Вы тут

Які працяг пасля апошняй літары алфавіта?


Учора, бадай, упершыню адчула, што мне столькі гадоў, колькі напісана ў пашпарце. Не тое што недзе кальнула ці стрэльнула або хтосьці цёткай назваў — да гэтага ставішся лёгка і нават з гумарам. А тут — усе пражытыя гады зваліліся на галаву цяжарам, бы глыба снегу з даху: і мякка, здаецца, і небалюча зусім, а некалькі хвілін адчуваеш сябе агаломшаным і збянтэжаным, пакуль не ачомаешся. Дык вось, у такі стан лёгкага шоку прывёў мяне ўчора хлопец у супермаркеце. Там зараз поўна практыкантаў з гандлёвага каледжа — хто на касе пад прыглядам старэйшых, хто на раскладцы тавараў, хто ў аддзеле. Гэтага — хударлявага і бледнага — паставілі на адказны ўчастак: агародніну ды садавіну ўзважваць. Небарака ніводнага кода не ведае, за кожным разам бегае на цэтлікі напісаныя глядзець — памыліцца баіцца. Чарга ўвечары вялікая, людзі ад такой маруднасці хвалююцца. А ў гэтага на твары — поўная «непрабівальнасць» — ні адзін мускул не зварухнецца (хто яго ведае, можа, іх у каледжы гэтаму вучаць?).


З гэтым выразам ён хвіліны тры разглядаў пакладзены мной на вагу пакет з памідорамі. Пасля ўзяў яго, павольна пасунуўся да латкоў з агароднінай — пачаў тыя памідоры па адным вымаць і параўноўваць. Спачатку я назірала за ім з усмешкай, пасля, калі ён ляніва так спытаўся: «А вы сапраўды ўсе адсюль бралі?», зразумела, што гэта малое стварэнне падазрае мяне калі не ў крадзяжы, дык у тым, што хацела купіць дарагое танней. Станоўчы адказ яго яўна не задаволіў, ён стаяў у нерашучасці, красамоўна пазіраючы то на мяне, то на тыя няшчасныя чатыры памідоры... «Малады чалавек, — з цяжкасцю стрымліваючы сябе, я старалася быць вельмі ветлівай. — Паглядзіце на мяне: я што, буду спрабаваць вас падмануць з-за аднаго памідора?» Хлапчына, усім сваім выглядам паказваючы, што ўсё роўна мне не верыць, махнуў рукой, наклеіў на пакет цану і выдаў: «Ладно, женщина, не напрягайтесь...» Народ засмяяўся, я таксама — ад гэткай нахабнасці і бесцырымоннасці толькі смяяцца і засталося, а без пяці хвілін спецыяліст сферы гандлю так, здаецца, і не зразумеў, чаго гэтыя дзядзькі ды цёткі ўсміхаюцца, скрушна ківаючы галовамі... А хтосьці з той чаргі разважліва сказаў: «Чаго дзівіцца, яны цяпер усе такія».

Вось тут я і зразумела, якая бездань паміж намі і нашымі, па сутнасці, дзецьмі, якія так незаўважна выраслі. Здавалася б, гэта адлегласць, якую ніяк не скараціць, большая паміж тымі, каму пад (за) сорак і іхнімі бацькамі, бо наша пакаленне валодае ўсімі найноўшымі тэхналогіямі, і з камп'ютарамі мы на «ты», і з сучаснай бытавой тэхнікай, чаго не скажаш пра большасць нашых бацькоў, якім пад (за) семдзесят. З дзецьмі, па логіцы, павінна быць прасцей: яны, як і мы, сядзяць у сацыяльных сетках, пампуюць з сеціва кніжкі і фільмы, хутка (ну, можа, крыху хутчэй) разбіраюцца ў самым наварочаным «гаджэце». Але тут «намалявалася» бездань зусім іншага кшталту, і яна, калі прыгледзецца, палохае: справа ў чалавечых адносінах, у камунікаце з людзьмі — роднымі, блізкімі і зусім незнаёмымі. Дакладней, у адсутнасці навыкаў гэтага камунікату — не на старонках сацыяльных сетак, не ў месенджары, а ў рэальным жыцці. Той няветлівы хлопчык у супермаркеце адказаў мне, па сутнасці, фразай, якой бы каментаваў нейкую сітуацыю ў віртуальнай перапісцы, і з яго пункту гледжання гэта абсалютна нармальна. І ён абсалютна шчыра не зразумеў нашага абурэння, яно яму, па сутнасці, «да лямпачкі». Вось калі б гэта выказванне не сабрала ў сеціве «лайкаў» ад соцень зарэгістраваных «сяброў» — тады была б праблема.

Знаёмая дзялілася нядаўна: «Ведаеш, я заўсёды, калі прыязджаю да мамы, стараюся пасядзець з ёй, паклаўшы галаву ёй на калені. Яна мяне гладзіць па валасах — і ўсе праблемы знікаюць, лёгка так становіцца. І мне так хочацца сваю Машку (дачка ў яе першы курс універсітэта скончыла) таксама вось так пагладзіць па валасах, каб і ёй лягчэй стала, і яна падтрымку адчула... Дзе там! Не перашкаджай, кажа, мама, вельмі я занятая, у мяне тут перапіска важная, а ты са сваім глупствам! І сядзіць, у планшэт угледзеўшыся, нават вачэй не падняла. Ды каб жа толк з гэтай перапіскі быў! Яна ў свае амаль дзевятнаццаць ні з адным хлопцам рэальна не сустракалася, у яе ўвесь досвед асабістага жыцця там, у сеціве. Там яны на «спатканні» ходзяць, мілуюцца, сварацца, разыходзяцца, так адно аднаго ніколі і не ўбачыўшы. Так што я ўжо пачынаю думаць, што ўнукаў мне не дачакацца...»

У іншай прыяцелькі сын, блукаючы суткамі па сеціве, знайшоў-такі дзяўчыну нармальную, якую віртуальныя сустрэчы не задаволілі. Яна да яго ажно са Львова ў Мінск прыязджае. Дык бацькі яго і бабуля на тую дзяўчыну маліцца гатовы: жывая! сапраўдная! Бо іх нашчадак — вельмі прыгожы, дарэчы, хлопец — гадоў да дваццаці двух тых дзяўчат толькі на маніторы і бачыў. Цяпер, калі ўкраінская госця прыязджае, ім ствараюцца ўсе ўмовы, каб пабылі ўдваіх: бабуля кватэру вызваляе, пераязджаючы да дачкі. «Акруціць гэта спрытнюга твайго Сашку!» — папярэджваем мы сяброўку. «Я толькі пра гэта і мару! Хоць бабуляй, дасць бог, стану...»

Псіхолагі падзялілі апошнія пакаленні людзей на тры часткі: пакаленне «ікс» — гэта дзеці 80-х, у 90-х нарадзілася пакаленне «ігрэк», а тыя, каму сёлета сямнаццаць і менш, — пакаленне «зэт». Вобразна, арыгінальна, праўда, яны і сапраўды — як тыя невядомыя з закручанага ўраўнення. Толькі вось... На літары «зэт» лацінскі алфавіт, калі памятаеце, заканчваецца. Пасля яе — суцэльныя прабелы...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пакаленне «зэт»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».