Вы тут

Сабекошт камунальных паслуг зніжаецца


А працэнт іх аплаты жыхарамі расце.

Мадэрнізацыя кацельных, своечасовая замена цепласетак, зніжэнне падаткаў — гэтыя і іншыя прапановы для аптымізацыі работы прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і зніжэння сабекошту іх паслуг агучылі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю Беларусі на калегіі, праведзенай разам з урадам і мэрамі абласцей краіны па даручэнні Прэзідэнта.


Каб не вылецець у трубу

Работа ЖКГ, абласных выканкамаў і Мінгарвыканкама па зніжэнні затрат на паслугі ЖКГ была прызнаная недастатковай, выяўлены шматлікія парушэнні і недахопы. Большасць правапарушэнняў сферы — злоўжыванні, крадзяжы, хабарніцтва — сістэмныя і маюць карупцыйную накіраванасць, падкрэсліў Юрый МЯХЕДАЎ, начальнік упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Многія прадпрыемствы дагэтуль працуюць затратна, разлічваючы на кампенсацыю з бюджэту. Яны не толькі не зніжаюць выдаткі на аказанне жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП), але і завышаюць іх цану, працуючы з пасрэдніцкімі структурамі.

— У арганізацыях ЖКГ працягваюць выяўляць факты нерацыянальнага карыстання матэрыяльнымі грашовымі рэсурсамі, маніпуляцыі пры фарміраванні сабекошту паслуг, бескантрольнасці пры закупках і карыстанні дзяржаўнымі сродкамі, — расказаў старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід АНФІМАЎ. — Самае сумнае, што знаходзяцца дзялкі (прадстаўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў на мясцовых узроўнях), што спрабуюць рабіць бізнес на грашах, якія дзяржава знаходзіла нават у самыя складаныя часы, каб дапамагчы народу не аддаваць апошняе для аплаты камунальных плацяжоў.

Звышнарматыўныя страты і значны перарасход адбываюцца не толькі праз злачынствы, а і праз звычайную безгаспадарчасць. Так, паліва (дровы і шчапа) часта захоўваецца пад адкрытым небам. Праз гэта расход адсырэлай сыравіны павялічваецца на 65%, а каэфіцыент карыснага дзеяння катлоў змяншаецца на трэць. «Загатоўка паліва ўласнымі сіламі прадпрыемстваў ЖКГ дазволіць на 20% знізіць выдаткі на яго закупку, а таксама вырашыць пытанне якасці драўніны», — упэўнены Станіслаў НАРКЕВІЧ, начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю за работай галін сферы матэрыяльнай вытворчасці Камітэта дзяржкантролю.

Вялізная колькасць рэсурсаў губляецца і праз нездавальняючы стан цепласетак. У Гомельскай, Мінскай і Віцебскай абласцях амаль трэць такіх камунікацый працуе больш за нарматыўны тэрмін (звыш 25 гадоў), і, нягледзячы на высокі знос, запланаваныя аб'ёмы іх замены не выконваюцца.

— Перавышаны ўстаноўлены тэрмін службы і ў больш як 30% сістэм водазабеспячэння, праз што летась страты ў сістэме водазабеспячэння ў краіне склалі 18%. А пры тэмпах замены і рамонту зношаных водаправодаў не больш за 1% у год ад той колькасці, якая падлягае аднаўленню, спатрэбіцца не менш як паўстагоддзя, каб пазбавіцца ад старых сетак, — дадаў ён.

Старшыня КДК падкрэсліў, што зніжэнне затрат у арганізацыях ЖКГ — прыярытэтная задача, якую павінна вырашаць уся ўладная вертыкаль, пачынаючы ад Саўміна да старшынь райвыканкамаў:

— Пэўную нагрузку па аплаце камунальных паслуг павінна несці і насельніцтва, але ў разумных межах. За апошнія паўтара года пытанне абгрунтавання фарміравання сабекошту камунальных паслуг для жыхароў вывучалася двойчы, выяўлены значныя рэсурсы па іх зніжэнні.

Перагледзець, ліквідаваць, спыніць

Летась, пасля рэалізацыі прапаноў КДК па зніжэнні затрат на аказанне ЖКП, удалося паменшыць іх на 16,5% і сэканоміць такім чынам 267 млн рублёў. Сярод сёлетніх прапаноў па далейшым памяншэнні затрат — мадэрнізацыя і ліквідацыя неэфектыўных кацельных. Магутнасці 310 з іх у краіне значна перавышаюць далучаную нагрузку, а сабекошт цеплаэнергіі на некаторых перавышаны ў 3—6 разоў.

Неабходна змяніць і зрабіць больш празрыстай нарматыўную базу па фарміраванні тарыфаў у сферы абароту цвёрдых камунальных адходаў. КДК прапануе стварыць гранічны тарыф (з улікам рэгіянальных асаблівасцяў) па гэтай паслузе ў разліку на аднаго чалавека.

Трэба перагледзець і падыход да фарміравання падаткаў на нерухомасць і зямлю. Да арганізацый ЖКГ часта прымяняецца завышаны каэфіцыент, што таксама вядзе да павелічэння сабекошту паслуг, расказаў Уладзімір КУХАРАЎ, намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю.

Паспрыяе зніжэнню затрат на ЖКП і спыненне перадачы на баланс прадпрыемстваў ЖКГ няпрофільных аб'ектаў (часта разам з іх даўгамі, што пакрываюць камунальнікі), на ўтрыманне якіх не выдаткоўваюцца сродкі.

— Калі ўсе нашы сёлетнія прапановы па зніжэнні затрат на аказанне камунальных паслуг будуць рэалізаваны, то на працягу двух гадоў гэтыя выдаткі зменшацца на 220 млн рублёў, а сабекошт ЖКП знізіцца на 7,5%. Гэта дазволіць значна паменшыць расходы насельніцтва на іх аплату, — рэзюмаваў Уладзімір Кухараў.

Гэта, аднак, не азначае зніжэння лічбаў у «жыроўках». «Рэалізацыя рэкамендацый КДК дазволіць павысіць складнік затрат насельніцтва на ЖКП», растлумачыў намеснік старшыні. Як вядома, у 2015-м памер пакрыцця камунальных паслуг жыхарамі складаў 30%, сёлета — каля 60% (на канец 2017-га, плануецца, ён падрасце да 65%). У канцы 2018-га кампенсацыя кошту ЖКП жыхарамі (без уліку паслуг цеплавога забеспячэння і гарачага водазабеспячэння) дасягне 100%. Цяпер насельніцтва аплачвае цеплавыя паслугі прыкладна на 18% ад іх рэальнага кошту. Менавіта ў гэтай сферы спецыялісты бачаць самы вялікі рэзерв для зніжэння затрат і памяншэння аплаты гэтых паслуг.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.