Вы тут

Крэўскі замак можа знікнуць назаўсёды


Пабудаваны ў пачатку XІV (а па некаторых крыніцах, у канцы XІІІ) стагоддзя, ён быў сведкам ключавых падзей у гісторыі не толькі нашай краіны, а цэлай Еўропы. За сем стагоддзяў існавання Крэўскі замак не аднойчы станавіўся арэнай барацьбы за ўладу. Тут вырашаўся лёс дзяржаў, аб'ядноўваліся вядомыя каралеўскія дынастыі. Адно са старэйшых абарончых збудаванняў на тэрыторыі Беларусі бралі ў асаду мяцежныя князі, маскоўскія ваяводы, перакопскія татары...


Від з нямецкіх пазіцый на Траецкую царкву і Княжаскую вежу Крэўскага замка. Зіма 1915—1916 гадоў.

Але найбольш Крэўскі замак пацярпеў у гады Першай сусветнай вайны. Амаль два з паловай гады — з верасня 1915-га па люты 1918 года — праз яго праходзіла лінія фронту. Воіны Рускай імператарскай арміі старажытныя сцены не шкадавалі: з'яўляючыся часткай нямецкай сістэмы абароны, Крэўскі замак не выстаяў пад магутным агнём артылерыі.

Нямецкі акоп, які вядзе да ўвахода ў паўднёва-заходні вугал замка. Зіма, 1915 – 1916 гг.  Ніжэй - талая вада на месцы нямецкага акопа 100-гадовай даўніны. Вясна, 2017 г.

Апошні бой, які ператварыў яго ў руіны, адбыўся акурат сто гадоў таму. Вось як апісвае ліпеньскія падзеі 1917 года рускі генерал Антон Дзянікін, які камандаваў Заходнім фронтам расійскай арміі: «Пасля няўдачы наступлення ўцечка салдат стала ўсё ўзрастаць і да цемнаты дасягнула вялізных памераў. Салдаты, стомленыя, знерваваныя, не звыклыя да баёў і грукату гармат, пасля столькіх месяцаў зацішша, бяздзейнасці, братання і мітынгаў, натоўпамі пакідалі акопы, кідаючы кулямёты, зброю, і сыходзілі ў тыл... Ніколі мне яшчэ не даводзілася біцца пры такой перавазе ў колькасці штыкоў і матэрыяльных сродкаў. Ніколі яшчэ абстаноўка не абяцала такіх бліскучых перспектыў... І ўсё пайшло прахам...»

Варонкі ад артылерыйскіх абстрэлаў 100-гадовай даўніны дагэтуль «упрыгожваюць» унутраны двор Крэўскага замка.

Сённяшні выгляд Крэўскага замка — амаль такі, як і сто гадоў таму. Хроніка яго разбурэння адлюстравана на ўнікальных фотаздымках з калекцыі журналіста Уладзіміра Багданава, якія экспануюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску. Дагэтуль, акрамя нямецкага афіцэра Фрыца Хофмана, яго баявых таварышаў і, вядома ж, уладальніка калекцыі, рэдкія кадры ніхто не бачыў.

Разбураная Траецкая царква (былы касцёл) і разбітыя артылерыяй нямецкія пазіцыі каля паўночна-заходняй сцяны Крэўскага замка. Ліпень, 1917 г. Ніжэй - так гэтае месца выглядае цяпер.

— Гэтай маленькай выставай я хацеў бы прыцягнуць увагу да Крэўскага замка, які з'яўляецца адным з маіх любімых аб'ектаў па тэме Першай сусветнай вайны, — гаворыць Уладзімір Багданаў, які на працягу многіх гадоў даследуе гэты гістарычны перыяд. — Ён перажыў Вялікае Княства Літоўскае, выстаяў падчас польскай дзяржавы, Расійскай імперыі, Савецкага Саюза. Цяпер замак — частка мірнай Беларусі. Але менавіта сёння ён вядзе апошні бой: калі своечасова не прыняць меры, ад аднаго з найстарэйшых архітэктурных збудаванняў нашай краіны нічога не застанецца.

