Вы тут

Адбылася нарада з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі


Абмяркоўвалася старшынства Беларусі ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, сумесныя стратэгічныя вучэнні Узброеных Сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017», узровень бяспекі падчас правядзення Другіх Еўрапейскіх гульняў, а таксама аптымізацыя сілавога блока...


Трэба сказаць, што прыкладна месяц таму Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з Адміністрацыяй Прэзідэнта, дзе звярнуў увагу на перыядычнасць вынясення на ўзровень кіраўніка дзяржавы асобных пытанняў. Так, палітычны «штаб» кіраўніка дзяржавы — гэта Адміністрацыя Прэзідэнта, эканамічны — урад, а за бяспеку адказвае Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі.

— Натуральна, у гэтых структур рана ці позна з'яўляюцца пэўныя пытанні, якія трэба абмяркоўваць, рашаць з Прэзідэнтам, — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас учарашняй нарады.

У першую чаргу ён звярнуўся да пытанняў сістэмы калектыўнай бяспекі ў рамках АДКБ, паколькі, як вядома, наша дзяржава старшынствуе цяпер у гэтым аб'яднанні:

— Заўсёды ад Беларусі чакаюць эфектыўнага старшынства, і нам трэба абмеркаваць коратка, безумоўна ж, пытанне, як развіваюцца падзеі па нашым старшынстве. Як мы здзяйсняем заяўленыя кірункі дзейнасці — а такая практыка ў АДКБ ёсць заўсёды: калі старшынствуючая краіна заяўляе пра магчымыя кірункі дзеянняў падчас свайго старшынства. І галоўнае — апагей нашага старшынства — сесія Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, якая пройдзе восенню. Таму на гэтую тэму нам трэба звярнуць пэўную ўвагу.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць і вучэнні «Захад-2017», якія апошнім часам неадназначна трактуюцца заходнімі СМІ, а таксама некаторымі інфармацыйнымі рэсурсамі нашай краіны.

— У гэтай частцы я хацеў бы пачуць нешта новае, — падкрэсліў кіраўнік краіны. — Усім усё растлумачылі. Вучэнні адкрытыя, мы запрашаем або ўжо запрасілі велізарную колькасць назіральнікаў: прыязджайце, глядзіце. Яны (вучэнні. — Аўт.) носяць абарончы характар, і мы разам з Расійскай Федэрацыяй традыцыйна іх правядзём. Тут мяне цікавіць толькі нешта новае, калі з'явілася.

Далей Прэзідэнт звярнуў увагу на пытанні, звязаныя з паграніччам.

— Было даручэнне Дзяржсакратарыяту працягнуць праверкі Пагранічнага камітэта, дзейнасць нашых пагранічных службаў па сваіх функцыях, — згадаў ён. — Чаму? Адказ просты: нелегальная міграцыя, кантрабанда, наркотыкі і іншае... На жаль, паток не змяншаецца і нашы пагранічнікі працуюць у гэтай частцы напружана.

У 2019 годзе ў Беларусі пройдзе маштабнае спартыўнае мерапрыемства: Другія Еўрапейскія гульні. Безумоўна, важна, каб яны былі арганізаваны так, каб пытанняў у плане бяспекі проста не ўзнікала:

— Мы іх годна павінны правесці. Сюды з'едзецца ўся Еўропа, ды і не толькі. Будуць жа назіральнікі ў нас і з Амерыкі, і з Азіі, і з Афрыкі. Таму эпіцэнтрам становіцца Мінск і мы сур'ёзна павінны да гэтага рыхтавацца.

