Вы тут

«Адкуль я ўзяўся?»


Чаму абавязкова гаварыць з дзецьмі пра секс.

Гэты момант аднойчы прыйдзе — і тваё дзіця, сур'ёзна гледзячы табе ў вочы, запытаецца: «Тата, адкуль я ўзяўся?» І гэтае пытанне куды страшнейшае за жончына «Ты памятаеш, які сёння дзень?» Бо з жонкай так ці інакш дасі рады, а вось што сказаць маленькаму чалавеку, як не шакіраваць яго жорсткай фізіялагічнай праўдай пра тое, чым займаліся тата і мама дзеля яго з'яўлення на свет? Таму многія бацькі адцягваюць гэты момант і хаваюцца за байкі пра бусла ці капусту. На самай справе гаварыць з дзецьмі пра секс не толькі можна, але і неабходна. Але як рабіць гэта правільна?


Здавалася б, даўно мінулі тыя часы, калі пры слове «секс» асабліва далікатныя натуры чырванелі. Пра гэта багата гавораць і пішуць не толькі прагныя да рэйтынгаў журналісты, але і сур'ёзныя спецыялісты накшталт псіхолагаў і дактароў. Але не скажаш, што ўсё грамадства ставіцца да гэтай тэмы спакойна і па-медыцынску ўзважана, асабліва калі справа датычыць палавога выхавання дзяцей і падлеткаў. То там, то сям чуюцца істэрычныя выгукі пра «разбэшчванне» маладога пакалення, а палавая асвета выстаўляецца як корань сусветнага зла. Маўляў, меней ведаюць — меней венерычных хвароб і ранніх цяжарнасцяў. Хоць сусветны досвед гаворыць аб адваротным: невуцтва — адна з асноўных прычын вышэйазначаных праблем, бо інстынкт размнажэння ўсё адно працуе, а разумення, што і як з ім рабіць, няма.

А цікавасць да фізіялагічнага боку адносін паміж мужчынам і жанчынай у дзяцей рана ці позна ўзнікае. Хіба што спосабы яе спаталення мяняюцца ў залежнасці ад эпохі. Калі яшчэ не было інтэрнэту з яго «вясёлымі» карцінкамі, мы з аднагодкамі ўпотай гарталі эратычныя газеткі і часопісы. І ў гэтым нашае пакаленне не было ўнікальным: пачытаўшы ўспаміны Янкі Брыля і Рыгора Барадуліна, я зразумеў, што ў беларускай вёсцы з усёй яе традыцыйнасцю і «цнатлівасцю» з сексу ніхто не рабіў сакрэту Палішынеля. Бо гэта жыццё.

Але ў наш больш свабодны ва ўсіх адносінах час многія бацькі баяцца шчыра гаварыць з дзецьмі пра інтымныя адносіны. І робяць тым самым вялікую памылку: не атрымаўшы адказу на пытанне ад таты і мамы, маленькі чалавек звернецца да аднагодкаў або, што больш верагодна, да інтэрнэту. Што ён там прачытае і пабачыць ды ў якой інтэрпрэтацыі — уявіць няцяжка. Ды многія бацькі папросту саромеюцца такой далікатнай тэмы і стараюцца адцягнуць гэтую важную размову.

Хоць саромецца няма чаго: трэба разумець, што секс — гэтакі ж натуральны для чалавека працэс, як яда і сон. І ў той жа час не самае галоўнае, дзеля чаго жыве чалавек. І чым раней мы раскажам сваім дзецям пра гэту з'яву, тым лепей: бо пазбяганне тэмы толькі распальвае цікаўнасць юнай чалавечай істоты да «забароненага плода». Але ж тыповая рэакцыя большасці бацькоў, калі дзіця, напрыклад, выпадкова пабачыла эратычную сцэну ў кіно, — «Прэч адсюль! Няма чаго табе тут глядзець!» Калі вы так робіце, то віншую: вы ўжо «заякарылі» ў свядомасці малога, што ёсць нейкая таямніца, якую дарослыя чамусьці хаваюць. А пасля, калі вы такі наважыцеся завесці размову, то акажацца, што дзіця ўжо вывучыла «матчастку» па відэароліках у інтэрнэце. Вядома, без усведамлення маральна-этычных нюансаў інтымнага жыцця людзей.

Такім чынам, мы прыйшлі да таго, што гаварыць з дзецьмі пра гэта трэба. Але як — таксама праблема для бацькоў. Прычым адзінага адказу на гэтае пытанне няма нават у спецыялістаў: розныя сайты даюць розныя парады. А сярод адпаведных кніг для бацькоў і дзяцей, што даводзілася трымаць у руках, талковых не так багата. Адны напісаны занадта грувасткай мовай, другія — даюць залішнюю інфармацыю, паглыбляючыся ў апісанні сексуальных адхіленняў. Напэўна, ёсць сэнс распрацаваць з удзелам дактароў, педагогаў, псіхолагаў нейкі дапаможнік для школ і бацькоў пра тое, як падаваць дзецям гэтую далікатную тэму. Свайго кшталту падручнік, у якім бы навукова і абгрунтавана тлумачылася, што і да чаго.

Але адно для мяне відавочна: гаварыць з дзіцем пра секс трэба спакойна і будзённа, не чырванеючы. Такім тонам, быццам бы чытаеш інструкцыю да мікрахвалевай печкі. І пры гэтым не надта паглыбляючыся ў нюансы: не трэба перагружаць юныя мазгі. Няхай для іх гэта будзе інфармацыя з таго ж самага шэрагу, што Зямля круціцца вакол Сонца. Базавыя веды пра свет, да якіх ставішся звыкла і без асаблівага ўзрушэння.

Зрэшты, мне ў гэтым сэнсе пашанцавала: у сябе ў хаце я выпадкова знайшоў стары савецкі дыяфільм «Адкуль бяруцца дзеці». Запылены фільмаскоп для яго паказу таксама знайшоўся. Тэхналогія мезазойская, але змест стужкі аказаўся настолькі ўзважаным і вывераным, што навамодныя опусы дзіцячых псіхолагаў проста «кураць» убаку. Хоць дыяфільм быў створаны ў краіне, дзе сексу фармальна не было. Затое быў моцны навуковы падыход. У тым ліку, да выхавання будучых грамадзян.

Валянцін БОЙКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.