Вы тут

Так для света грае лета...


Фота Анатоля Клешчука

Ліпень зусім не радуе нас цяплом. Ды і дажджы з навальніцамі мы бачым усё часцей. Так, у надвор’я змяніўся характар, ён стаў нецярплівы і зменлівы, нярвовы і запальчывы... Але і гэтым летам можна ўхапіць некалькі сонечных цёплых дзянькоў, каб захаваць яго ў сэрцы і грэцца ўспамінамі... Узгадваюцца мінорныя радкі, якія пісаў Янка Купала больш за сто гадоў таму:

Так для света грае лета

Песню спеўную быцця...

Чаму ж мне ў ім стала мала

I пацехі, і жыцця?..

Тым не менш, нягледзячы на халоднае лета, у нашу краіну актыўна пранікаюць новыя звяры, птушкі, расліны і казуркі, якія жывуць у паўднёвых шыротах. Беларусь усё больш прываблівае “турыстаў”, якія мараць застацца назаўсёды. Біёлаг Аляксандр Шляхцёнак раскажа пра новы для нашай краіны від асы ў матэрыяле “В поисках чужеродной осы”.

А пра тое, колькі гадоў вадзе і для чаго трэба ведаць яе ўзрост, у сваім інтэрв'ю Аксане Яноўскай распавядзе Галіна Лучына, вядучы інжынер аддзела фізіка-хімічных даследаванняў філіяла “Цэнтральная лабараторыя”, унікальны спецыяліст, адзіны ў нашай краіне, які валодае методыкай вызначэння ўзросту вады.

У нашай пастаяннай рубрыцы “Метэаклуб” мы раскажам пра яркія, маляўнічыя атмасферныя з'явы – маланку, навальніцу і град. Яны, асабліва ў апошні час, выклікаюць вялікую цікавасць. Беларусы цяпер нават кажуць, што жывуць “у аранжавым узроўні небяспекі”, настолькі часта яго аб’яўляюць. Пра тое, як звязаны навальніца, гром і маланкі, што такое шаравая маланка і як паводзіць сябе ў навальніцу, чытайце на старонках часопіса.

Фатограф Анатоль Кляшчук адправіцца ў падарожжа з арнітолагам Аляксандрам Вінчэўскім, дырэктарам грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і вялікім сябрам “Роднай прыроды”, у рыбгас “Волма” – сапраўдны рай для біёлага. У вяснова-летні перыяд колькасць птушак тут дасягае амаль двухсот відаў. Пра гэта і многае іншае чытайце ў фотарэпартажы “Лунёвае лета”.

А ці ведаеце вы, што ў заказніку «Сакаліны» былі выпушчаны на волю маладыя сокалы? Яны адправіліся ў першы палёт не з роднага гнязда, а з чалавечых рук. Як птушкі засталіся сіротамі і хто іх гадаваў, даведаецеся з матэрыяла “Лети, соколенок, высоко!”.

Наш часопіс унікальны яшчэ і таму, што, чытаючы маляўнічыя рэпартажы, можна трапіць у запаведныя мясціны Беларусі, а праз хвіліну апынуцца ў… садах Індыі і Кітая. Пра гэта піша ў новай рубрыцы “Знакамітыя сады Сусвету” Аляксандр Вашчанка. Ён сцвярджае, што ў Індыі адносіны да кожнага дрэва ці кветкі адрозніваюцца асаблівай любоўю і пяшчотай. Мабыць, таму менавіта ў Індыі ўдалося захаваць аўтэнтычнасць садоў і паркаў і пазбегнуць істотнага ўплыву іншых культур.

Таксама наш часопіс вітае новага супрацоўніка, таленавітую Кацярыну Кірэеву, якая раскажа пра тое, што пешшу можна дайсці і за межы Беларусі. Гэта паказалі на ўласным прыкладзе вучні Цэльскай школы, якія здзейснілі паход у Смаленск.

Побач з новымі рубрыкамі і аўтарамі застаецца і ўпадабаная “Жывая сімволіка” Аксаны Катовіч. Аўтар раскажа пра народныя вераванні, якія тычацца “Боскай працаўніцы” – пчалы, а таксама пра тое, чаму мёд лічыўся ежай багоў.

Для шчаслівых уладальнікаў катоў і сабак – наша пастаянная рубрыка “Кот и пес”, у якой фелінолаг Ірына Касцючэнка распавядзе пра надзённыя праблемы дарослага ката, а  кінолаг Андрэй Шкляеў адкажа на пытанне, навошта патрэбна школа для сабак.

Шчыра спадзяёмся на тое, што наш часопіс, які пастаянна адкрывае новыя таямніцы прыроды, спадабаецца чытачам не толькі як інфармацыйны сродак з прафесійнымі фотаздымкамі, але і як экалагічная, выхаваўчая і пазнавальная крыніца, цікавая для дзяцей і дарослых.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».