Вы тут

Завабім турыста арнаментам?


На ролю агульнага брэнда ён падыходзіць найлепш.

Менавіта нацыянальныя ўзоры павінны стаць асновай для брэнда Беларусі, упэўнены старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп ГУЛЫ. Эксперт таксама падзяліўся інфармацыяй пра турыстычныя аб'екты і маршруты, што з'явіліся ў краіне за апошні час, растлумачыў, калі Беларусь атрымае дывідэнды ад увядзення пяцідзённага бязвізавага рэжыму і спрагназаваў, як адаб'ецца на турыстычнай сферы магчымае ўзаемнае прызнанне віз паміж нашай дзяржавай і Расіяй.


— Калі гаварыць пра брэнд Беларусі, то, на маю думку, мноства рэгіянальных, лакальных брэндаў павінны мець які-небудзь агульны, скразны элемент, які паўтараўся б усюды: ад рэспублікі, вобласці, горада да невялікага рэгіёна ці турыстычнага кластара, — лічыць Філіп Гулы. — Гэта надае індывідуальнасці і ў той жа час дэманструе нашу еднасць. Маё асабістае перакананне (і многія калегі па індустрыі з гэтым згаджаюцца), што на гэту ролю найлепш падыходзіць беларускі арнамент. Ён ёсць на нацыянальных строях, дзяржаўным сцягу краіны, самалётах «Белавія»... Гэтыя сімвалы для нас вядомыя і зразумелыя. Яны глыбока архаічныя, адлюстроўваюць нашу гісторыю і культуру, асаблівасць і непаўторнасць усяго беларускага. Думаю, што ўсе жыхары краіны павінны ведаць хоць бы некалькі такіх сімвалаў, іх значэнне. Узоры могуць быць рознага колеру і памеру, але павінны прысутнічаць у любым лакальным брэндзе.

На думку эксперта, Беларусі варта працаваць над рознымі відамі турыстычнага прадукту, іх можа быць ад шасці да дзесяці. Гэта абумоўлена інтарэсамі прыезджых. Калі, напрыклад, гаварыць пра вандроўнікаў з Еўропы і Паўночнай Амерыкі, то іх захапляе ў першую чаргу культурна-пазнавальны прадукт: гісторыя ХІХ—ХХ стагоддзяў, настальгічны турызм, гісторыя старажытнасці і Сярэднявечча, савецкая і постсавецкая спадчына. Што датычыцца гасцей з краін Азіі, то тут у першую чаргу варта рабіць упор на прыродны комплекс, сапраўдны еўрапейскі ландшафт.

Сярод значных турыстычных аб'ектаў, што з'явіліся ў краіне за апошні час, асабліва важнай Філіпу Гуламу падаецца рэалізацыя праектаў спа-комплексаў і невялікіх гасцініц высокага класа, куды чалавек мог бы прыехаць, каб адпачываць на прыродзе, рэлаксаваць, гуляць з дзецьмі. Гэта дазволіць стварыць канкурэнцыю з аналагічнымі пляцоўкамі ў Польшчы і Літве, магчыма, затрымаць саміх беларусаў і іх грошы на радзіме. У ліку такіх аб'ектаў называюцца, напрыклад, санаторыі «Радон» і «Пліса».

— За апошнія два гады аддаленыя аб'екты (храмы, манастыры, замкі) сталі яшчэ больш прыцягальнымі для замежных турыстаў, прычым не толькі расійскіх, — сцвярджае старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі. — Часткова на гэта паўплываў бязвізавы рэжым, часткова прыйшоў патрэбны час. Выдатна, што да нас паехалі суседзі: літоўцы, палякі, латвійцы, эстонцы. Іх, безумоўна, больш цікавіць глыбінка, усё, што звязана з гісторыяй. Мясцовае насельніцтва адгукаецца — гэта відаць і па рабоце гідаў, краязнаўцаў, стваральнікаў сувенірнай прадукцыі. Пакуль што сфера знаходзіцца ў зародкавым стане, да сапраўднай якасці яшчэ далёка, але раней не было і гэтага.

Разважаючы пра ўвядзенне пяцідзённага бязвізавага рэжыму, Філіп Гулы адзначыў, што сапраўдныя вынікі гэтага рашэння стануць прыкметныя значна пазней. Так, у Беларусь ужо накіраваліся актыўныя індывідуальныя турысты. Шмат бізнесменаў, гасцей, якія прыязджаюць з рознымі мэтамі. А вось арганізаваныя групы трапяць да нас трохі пазней, бо глыбіня планавання адпачынку і, адпаведна, продажу тураў аператарамі звычайна складае прыкладна год. Па гэтай прычыне судзіць аб уплыве на колькасць прыезджых можна будзе толькі ў 2018-м. Тым не менш «бязвіз» ужо моцна палепшыў нашу інтэграцыю з Літвой і Латвіяй. Сёлета павялічылася колькасць аўстралійскіх турыстаў і экскурсійных груп з Ізраіля. Прычым гэта класічны турызм, а не настальгічны, этнаграфічны ці рэлігійны.

Філіп Гулы ўпэўнены, што ўвядзенне курортнага збору (тая мера цяпер абмяркоўваецца ў Расіі) для Беларусі — мера непатрэбная. На яго думку, пакуль аб'екты размяшчэння не загружаны больш чым на 80 працэнтаў, бессэнсоўна ўводзіць такі падатак — лепш мець большы аб'ём па меншым кошце. Трэба ўлічваць, што турыст і так дае краіне вялікую колькасць даходаў, якія нідзе не відаць: сілкуецца, траціць грошы на паездкі, сувеніры. Галоўнае — стварыць дадатковую інфраструктуру, каб у яго быў выбар, дзе пакінуць свой «рубель». Так, напрыклад, у краіне ёсць цэлы шэраг замкаў, якія знаходзяцца ў катастрафічным стане і патрабуюць як мінімум кансервацыі, але да іх па-ранейшаму едуць турысты. Праблема ў тым, што на месцы ім няма дзе траціць грошы.

— Што датычыцца ўзаемнага прызнання віз Беларуссю і Расіяй, то станоўчае рашэнне гэтага пытання па-рознаму адаб'ецца на беларускіх кампаніях, якія займаюцца ўязным турызмам — адзначыў эксперт. — Магчыма, пацерпяць беларускія тураператары, якія не ствараюць уласнага прадукту, а займаюцца выключна продажам, у тым ліку ў анлайн-сістэмах. Расійскія ж кампаніі, наадварот, выйграюць, бо іх краіна ў турыстычным плане з'яўляецца больш прыцягальнай, брэндаванай, «раскручанай» — яны змогуць прадаваць беларускі кірунак «у давесак». Асноўная маржынальнасць у такім выпадку будзе сканцэнтравана ў руках аператараў з Расіі. У сваю чаргу, расіяне не працуюць у Беларусі самі, ім спатрэбяцца партнёры, якія зоймуцца стыкоўкай — будуць завозіць і вывозіць турыстаў, аказваць увесь набор паслуг (апроч стандартнага пражывання і экскурсій). Таму нашы кампаніі, якія ствараюць прадукт, акажуцца ў выйгрышы.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.