30 верасня, серада

Вы тут

Як пахне грыб


Дзядуля Мікалай быў у вёсцы майстар на ўсе рукі. Але мелася ў яго з маладосці адно галоўнае захапленне — грыбы. Як толькі для гэтага наступала спакуслівая пара, дзед першы падаваўся з кошыкам і кіем у лес. Ён ведаў кожнае дрэўца, кожны кусцік і ніколі, нават у самыя неспрыяльныя гады, не вяртаўся без здабычы. Не сказаць, каб дзядуля любіў тыя баравікі есці, але не збіраць іх проста не мог.


Дзеда Міколу часта прасілі знаёмыя і сваякі завесці ў лес, дзе можна набраць грыбоў. Напачатку вадзіў. Але як толькі яны траплялі ў яго любімае месца, дзед тут жа выкрэсліваў яго са спісу сваіх любімых і больш туды не паказваўся. І дзесьці меў рацыю: знаёмы прыводзіў у такое месцейка сваіх сваякоў, тыя сваіх знаёмых, і на наступны год там ужо грыбы не раслі.

Таму і хадзіў дзядуля Мікола ў грыбы адзін, ранкам, калі раса ззяе на павуцінні. Ішлі гады, дзядуля старэў, а аднойчы замуцілася ў галаве, ледзь дарогу назад знайшоў. І вырашыў стары сваё захапленне і майстэрства перадаць адзінай унучцы. Папрыглядаўся дзед Мікола да малой і папрасіў у бацькоў дазволу ўзяць у лес шасцігадовую Настачку.

Заехалі на веласіпедзе ў самае грыбное дзедава месца. Ён накіраваў малую, каб ёй цікава было, да першага грыба, які заўважыў. І кажа: «Унучка, чую я — тут пахне грыб. Давай пашукаем, даражэнькая». Тая стала прыглядацца, але прайшла міма. А хітры дзед ізноў па той дарожцы завярнуў, яшчэ бліжэй да грыба. Малая за ім. Ён спыніўся, пастаяў, нібы думаў, куды б падацца, а на самай справе хацеў, каб малая запаволіла хаду і стала лепш прыглядацца. І праз колькі хвілін пачуў ззаду радасны крык: «Дзядуля! Дзядулечка, ты прапусціў баравік. Глядзі, глядзі, а я яго знайшла». Малая ад радасці не ведала з якога боку танцаваць перад лясным прыгажуном, а калі баравік лёг у яе кошык, сур'ёзна дадала: «Дзядулечка, ты не хвалюйся, я і табе дапамагу знайсці баравік».

Дзед ад яе шчырых і такіх непасрэдных слоў квітнеў. Яшчэ шмат разоў ён адчуваў задавальненне ад радасці ўнучкі. Спрытная дзедава Настачка хутка стала збіраць грыбы нароўні з дзедам. А падрасла, у яе сталі іншыя інтарэсы. І дзед зноў стаў хадзіць у лес у адзіноце. Ён не крыўдаваў на ўнучку, разумеў, што вучыцца ёй трэба.

І вось Настачка паступіла ва ўніверсітэт. Паехала ў вялікі горад. А ў першыя выхадныя прыляцела птушачкай дадому. Убачыла дзеда, кінулася яму на шыю і радасна зашчабятала: «Дзядуля, родненькі, я такая шчаслівая буду, калі мы пойдзем з табой у грыбы. Мне так хочацца ў лес».

Стары анямеў ад шчасця: Настачка не забылася яго навуку. Ён хацеў гэтак жа радасна адказаць: «Пойдзем, даражэнькая, вядома, пойдзем», але ў грудзях засеў быццам кол, які сцяў і горла. І тады стары ўзяў за плечы ўнучку і затрос сваёй сівой галавой у знак перапаўняючай сэрца згоды.

Валянціна БОБРЫК, г. Івацэвічы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Інтэр'ер для эстраднай зоркі. Глусчане сведчаць, што Філіп Кіркораў заказваў на іх фабрыцы дзверы

Інтэр'ер для эстраднай зоркі. Глусчане сведчаць, што Філіп Кіркораў заказваў на іх фабрыцы дзверы

Зараз такой фабрыкі няма, але ёсць людзі, якія могуць згадаць гісторыю яе існавання.

Грамадства

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся Музей гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся Музей гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся Музей гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі. 

Грамадства

Злачыннае «паляванне». Як абаранiць сябе ад «аматараў чужой маёмасцi»?

Злачыннае «паляванне». Як абаранiць сябе ад «аматараў чужой маёмасцi»?

Валоданне нейкiмi рэчамi азначае i тое, што на iх могуць паквапiцца староннiя. Няма рознiцы, што гэта — мабiльны тэлефон, сумачка цi бензатрымер.