу двух гадоў яны асвойвалі факультатыў «Уводзіны ў педагагічную прафесію», спрабавалі сябе ў ролі педагогаў, працуючы з малодшымі школьнікамі.

Сёлета падалі заявы ў БДПУ і паспяхова прайшлі гутаркі без прад'яўлення сертыфікатаў ЦТ 107 выпускнікоў педагагічных класаў. 20 працэнтаў з іх скончылі ліцэі і гімназіі.

— Сярэдні бал атэстата ў гэтай катэгорыі нашых абітурыентаў ад 9 і вышэйшы. Па профільных прадметах яны павінны былі мець адзнаку ў атэстаце не менш як 8 балаў. Многія з іх з'яўляюцца пераможцамі алімпіяд і конкурсаў, займаюцца грамадскай дзейнасцю. Гэта добра падрыхтаваныя і матываваныя абітурыенты, якія ўжо са школы рыхтаваліся стаць настаўнікамі, — падкрэслівае з задавальненнем Сяргей Якавенка.

А раптам пашанцуе?

І ўсё ж такі прасочваюцца сёлета і даволі сумныя тэндэнцыі, калі на вышэйшую адукацыю, прычым на бюджэтную форму навучання, прэтэндуюць і абітурыенты з вельмі нізкімі баламі. Інакш як яшчэ можна растлумачыць той факт, што свае дакументы заўляюць у прыёмныя камісіі маладыя людзі, якія маюць у суме за тры сертыфікаты плюс сярэдні бал атэстата, менш як 100 балаў? Для прыкладу, у Ваеннай акадэміі з такімі баламі абітурыенты спадзяюцца паступіць на спецыяльнасці «кіраванне мотастралковымі падраздзяленнямі» і «кіраванне танкавымі падраздзяленнямі». У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце на «лясную гаспадарку» падалі свае дакументы 8 чалавек, якія маюць менш як 100 балаў, на спецыяльнасць «тэхналогія электрахімічных вытворчасцяў» — 2 чалавекі з такімі ж «бліскучымі» сертыфікатамі. Абітурыент, які мае менш як 110 балаў, марыць паступіць у БДТУ на «паліграфічнае абсталяванне і сістэмы апрацоўкі інфармацыі», а абітурыент, які не дацягнуў да 130 балаў, замахнуўся «на эканоміку і кіраванне прадпрыемствам». Гэта пры тым, што на 22 бюджэтныя месцы на гэтай спецыяльнасці прэтэндуюць 83 чалавекі.

Вельмі нізкія прахадныя балы назіраюцца на шэрагу спецыяльнасцяў у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце: «канструяванне і тэхналогія вырабаў са скуры» — 130, «аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцяў» — 145, «вытворчасць тэкстыльных матэрыялаў» — 122, «вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій» — 163. Затое патрэбы ў дадатковым наборы тут сёлета няма. Не без праблем, але ўсе бюджэтныя месцы запоўніліся.

Наступны этап прыёмнай кампаніі — падача дакументаў на платную форму навучання. Тэрміны залічэння ў ВНУ сілавых ведамстваў на платную форму навучання — па 2 жніўня, у творчых ВНУ — па 3 жніўня, у сельскагаспадарчых і іншых ВНУ — па 6 жніўня.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Матэматыка ўмацоўвае свае пазіцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».