Вы тут

Рэаліці-шоу: ад сусветна вядомых праектаў да ўласнабеларускіх знаходак


Сёлета споўнілася 25 гадоў брытанскаму рэаліці-шоу «Survіvor» («Ацалелы»), якое пад рознымі назвамі і з шалёнымі рэйтынгамі скарыла больш як 50 краін свету. У нас яно больш вядома пад назвай «Апошні герой», шэсць сезонаў якога зладзіў і паказаў расійскі Першы канал. Мяркую, многія добра памятаюць гэты жорсткі фармат: бязлюдны востраў у адной з экзатычных краін і пара дзясяткаў удзельнікаў, якім неабходна амаль з нічога арганізаваць сабе жытло, побыт, харчаванне, а паралельна выконваць шэраг няпростых заданняў арганізатараў і «з'ядаць» самых слабых удзельнікаў «племені».


Нягледзячы на ўсе жарсці і выпрабаванні, праект меў надзвычайную папулярнасць — саўндтрэк «Апошні герой» ад гурта «Бі-2» рваў хіт-парады, а кастынгі на ўдзел у ім праходзілі дзясяткі тысяч чалавек, у тым ліку і мінчанка Ксенія Волкава, якая ў 2002 годзе стала ўдзельніцай рэаліці-шоу «Апошні герой-2» у Малайзіі, дайшла да фіналу і выйграла шэраг каштоўных прызоў...

З юбілейнай нагоды мы вырашылі ўспомніць і пра іншыя — самыя-самыя рэаліці-шоу, ад сусветна вядомых праектаў да ўласнабеларускіх знаходак.

«Аца­ле­лы».

Самае першае

Перадачы з элементамі сучаснага рэаліці, якія паказвалі ўчынкі людзей у штучна створаных абставінах, набліжаных да жыцця, з'явіліся яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Так, у 1948 годзе адзін з тэлеканалаў ЗША прадставіў шоу «Схаваная камера», заснаванае на радыёперадачы «Схаваны мікрафон», — і там, і там запісвалася рэакцыя людзей, якіх сцэнарысты паставілі ў надзвычайныя сітуацыі.

Зрэшты, некаторыя даследчыкі тэлебачання называюць першым сапраўдным рэаліці-шоу іншую праграму — шматсерыйны дакументальны праект «Амерыканская сям'я» 1973 года, дзе сям'я Пэт і Біла Лаўдаў і іх пяцярых дзяцей з Санта-Барбары, штат Каліфорнія, праходзіла праз складаны працэс разводу.

«Вя­лі­кі брат».

Самае папулярнае

«Вялікі брат» — менавіта так называецца рэаліці-шоу, якое ўваходзіць у тройку самых папулярных тэлепраектаў у свеце. Паводле афіцыйнай легенды, ідэю «таталітарнай антыўтопіі» змясціць некалькі ўдзельнікаў у ізаляваны дом, дзе яны пад пастаянным наглядам тэлекамер будуць выконваць жорсткія заданні нябачнага «вялікага брата», а таксама сварыцца, інтрыгаваць, скандаліць, кахаць і пакідаць праект па рашэнні тэлегледачоў, прыдумаў 50-гадовы галандзец Джон дэ Моль.

На сёння «Вялікага брата» паглядзелі ўжо звыш 2 мільярдаў чалавек амаль у 40 краінах, а аўтар ідэі зарабіў на шоу, паводле прыблізных падлікаў, звыш 5 мільярдаў долараў.

Самае «доўгайграючае»

З мая 2004 года ідзе ў эфіры скандальнае расійскае рэаліці-шоу «Дом-2» (не блытайце з проста «Домам», дзе сапраўдныя сямейныя пары, у тым ліку беларусы Андрэй і Вольга Бярковы, насамрэч будавалі дом і разыгралі яго ў якасці галоўнага прыза! — Аўт.), якое ўвайшло ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самае працяглае шоу і, здаецца, даўно перакачавала з катэгорыі тэлепраектаў у лік сацыяльных з'яў.

Нягледзячы на сур'ёзную крытыку, шматлікія абвінавачанні ў амаральнасці і пратэсты грамадскіх актывістаў, дэпутатаў і прадстаўнікоў царквы, праект толькі змяніў час эфіру, але не закрыўся і не страціў рэйтынгі. За ўвесь час праз бясконцую «будоўлю дома і пачуццяў» прайшло больш за 1500 удзельнікаў і было згуляна амаль два дзясяткі вяселляў.

Ся­мей­ства Ка­таш'­ян».

Самае жывёльнае

«Сямейства Каташ'ян» — пад такой назвай у Ісландыі сёлета запусцілі рэаліці-шоу пра... насельнікаў кацінага прытулку. З аднаго боку, яго аўтары парадзіруюць гламурнае амерыканскае шоу пра Кім Кардаш'ян і яе сям'ю, з другога — прыцягваюць увагу гледачоў да праблемы кінутых жывёл. Шоу з кацянятамі стала адным з інтэрнэт-хітоў — паводле ацэнак гледачоў, глядзець на коцікаў куды больш прыемна, чым на ўсякіх «зорак».