Не абмінуў кіраўнік дзяржавы і аптымізацыю сілавых структур:

— Яшчэ раз хачу прынцыповасць гэтага пытання падкрэсліць. Відаць, мы аптымізуемся вось такім чынам на ўзроўні Прэзідэнта з пэўным ідэалагічным забеспячэннем гэтага пытання апошні раз. Мы вызначым узровень колькасці, мы вызначым затраты на тыя ці іншыя кірункі, прывядзём гэта ў адпаведнасць у бягучым годзе. А ў будучым пытанні аптымізацыі не знікнуць, але гэта ўжо задача кіраўнікоў ведамстваў. Усё, што яны там сэканомяць, — гэта іх. Мы іх проста будзем трымаць на кантролі і стымуляваць да аптымізацыі структур. Але ўжо не на самым высокім узроўні і не ў маштабах краіны, як мы гэта робім цяпер.

Умацаванне грамадскай бяспекі і дысцыпліны таксама абмеркавалі падчас нарады. Тэма Дырэктывы №1 па-ранейшаму актуальная для Беларусі.

— Не магу сказаць, што мы дасягнулі вяршыні ў гэтым плане, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму пытанне дысцыпліны — пытанне нумар адзін. Асабліва гэта залежыць ад сілавога блока, ад паводзін ваеннаслужачых, людзей у пагонах.

Так, Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што рэгулярна звяртае ўвагу міністра ўнутраных спраў на наступны факт: курсанты, маладыя ваенныя, якія праходзяць навучанне, могуць быць задзейнічаны ў патрулях на вуліцах нашых гарадоў. Такая практыка, нагадаў Прэзідэнт, існавала ў савецкія часы. Такім чынам, людзі ў пагонах змогуць пры неабходнасці аказаць тэрміновую падтрымку прахожым, кіроўцам, работнікам Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі...

— Мы павінны дэманстраваць перад людзьмі тое, што мы нездарма ядзім хлеб, — паўтарыў кіраўнік дзяржавы тэзіс, які ўжо агучваў раней. — Бо мы існуем на іх грошы. Таму гэта вельмі важнае пытанне — дзяжурства ваеннаслужачых патрулёў... Ведаеце, думаю, людзям спакайней, калі ваенны чалавек на вуліцы.

Акрамя гэтага, упэўнены кіраўнік дзяржавы, ваенны чалавек павінен знаходзіцца сярод людзей, а не, напрыклад, сядзець у казарме.

— Ён павінен быць сярод людзей. Ён дзеля людзей жыве і дзеля людзей працуе, — аргументаваў Аляксандр Лукашэнка. — Таму гэта вельмі важны элемент. І вялікая дапамога і падтрымка Міністэрству ўнутраных спраў. Таму што міліцыя грамадскай бяспекі — гэта сур'ёзная падмога.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

У тэму

Узровень злачыннасці знізіўся

Станіслаў Зась, дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі, паведаміў журналістам, што падчас нарады Прэзідэнту было даложана і пра вынікі работы сілавых і праваахоўных органаў за першае паўгоддзе:

— Трэба адзначыць, што ўсе дзяржаўныя органы гарантавання нацыянальнай бяспекі адпрацавалі ў штатным рэжыме без зніжэння эфектыўнасці прафесійнай дзейнасці. Вынікі па ўсіх асноўных кірунках дзейнасці станоўчыя. Мы адзначаем і зніжэнне злачыннасці, зніжэнне колькасці забойстваў, разбояў, крадзяжоў... Менш становіцца ДТЗ і пацярпелых у ДТЗ, меншая сёлета ў параўнанні з мінулым годам колькасць пажараў і пацярпелых людзей на пажарах. У нас адзначаецца паляпшэнне і ў ахове дзяржаўнай мяжы, і ў рабоце мытных органаў. У прынцыпе, вынікі першага паўгоддзя для праваахоўных і сілавых органаў станоўчыя.

Дзяржсакратар Савета Бяспекі паведаміў, што кіраўнік дзяржавы даручыў праваахоўным органам пракантраляваць шэраг пытанняў уборачнай кампаніі. Асаблівая ўвага — гатоўнасці тэхнікі да ўборкі, клопату пра захаванасць сабранага ўраджаю.

Загаловак у газеце: Да бяспекі — сістэмны падыход

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?