Вы тут

Што агульнага ў віцябчан з жыхарамі Манака, Венецыі і Рыа


У Віцебску ўжо рыхтуюцца да чарговага «Базару». Уласны карэспандэнт «Звязды» ў Віцебскай вобласці, выконваючы заданне рэдакцыі падрыхтаваць артыкул наконт сакрэту даўгалецця фестывалю, знайшоў сваю першую акрэдытацыю. Яна за... 1994 год.


Спя­вак Ху­ліа Іг­ле­сі­яс-ма­лод­шы ў ата­чэн­ні дзя­цей з за­слу­жа­на­га ама­тар­ска­га ка­лек­ты­ву Рэс­пуб­лі­кі Бе­ла­русь ха­рэа­гра­фіч­на­га ан­самб­ля «Зор­ка» (Ві­цебск).

Надрукавалі на зялёнай паперцы пішучай машынкай: «Прэса»... І ніякіх галаграм, рознакаляровых надпісаў.

Чакаюць «Базар» за мяжой

За што любяць «Базар»? Дарэчы, а за што кахаюць жанчыну, мужчыну? Проста кахаюць! А фестываль за 26 гадоў існавання стаў той падзеяй, якую чакаюць гараджане, жыхары краіны, зоркі, турысты. На ім не сумна, ёсць заўсёды куды пайсці. А якая цудоўная атмасфера — свята, гасціннасці, дружбы!

Нагадаю, што Аляксандр Сідарэнка, дырэктар віцебскага фестывалю яшчэ і кіраўнік Сусветнай асацыяцыі фестываляў (САФ). Сёлета на «Базары» ў члены САФ прынялі фінскую Міжнародную культурную асацыяцыю горада Турку і расійскі Міжнародны фестываль-конкурс рускай культуры «Вытокі». Адпаведнае рашэнне прынялі падчас нарады ў Віцебску з удзелам дырэктараў асацыяцыі.

Каментуючы падзею журналістам, Аляксандр Сідарэнка адзначыў, што САФ аб'ядноўвае каля 20 міжнародных або вядомых па-за краінай фэстаў, конкурсаў, культурных праектаў. Умова — высокі узровень правядзення. Галоўнае — не колькасць членаў, а якасць праектаў.

Кіраўнікі фэстаў абмяркоўвалі ў Віцебску планы. У прыватнасці, была агучана ідэя ўключыць у склад членаў САФ кіраўнікоў прадзюсарскіх структур, якія апякаюць перспектыўных адораных выканаўцаў.

Аляксандр Сідарэнка таксама паведаміў СМІ пра тое, што ў сталіцах Латвіі і Малдовы мараць прыняць адзін з «базарных» праектаў.

Ды ну яго?

Колькі разоў чуў ад некаторых землякоў пра тое, што «Базар» надакучыў. Што «нармальны гараджанін» павінен з'ехаць з Віцебска, каб толькі не бачыць гэтае «баляванне падчас чумы», «оргію», «жах», «прымітывізм». А зараз нечаканая паралель. У Вікіпедыі прачытаў, што падчас карнавалу ў Рыа-дэ-Жанэйра з-за прытоку турыстаў узнікае востры недахоп месцаў у гасцініцах і назіраецца рост цэн на жыллё. Цытата скарочаная: «Многія жыхары Рыа з'язджаюць з горада, каб спакойна правесці час з сям'ёй». Ну дык літаральна, як пра Віцебск!

Наколькі мы ведаем, эпідэміі чумы — гэта з'ява далёкага мінулага. Наконт «оргій», быў час, калі на вуліцах не забаранялася піць піва і мацнейшыя напоі, і горад перыядычна насамрэч нагадваў нейкі «стан качэўнікаў», якія вырашылі з дарогі перакусіць і выпіць «горкай». Памятаецца, міліцыянеры ветліва прасілі кампаніі пакінуць месцы, дзе планавалася арганізаваць нейкае прадстаўленне на адкрытым паветры. Напрыклад, на плошчы 1000-годдзя Віцебска. Народ прасіў: «Дык «Базар» жа! Дайце «пабазарыць»...

Што датычыцца жахаў, бадай, толькі супрацоўнікі дырэкцыі бачылі жудасныя сны з-за таго, што не хапае гатэляў, чарговая капрызная «зорка» патрабуе нумар з басейнам, гасцініцу з верталётнай пляцоўкай. А такіх у Віцебску няма і цяпер.

Асабіста мяне забаўляла, калі тайком прадстаўнікі дырэкцыі мне распавядалі пра падрабязнасці патрабаванняў зорак. Напрыклад, пра туалетную паперу менавіта блакітнага колеру. Цяпер падчас камандзіровак перыядычна жартую ў размове з добра знаёмымі адказнымі асобамі, што ў маім «райдары» ёсць такі пункт. Цудоўна, што разумеюць жарт. І хто сказаў, што ў нас чыноўнікі, не сябруюць з гумарам? Наадварот!

