Вы тут

Узровень адчувальнасці


Калі нам сніцца сон, мы спрабуем разабрацца ў ім, зразумець, пра што ён папярэджвае альбо што абяцае. Сны могуць быць рознымі: могуць падштурхнуць да прыемных успамінаў альбо, наадварот, зачапіць балючыя ноткі душы, пра якія ў паўсядзённасці спрабуем забыць. Мастакі Аляксей і Анастасія Урублеўскія раскрываюць філасофію сноў праз мастацкія творы, паказваюць, як сны ўплываюць на свядомасць — на ўласным прыкладзе. Пабачыць іх «Каляровыя сны» можна ў арт-гасцёўні «Высокае места».


Аляксей Урублеўскі «Мелодыя», 2014 г.

Творцы працуюць у розных жанрах. Калі Анастасія пераносіць сны на жывапісныя палотны, то Аляксей трансфармуе іх праз скульптуру. Разам творы аўтараў выглядаюць арганічна і дапаўняюць адзін аднаго. Спачатку глядач сустракаецца з рамантычным жывапісам Анастасіі, з яе тонкім адчуваннем колеру. Яна размяжоўвае сны на каляровыя і чорна-белыя. Апошніх у экспазіцыі практычна няма, але ж так і было задумана: мастачка наўмысна запрашае гледача стаць удзельнікам яе добрых, пяшчотных сноў. Аляксей жа паказвае сны ў аб’ёме. Філасофія яго падсвядомасці раскрыта праз вобразы людзей. Фантазія яго бязмежная: выяўляе прыгожых жанчын з рознымі формамі, якія нібы застылі ў вечнасці.

Маладыя аўтары аб’яднаныя не толькі творчым тандэмам, але і сямейным. Таму свае сны абмяркоўваюць разам, дапамагаюць адзін аднаму зразумець іх сэнс.

— Творчую сям’ю Урублеўскіх характарызуе жаданне вучыцца і ўдасканальвацца, — падкрэсліла на адкрыцці праекта дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава. — Аляксей прайшоў творчы шлях ад пачатковай ступені адукацыі да Варшаўскай акадэміі мастацтваў. Анастасія вырасла ў мастацкай сям’і. Таму яны ведаюць, да чаго імкнуцца. Выстаўка «Каляровыя сны» дэманструе ўласцівы для мастакоў стан гармоніі і дабрыні. У мастака ўнутраны падсвядомы свет развіты больш, чым у звычайнага чалавека, а калі гаворым пра сям’ю мастакоў — гэта яшчэ больш высокі ўзровень адчувальнасці. Мы ведаем шмат сем’яў артыстаў, музыкаў, але сем’і мастакоў — асобная катэгорыя: гэтыя людзі павінны ўмець прымаць творчасць адзін аднаго. Вельмі цікава, калі кожны член сям’і захапляецца асобным жанрам мастацтва, гэта вучыць аўтараў больш глыбока акунацца ў працэс, іх яднаюць агульныя эмоцыі. Так атрымалася і ў творчасці Аляксея і Анастасіі: яны гарманічныя і яркія, іх творы натхнёныя, насычаныя глыбокімі філасофскімі думкамі. У свеце мастацтва няпроста, таму аўтары імкнуцца адзін аднаго падтрымаць. Калі ёсць плячо, паразуменне і парада, мастакам лягчэй, яны ведаюць, што іх творчасць не засталася па-за ўвагай, што яна цэніцца любімым чалавекам.

Анастасія Урублеўская «Сон», 2013 г.

Ёсць два варыянты развіцця сямейна-мастацкага тандэма. Бывае, мастакі натхняюцца адзін адным, падтрымліваеш рашэнні і задумы, а бывае — пачынаюць канкурыраваць. Анастасія і Аляксей выбралі першы варыянт: сёння мастакі жывуць і працуюць у Лідзе, там жа развіваюць сучаснае мастацтва. Гармонія дапамагае ім не толькі будаваць сямейную прастору, але і развівацца творча.

— Ніколі не задумваемся, што мы сям’я мастакоў, мы ў першую чаргу проста сям’я, — адзначае Аляксей Урублеўскі. — Ведаем, што ёсць праблема суіснавання творцаў разам, але тут трэба зрабіць выбар: ці падтрымліваеш каханага чалавека, ці канкурыруеш. Выбар зрабілі даўно. Я і Насця па-свойму касманаўты, у нас у кожнага асабісты творчы свет, у якім мы не перасякаемся, таму што я займаюся скульптурай, а яна — жывапісам. Часам я бяруся за пэндзаль, але Насця не вучыць мяне, як правільна. Яна можа даць параду, падтрымаць, матывуе развівацца шматгранна. Хоць крытыка ў разумных межах патрэбная, але мы неяк больш радуемся поспехам адзін аднаго. Не хачу спаборнічаць, бо спаборніцтва ў сям’і да добрага не прывядзе. У кожнага з нас ёсць патэнцыял і ўласныя мэты, якія не шкодзяць сям’і.

Тэма выстаўкі, прысвечаная снам, абрана невыпадкова. Аўтары, перш за ўсе, жадалі аб’яднаць гледачоў важнымі, блізкімі кожнаму матывамі. І гэта атрымалася. Многіх наведвальнікаў выстаўкі зацікавілі дзве скульптуры Аляксея Урублеўскага, вырабленыя з палявых камянёў, на якіх скульптар выразаў два кранальныя твары.

— У 2014 годзе я ўдзельнічаў у пленэры, дзе майстры стваралі скульптуру з каменю. Я зрабіў усё, што трэба было для пленэру, і ў мяне вызваліўся час, — расказвае Аляксей Урублеўскі. — Я ўбачыў прыгожы камень і адразу ж разгледзеў у ім рысы чалавека. У чым хараство палявога каменя? Ён мае форму, характар, колер, фактуру, якую толькі трэба правільна падкрэсліць. Я ўбачыў у камені твар і адлюстраваў яго. Бо творчасць — гэта фатаграфія стану. Існуе меркаванне, што са з’яўленнем фотаапарата мастакі страцілі папулярнасць. Але мы больш хітрыя, мы не паказваем відавочнае, а перадаём унутраны стан, энергію чалавека альбо з’явы. Цікава, што мастак можа мяняцца, сталець, але яго творы перадаюць той стан, у якім ён жыў у пэўны момант.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».