Самыя скандальныя

У вялізным сямействе рэаліці-шоу ёсць дзівацкія, недарэчныя, а ёсць і проста шакіруючыя. У ліку апошніх — праект 2005 года маладзёжнага галандскага ТБ «Spuіten & Slіkken» (самы нявінны пераклад гучыць як «Усунь і праглыні»). Яго вядучыя мусілі... ужываць наркотыкі і займацца сексам у прамым эфіры, а потым дзяліцца з гледачамі сваімі эмоцыямі і ўражаннямі. Пры тым прадзюсары шоу настойліва сцвярджалі, што яго задача — не забаўляць, а інфармаваць моладзь аб тым, якую рэакцыю на арганізм аказваюць розныя забароненыя рэчывы. Насуперак шматлікім акцыям пратэсту афіцыйна забараніць гэтае шоу і прыцягнуць яго стваральнікаў да адказнасці не ўдалося, і перадача трансліравалася цэлы год.

Або ўзяць брытанскае шоу 2003 года «Руская рулетка». Ілюзіяніст і экстрасэнс Дэран Браўн выбраў сярод 12 тысяч прэтэндэнтаў добраахвотніка, які зарадзіў рэвальвер адзінай куляй і ўгадваў, пацэліўшы то ў мяхі з пяском, то ва ўласную скроню, дзе знаходзіцца баявы патрон... Паліцыя заклікала адмяніць шоу, каб не справакаваць пераймальнікаў, але яно ўсё ж трапіла ў эфір.

«Цу­доў­ная ся­мёр­ка».

Самае спартыўнае

Сярод мноства тэлевізійных спаборніцтваў «Цудоўная сямёрка», створаная ў 2007 годзе беларускім тэлеканалам «Лад» (цяпер «Беларусь 2»), прыемна вылучаецца. Па-першае, гэта цалкам арыгінальная ідэя, а па-другое, у межах аднаго праекта розныя сямёркі ўдзельнікаў выпрабавалі сябе ў сямі відах спорту: гарналыжны спорт (перамагла спявачка Алеся), водныя лыжы (Вольга Барабаншчыкава), скалалажанне (біятланіст Вадзім Сашурын), картынг (кікбаксёрка Карына Аляксандрава), сінхроннае плаванне (тэлевядучая Алена Бікрэнева), конны спорт (спявак Аляксей Хлястоў) і біятлон (Алена Ланская). Пераможцу ў суперфінале праекта выбіралі не толькі па балах, але і па сімпатыях гледачоў і прэсы. Самым-самым, нагадаем, аказаўся пяціразовы чэмпіён свету па біятлоне Вадзім Сашурын.

На вялікі жаль, другі сезон «Цудоўнай сямёркі», запушчаны ў 2013 годзе, «не пайшоў», і праект зачыніўся пасля першага ж этапу.

«Па­на­еха­лі!»

Самае вясковае

Дзясяткі тысяч беларусаў імкнуцца з'ехаць з вёскі ў горад, і адзінкі — наадварот, з горада ў вёску. Пазалетась маладзёжны тэлеканал «Беларусь 2» прадставіў унікальнае рэаліці-шоу «Панаехалі!», у якім 10 маладых гараджан чакаў «экстрым вясковага побыту» ў адной з вёсак Валожынскага раёна. Для выключна «гарадскіх штучак» нават адсутнасць звыклых выгод цывілізацыі і звыклая для вяскоўцаў фізічная праца — прапалоць грады, накасіць сена, затапіць печ, падаіць карову, пасячы дровы — аказалася сур'ёзным выпрабаваннем на трываласць. Пераможцай шоу тэлегледачы абралі, як ні дзіўна, дзяўчыну — мінчанка Алена Кірынюк потам і мазалямі зарабіла галоўны прыз — пуцёўку на дваіх на Канары...

Актуальны для нашых рэалій праект меў гучны поспех і добрыя рэйтынгі, а таму, запэўніваюць у Белтэлерадыёкампаніі, ён абавязкова атрымае працяг — ужо ў новым тэлесезоне!

«Без тва­ру».

...Безумоўна, на ТБ прыдумана безліч рэаліці-шоу, уключаючы кулінарныя («Званая вячэра», «Універ-шэф», «Пякельная кухня»), спаборніцкія (у шоу «Чалавек супраць звера», пакуль абаронцы жывёл не вымусілі закрыць яго, барэц сумо спаборнічаў з арангутанам у перацягванні каната, а індыйскі слон навыперадкі з 40 карлікамі цягнуў самалёт), беспрынцыпныя (удзельнікі нямецкага «Свінскага жыцця» некалькі тыдняў жылі ў хлеве і харчаваліся ледзь не памыямі, каб выйграць пару тысяч еўра) і зусім ужо дзівацкія (накшталт японскага «Цукерка ці не», дзе ежа можа быць бутафорскай, а прадметы інтэр'еру — ядомымі, або амерыканскага «Без твару», у якім грымёры ствараюць страшныя і агідныя вобразы). Але ў канчатковым выніку выбіраем мы з вамі — гледачы. І калі «вочы б вашы не глядзелі» на «Дом-2» — выключыце яго.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фота з адкрытых крыніц і з архіва Белтэлерадыёкампаніі

Загаловак у газеце: Мадэлюючы рэальнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».