«Бедныя» манакцы і бразільцы

Пра «прымітывізм». На фестывалі за 26 гадоў яго правядзення выступалі зоркі сусветнай велічыні, прадстаўнікі розных мастацтваў. У тым ліку і оперы, балета, віртуозныя музыканты, кампазітары...

Што датычыцца скептыкаў не толькі ад СМІ. Напэўна, ёсць незадаволеныя жыхары Канаў, дзе пачынаючы з 1946 года паводзіцца кінафестываль? А як жа я разумею жыхароў княства Манака, дзе яшчэ аж з канца 1920-х праводзіліся гонкі. А ў 1950-м адбылася першая «Формула-1». «Сумуюць» і тыя, хто не пакідае горад падчас Венецыянскага фестывалю. Летась ён адбыўся 73 раз — «проста жах».

А вось «Еўрабачанню» пашанцавала: праводзіцца чарговы раз у краіне, прадстаўнік якой выйграў конкурс. Пачынаючы з 1956 года! Цікава, што краіны адмаўляліся праводзіць яго. Напрыклад, у 1972-м Манака — з-за адсутнасці належнай пляцоўкі. А праз год Люксембург — з-за высокіх выдаткаў на правядзенне. А ў 1980 годзе Ізраіль — у сувязі з выдаткамі на перавод тэлебачання на каляровае вяшчанне. Вялікабрытанія прымала ў сябе конкурс часцей за ўсіх — 8 разоў! У тым ліку — тры пасля адмовы іншых краін.

За ганарар і не тое напішуць

Крытыку мінулага і ў цэлым «Базару» пачытаў на некаторых сайтах. Дарэчы, адзін з іх мне раней падабаўся.

Аўтар на поўным сур'ёзе, выконваючы заказ для атрымання ганарару, напісаў, што гараджане ўсміхаюцца толькі на «Базары». А больш, маўляў, свят і няма. І жывуць ад «Базару» і да яго. Шаноўны, мы цудоўна святкуем: Дзень Перамогі, Незалежнасці, Дзень горада, «імяніны Шагала», навагоднія і калядныя святы... Ды шмат чаго. Нават Дзень снегу!

Паверце мне, чалавеку, які нарадзіўся і амаль што ўсё жыццё жыве ў Віцебску, падстаў для радасці ў нас значна больш, чым вам падалося. Наконт усмешкі, напэўна, нас пераблыталі з кімсьці, мо з «суровымі фінскімі хлопцамі» — з фільма пра асаблівасці нацыянальнага палявання? Радасці хапае. Бывае, за чарговую ўсмешку дзяўчат і жанчын, здаецца гатовы хмары разагнаць, вясёлку дастаць з нябёсаў. І хто б мне што не гаварыў, прадстаўніцы слабай паловы чалавецтва менавіта на Віцебшчыне самыя прыгожыя! І хай не крыўдзяцца мінчанкі, гамяльчанкі, магіляўчанкі і іншыя.

"Зорны" хлопчык

Гэты фэст асабіста мне запомніцца тым, што ўпершыню акрэдытавалі майго малодшага. Дзевяцігадовы Лёша, у прыватнасці, выступаў на канцэрце адкрыцця "Базару". Прэсу тады за кулісы не дапускалі. Як і падчас многіх іншых канцэртаў. А ён, хлопчык з валасамі залаціста-бронзавага колеру, такіх у народзе клічуць "рыжык", з блакітнымі вачыма быў сярод выбраных. Танцаваў у Летнім амфітэатры, калі спяваў Хуліа Іглесіяс (малодшы). З гонарам распавядаў маме, што яго пускаюць і ў глядзельную залу, калі ёсць свабодныя месцы. І цяпер ён можа акунуцца ў атмасферу "Базару" без таты.

Мо стане зоркай? Калегам са СМІ я паведаміў, што буду прэс-сакратаром, каб "займалі чаргу".

Дарэчы, пра абмежаванні для журналістаў. Папрокі некаторых рэпарцёраў наконт таго, што ў пачатку серыі канцэртаў у Летнім амфітэатры нельга трапіць за кулісы, як той казаў, былі пачутыя. Дырэктар фестывалю адзначыў, што артыстаў "аддалілі" ў мэтах бяспекі. Але потым не на ўсіх шоу было табу на сустрэчу з зоркай у "службовай зоне" канцэртнай пляцоўкі.

У будучым, магчыма, створаць "пляцоўку", мо "зорны калідор" для магчымасці інтэрв'ю. Галоўнае, каб пры гэтым не было праблем у артыстаў і журналістаў...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Калі б не было яго...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».