Вы тут

АРВ-тэрапія для ўсіх ВІЧ-інфіцыраваных


У краіне пачалі дзейнічаць новыя пратаколы па дыягностыцы і лячэнні ВІЧ-інфекцыі. Універсальны доступ да лячэння, якое павінен атрымліваць кожны, у каго выяўлена інфекцыя, стварае ўмовы для дасягнення мэт устойлівага развіцця, перамогі над СНІДам да 2030 года.


Аб'яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДзе (ЮНЭЙДС) некалькі гадоў таму прапанавала краінам свету стратэгію дасягнення ў 2020 годзе трох «90». 90 працэнтаў людзей, якія жывуць з ВІЧ, павінны ведаць пра свой статус, 90 працэнтаў людзей, якія ведаюць свой статус, павінны атрымліваць антырэтравірусную тэрапію, і ў 90 працэнтаў з ліку тых, хто атрымлівае лячэнне, павінна назірацца зніжэнне віруснай нагрузкі. Калі дасягнуць гэтых 90-90-90, то можна знізіць колькасць новых выпадкаў на 75 працэнтаў, што фактычна азначае прыпыненне эпідэміі СНІДу, пераход да этапу выяўлення адзінкавых выпадкаў захворвання. Такой амбіцыйнай мэты ўжо дасягнулі Батсвана, Камбоджа, Сінгапур, Данія, Швецыя, Вялікабрытанія, Ісландыя і Паўночная Ірландыя. Шэраг рэгіёнаў, у тым ліку Заходняя і Цэнтральная Еўропа, Паўночная і Лацінская Амерыка, вельмі блізкія да сваіх перамог. А вось Усходняя Еўропа і Цэнтральная Азія пакуль не могуць гэтым пахваліцца. Тым не менш Беларусь істотна вылучаецца ў сваім рэгіёне — наша краіна дасягнула, напрыклад, выдалення перадачы ВІЧ-інфекцыі ад маці дзіцяці, што ўдалося ўсяго тром краінам у сістэме СААЗ.

— Па нашых падліках, у Беларусі з ВІЧ жывуць каля 30—35 тысяч людзей, але не ўсе яны ведаюць аб сваім статусе, — кажа першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый ПІНЕВІЧ. — Нам неабходна дасягнуць максімальнага ахопу тэсціраваннем. Таму з мая ў аптэках Гомельскай вобласці пачалася рэалізацыя экспрэс-тэстаў на ВІЧ па сліне. Вопыт саматэсціравання будзе прааналізаваны і распаўсюджаны на ўсю Беларусь...

Такая магчымасць прызначана ў першую чаргу для тых катэгорый насельніцтва, што па нейкіх прычынах не ідуць абследавацца ў дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя. Следам за саматэсціраваннем разам з тымі ж грамадскімі арганізацыямі будуць пашырацца і кансультацыйныя паслугі, паколькі ведаць дыягназ неабходна, зразумела, не проста дзеля ведання. Яшчэ ў 2015 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла, што лячыць з дапамогай антырэтравіруснай тэрапіі неабходна кожнага, каму пастаўлены дыягназ. І пачынаць трэба як мага хутчэй. Такім чынам, былі знятыя крытэрыі для прызначэння тэрапіі, ранні пачатак якой спрыяе паляпшэнню здароўя інфіцыраваных, зніжэнню смяротнасці і рызыкі перадачы віруса партнёру.

Цяпер антырэтравірусную тэрапію ў Беларусі атрымлівае каля 8 тысяч чалавек, а інфекцыя выяўлена ў 18 тысяч. Ахапіць усіх немагчыма было ў тым ліку з-за высокага кошту лячэння. Аднак дзякуючы супрацоўніцтву з міжнароднымі арганізацыямі кошт закупак такіх прэпаратаў будзе зніжацца, а шэраг з іх (для дарослага насельніцтва) ужо вырабляецца айчыннымі фармвытворцамі.

Тым часам тыя, хто практыкуе рызыкоўныя паводзіны, напрыклад, ужывае наркотыкі, могуць звярнуцца па дапамогу ў такую грамадскую арганізацыю, як «Пазітыўны рух», дзе дадуць неабходную інфармацыю абсалютна ананімна — не пытаючыся пра пашпарт і прозвішча. Руку дапамогі працягваюць ахвотна, бо выдатна разумеюць, што залежнага ад наркотыкаў вельмі няпроста матываваць не толькі на абследаванне на ВІЧ, але і на пажыццёвае ўжыванне лекаў, пропуск прыёму якіх лічыцца недапушчальным.

Стратэгію ЮНЭЙДС з 2015 года ў краіне актыўна прасоўвала ў якасці пасла добрай волі тэлевядучая і актрыса Святлана Бароўская. У наступныя два гады яна працягне гэту місію.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».