Вы тут

Мастакі на радзіме Кузьмы Чорнага


У ліпені 2017 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сумесна са студэнтамі архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта на чале з вядомым мастаком і педагогам Алесем Квяткоўскім зладзілі сумеснае падарожжа-пленэр на радзіму беларускага празаіка, драматурга і публіцыста Кузьмы Чорнага — Капыльшчыну.


Акрамя агляду маляўнічых мясцовых краявідаў і архітэкурных помнікаў, госці наведалі раённы краязнаўчы музей, дзе асаблівую ўвагу студэнтаў прыцягнуў макет палаца Эдварда Вайніловіча ў в. Савічы, створаны Настассяй Вайтэнка і Варварай Карзюк, навучэнкамі гімназіі № 75 г. Мінска імя П. В. Масленікава.

Наступным прыпынкам пленэру сталі Цімкавічы — месца, дзе правёў дзіцячыя і юнацкія гады Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі). Тут у 1908 годзе ён пайшоў у першы клас Цімкавіцкага двухкласнага вучылішча, а ў 1922- м пачаў настаўнічаць у Цімкавіцкай сямігодцы. Пазней творца лічыў сваім абавязкам прыязджаць сюды кожны год, каб паслухаць цімкавіцкія навіны, наведаць кірмаш, які размяшчаўся на месцы цяперашняга сквера, пабачыць знаёмых, якія потым станавіліся героямі яго твораў.

У Цімкавіцкай сельскай бібліятэцы гасцінна сустрэла Вольга Радкевіч. Тут мы пазнаёміліся з працай вясковай бібліятэкі, а загадчыца па-сяброўску распавяла, што цяпер чытаюць цімкаўцы і жыхары навакольных вёсачак (некаторыя з іх прыязджаюць па кніжку на кані!) і згадзілася суправаджаць нас па мясцінах Кузьмы Чорнага.

У літаратурным музеі творцы для студэнтаў зладзілі экскурсію. Даведаліся, што Кузьма Чорны і сам добра маляваў. Таму малюнкі пісьменніка сталі асновай мастацкага афармлення, а іх арганічнае спалучэнне з экспазіцыяй дапамагае раскрыць свет перажыванняў Кузьмы Чорнага. Студэнты-мастакі ўбачылі асабістыя рэчы Кузьмы Чорнага, фотаздымкі з сямейнага альбома, яго рукапісы і кнігі на розных мовах свету, узноўлены па ўспамінах аднавяскоўцаў інтэр’ер хаты, дзе жыў маленькі Мікалай. Асноўнае месца ў хаце займаў варштат. Дзяды і бацькі Чорнага былі ткачамі. На стале ляжыць абрус, вытканы яго маці. Навучыўся ткаць і сам Коля. Пра гэта ён напіша ў 1945 годзе ў артыкуле «Слуцкія сарвэты». Мясцовыя ўладальнікі Радзівілы прызначылі некаторай частцы прыгонных сялян замест працы на панскім полі ткаць сурвэты. Паколькі ў майстэрні месца не хапала, шмат хто ткаў дома, а ў вызначаны тэрмін здаваў пэўную колькасць вырабаў.

Далей накіраваліся ў Радзівілаўскі парк. «Па слядах» Кузьмы Чорнага спусціліся з пахілага ўзгорка праз рэшткі цяністага парку да невялікай рачулкі Мажа. Як узгадваў пісьменнік Мікола Хведаровіч, разам з Кузьмою Чорным яны любілі ў цёплы вясенні заплыць на чоўне ў зараслі ракі лавіць рыбу і размаўляць пра тое, што не ўсім лёгка жывецца на свеце.

Развітаўшыся з Цімкавічамі, мы выправіліся ў вёску Савічы, дзе наведалі курган памяці Эдварда Вайніловіча, адноўлены на месцы пахавання прадстаўнікоў знакамітага роду. Эдвард Вайніловіч — буйны грамадскі і палітычны дзеяч Беларусі, адзін з найбагацейшых памешчыкаў Міншчыны, вядомы як фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску, які ён пабудаваў у памяць пра заўчасна памерлых дзяцей.

Далей узялі кірунак на Скіп’ёўскі лес. Сюды маленькі Коля часта хадзіў разам са сваім дзедам Міхаілам. У лесе дзед паказваў і расказваў, як гамоняць дрэвы, як паўзе жучок і травінка хіліцца да травінкі. Нездарма потым Кузьме Чорнаму так добра будуць удавацца апісанні прыроды. «Скіп’ёўскі лес» — назва апошняй незавершанай аповесці Чорнага.

 Падчас вандроўкі студэнты рабілі шмат фотаздымкаў і замалёвак, а цяпер надышоў час усведамлення і асэнсавання ўбачанага, пачутага… Мастацкае вока больш успрымальнае, можа заўважаць непрыкметнае і незвычайнае ў самых простых рэчах, тым больш што наведванне родных і блізкіх для Кузьмы Чорнага мясцін дае магчымасць пабачыць свет вачыма нашага класіка. У наступным годзе Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры плануе арганізаваць літаратурна-мастацкую выстаўку, прысвечаную Кузьме Чорнаму, дзе можна будзе ўбачыць вынікі летняга пленэру.

Дзмітрый АНДРЭЕЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.