Будынкі для асабовага складу каля ўсходняй сцяны ўнутры замкавага двара. Лета 1916 года.

Нямецкія салдаты часоў Першай сусветнай вайны добра ведалі, дзе знаходзяцца іх войскі. Аб гэтым сведчыць хоць бы такі подпіс да аднаго з фотаздымкаў: «Наша пазіцыя ў замку Ягелонаў, пабудаванага ў XІV стагоддзі». Але іх праціўнікаў мала хваляваў лёс архітэктурнага збудавання. Грубыя сцены Крэўскага замка былі ўсяго толькі ключом у тактычнай абароне немцаў. Іх магла пакарыць толькі вялікая колькасць выстралаў самага буйнога калібру. «На жаль, — піша рускі і польскі генерал Іосіф Доўбар-Мусніцкі, — мне далі мала выстралаў, таму нанёс невялікую шкоду».

Від на Крэва. Зіма, 1915 – 1916 гг.

— У дзяцінстве Крэўскі замак для нас асаблівага значэння не меў, бо мы каля яго нарадзіліся, жылі, — расказвае жыхар Крэва Іван Магер. — Мы ведалі, у якім стане ён знаходзіцца, але важнейшымі для нас, дзяцей, былі нямецкія акопы, бліндажы — там добра было гуляць у вайну. Першая сусветная не толькі знішчыла замак, яна нічога не пакінула ад Крэва: за тры гады вайны тут не засталося ніводнага будынка і падворка — адны варонкі.

Тое, што засталося ад усходняй сцяны Крэўскага замка. Вясна 2017 года.

Тэма Першай сусветнай апошнім часам усё часцей гучыць у сценах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Па словах яго дырэктара Алега Рыжкова, яна перастае быць забытай, як было яшчэ некалькі гадоў таму. «Сёння мы ўпэўнена кажам пра тое, што беларусы ўплывалі на пэўныя сусветныя падзеі, непасрэдна ўдзельнічалі ў іх, што на беларускай зямлі былі падпісаны ўнікальныя палітычныя дакументы», — зазначае дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея.

Від з нямецкіх пазіцый на Траецкую царкву і Княскую вежу Крэўскага замка пасля наступлення рускіх войскаў. Ліпень, 1917 г.

Царква (былы касцёл) у Крэва пасля ўраганнага агню.

Пазіцыі каля руін у Крэва з варонкамі ад вялікіх снарадаў. Ліпень, 1917 г.

 

Колькі месяцаў таму «Звязда» ўздымала балючыя для мясцовых жыхароў і актуальныя для ўсёй беларускай культуры пытанні правядзення работ на тэрыторыі Крэўскага замка і магчымае аднаўленне ці кансервацыю руінаў. Так, паводле меркаванняў спецыялістаў, пра поўнае аднаўленне замка гаворкі пакуль ісці не можа: не захавалася дакументаў з дакладнымі апісаннямі замка, таму сёння нават складана ўявіць, як ён насамрэч выглядаў у старажытныя часы. Аднак адрэстаўрыраваць некаторыя элементы ўсё ж магчыма. Гаворка ідзе пра Княжаўскую вежу: да яе час паставіўся найбольш ашчадна. Мяркуецца, што менавіта з гэтага і пачнуцца работы ў замку. Паводле папярэдняй інфармацыі, Фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва плануе выдзеліць на правядзенне адпаведных работ каля 100 тысяч рублёў. Гэтыя фінансы будуць скіраваныя не толькі на саму рэстаўрацыю і кансервацыю, але і на добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол старажытных руінаў, падтрыманне належнага санітарнага стану. Нават разбураныя сцены сваім рамантычным вобразам могуць шмат распавесці зацікаўленаму.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Уладзіміра БАГДАНАВА і з яго калекцыі

Загаловак у газеце: Замак на перадавой

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».