Вы тут

Інтэрнэт у сусветнай палітыцы: пагрозы нацыянальнай бяспецы


З'яўленне інтэрнэту радыкальна змяніла як нацыянальную, так і глабальную палітыку. Калі ўзяць мясцовы ўзровень, то цяпер вельмі цяжка выйграць выбары, не выкарыстоўваючы актыўна электронныя рэсурсы. Што датычыцца глабальнага ўзроўню, то тут усё не так проста. Акрамя мноства магчымасцяў, інтэрнэт дэманструе і выразныя рызыкі для нацыянальнай бяспекі. Гэтыя рызыкі можна падзяліць на дзве катэгорыі — тыя, што ўласцівыя звычайным сродкам масавай інфармацыі, і тыя, што ўласцівыя толькі самому інтэрнэту. Разгледзім спачатку традыцыйныя рызыкі.


Як і любы іншы сродак масавай інфармацыі, інтэрнэт можна выкарыстоўваць для скажэння рэальнай карціны свету ў нечых асабістых мэтах. Модная апошнім часам дыскусія ў ЗША аб «фальшывых навінах» як мэйнстрыме некаторых вельмі буйных СМІ ў поўнай меры дэманструе гэту сітуацыю. Але яна цалкам характэрная не толькі для інтэрнэту, але і для тэлебачання, газет і радыё. Калі паглядзець, напрыклад, савецкія і амерыканскія газеты часоў халоднай вайны, па рэдкай міжнароднай падзеі можна знайсці аднолькавы пункт гледжання, паколькі ўсё разглядалася і праламлялася ў духу нацыянальных інтарэсаў дзвюх краін. А яны радыкальна адрозніваліся — СССР было выгадна тое, што схіляла краіны свету да супрацоўніцтва з Масквой супраць ЗША, а Вашынгтону — з ЗША супраць СССР.

У той жа час інтэрнэт дае і новую станоўчую магчымасць — любы можа сам стаць СМІ і размяшчаць тую інфармацыю, якую ён лічыць праўдзівай.

Новай пагрозай для сусветнай палітыкі менавіта з боку інтэрнэту стала выкарыстоўванне велізарных рэсурсаў сеткі інтэрнэт для ваяўнічых мэт. Найбольшыя рызыкі нясуць кібершпіянаж, тэрарызм і кібердыверсіі.

Кібершпіянаж дазваляе з дапамогай інтэрнэту знайсці вельмі далікатную інфармацыю, якую не атрымаць звычайным шляхам. Напрыклад, вялікая рызыка таго, што тэрарыстычныя групоўкі, узламаўшы інтэрнэт-рэсурсы сістэмы нацыянальнай бяспекі буйной краіны, даведаюцца рэцэпты вырабу ядзернай, хімічнай або бактэрыялагічнай зброі і пусцяць іх у дзеянне. А выпадкі ўзломаў сайтаў міністэрстваў абароны або ваенных інстытутаў той ці іншай краіны даўно ўжо перасталі быць сенсацыяй.

Тэрарызм таксама можа выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурсы для свайго развіцця. Калі ўзяць у якасці прыкладу тэрарыстычную групоўку «Ісламская дзяржава», то яе адносны поспех быў бы немагчымы без інтэрнэту. Менавіта там яны выказалі свае погляды і пачалі фарміраваць сеткі з дзясяткаў тысяч прыхільнікаў па ўсім свеце. І гадамі сітуацыя ў інтэрнэце тэрарыстам спрыяла. Так, глабальны рэсурс YоuTubе толькі нядаўна прыняў рашэнне зрабіць больш жорсткай палітыку, звязаную з забаронай трансляцыі любых ролікаў, звязаных з «Ісламскай дзяржавай» і іншымі тэрарыстычнымі групоўкамі.

Кібердыверсіі таксама не падарунак. Інтэрнэт пранік настолькі глыбока ў наша жыццё, што ўжо немагчыма без яго ўявіць дастаўку прадуктаў у буйным сучасным горадзе, работу паштовай сістэмы або электрасетак. Гэтыя і іншыя рэсурсы, размешчаныя ў інтэрнэце, могуць стаць цэллю для атакі, у выніку якой жыццё мноства людзей будзе парушана. Спецыфічнай мішэнню з'яўляюцца таксама электронныя сістэмы галасавання на выбарах, якія ў некаторых краінах ужо адыгрываюць вялікую ролю. Умелыя хакеры цалкам могуць у іх умяшацца. Апошні год стаў якраз годам абмеркавання на мяжы істэрыкі ў заходніх СМІ фактаў аб быццам бы адбытым мэтанакіраваным умяшанні расійскіх хакераў у выбары ў заходніх краінах, каб прывесці да ўлады прарасійскіх палітыкаў.

Роля інтэрнэту як пагрозы часта раздзімаецца зыходзячы з уласнай ангажаванасці ў вырашэнні таго ці іншага пытання. Напрыклад, падчас чэрвеньскага візіту 2017 года Прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ ў Талін спроба вучыць эстонцаў таму, што іх электронная сістэма галасавання небяспечная, сустрэла прамы адпор з боку Прэзідэнта Эстоніі, якая заявіла аб яе поўнай бяспецы. Уся справа ў тым, што Літва добраахвотна іграе адну з галоўных роляў у раздзіманні істэрыкі ў заходнім свеце аб «рускай пагрозе», у тым ліку і ў кіберпрасторы. Эстонія ж такой актыўнасці ў гэтай папулярнай для літоўскіх палітыкаў дзейнасці не дэманструе.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Загаловак у газеце: Віртуальная рэальнасць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.