Вы тут

Акцэнт— на чалавека


Дзевяноста сёмы тэатральны сезон Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы завяршыла пастаноўка Аляксандра Гарцуева «Юбілей ювеліра». Тут два акцёрскія склады: галоўныя ролі выконваюць мэтры Купалаўскага тэатра Георгій Маляўскі і Наталля Качаткова, Аляксандр Падабед і Тамара Міронава. «Меладрама элегантнага ўзросту ў 2 дзеях» — менавіта так вызначаюць жанр пастаноўкі яе стваральнікі. Перад тым, як аднесці «Юбілей ювеліра» да сферы цікавасці «дарослай» аўдыторыі, спыніцеся: спектакль ПРА людзей сталага ўзросту, але не толькі ДЛЯ іх.


Кажуць, п’есу «Юбілей Морыса» — літаратурную аснову спектакля, напісаную ў 2012 годзе актрысай Ніколай МакОліф, — чытала сама Лізавета Другая. Натуральна, калі ўся дзея разгортваецца вакол такой тытулаванай асобы, цяжка застацца незаўважаным. Рэцэпт папулярнасці надзейны: прысвяціце твор каралеве напярэдадні юбілею яе каранацыі, і ўвага чытачоў забяспечана. Асоба каралевы ўжо даўно стала культавай для брытанскіх падданых, але зацікавіць нашага гледача так проста не атрымаецца.

Беларуская версія «Юбілею Морыса» таксама пераносіць наведнікаў у Англію, але пра туманны альбіён тут нагадваюць толькі дэкарацыі ды джэнтльменская выпраўка Морыса Ходжэра ў выкананні Георгія Маляўскага. Хэлена (Наталля Качаткова), наадварот, — роднасны славянскім жанчынам персанаж. Клапатлівая, простая, амаль недалёкая (на першы погляд ці насамрэч?), адданая сям’і жонка і маці. Чаго толькі варты яе камічны рэверанс перад «каралевай»! Яна можа праспяваць песеньку з рэкламы, схадзіць у супермаркет па прадукты на акцыі і дагледзець хворага мужа не горш за прафесійную сядзелку. Побач з такой жанчынай можна лёгка пражыць шэсцьдзясят год запар, але ці здолее рамантычны і летуценны мужчына застацца закаханым у сваю Хэлену? Былы ювелір Морыс Ходжэр абірае іншую пасію, і гэта — Лізавета Другая. Выключна англійская мара — чакаць шэсцьдзясят год, каб выпіць кубачак гарбаты з Яе Вялікасцю Каралевай Англіі ў сваё 90-годдзе.

Здавалася б, вось і інтрыга — прыйдзе ці не прыйдзе каралева на свята Морыса? Але гэта брытанскаму гледачу важна, каб Яе Вялікасць звярнула ўвагу на простага ювеліра. Інтрыга, якая здолее сапраўды «зачапіць» беларуса, павінна быць куды больш глыбокай і складанай. Даруе ці не даруе Хэлена мужу на смяротным ложку закаханасць у іншую жанчыну? Зразумее ці не зразумее Морыс вартасць жонкі? Такія пытанні ўзнікаюць падчас развіцця сцэнічнага дзеяння ў Купалаўскім. Блізкія людзі часам застаюцца самымі недаследаванымі, бо звыклыя межы побытавых зносін хаваюць іх унутранае жыццё. За столькі год побач юнацкая палкасць засталася далёка ў мінулым, альбо… раптам не засталася? Цела ўжо не можа любіць фізічна, а ў душы жывуць несастарэлыя рэўнасць і закаханасць, пяшчота і крыўда. Пагадзіцеся, гісторыя Морыса і Хэлены Ходжэраў зацікавіць гледачоў любога ўзросту.

 У рэшце рэшт, спектакль распавядае пра дараванне і каханне незалежна ад жыццёвага досведу аўдыторыі. Сэрца Хэлены увесь час належала толькі мужу. Верная, надзейная, заўсёды побач, яна — увасабленне рэальнага, жыццёвага кахання. Пачуцці Морыса да каралевы летуценныя і амаль што ўяўныя, але ж такое каханне — каханне мары — дапамагло яму стварыць брыльянтавае калье неверагоднай прыгажосці, самы значны ювелірны аб’ект за ўвесь час працы. Два розныя пачуцці, нават калі і параўноўваюцца на сцэне, не прыніжаюць вартасці адно аднаго, а гарманічна суіснуюць побач, як і галоўныя героі. Трэцяя дзеючая асоба, сядзелка Кэці ў выкананні Зоі Белахвосцік, з’яўляецца ў спектаклі як рухавік сюжэта. Адкуль яна прыйшла, што бачыла ў жыцці, застаецца загадкай. Гісторыя Кэці там ці тут узнікае на паверхні асноўнага дзеяння праз невялікія заўвагі персанажаў, але толькі дзеля таго, каб зрабіць сям’ю Ходжэраў больш рэалістычнай.

Цікава, што ў арыгінальнай п’есе Морыс дачакаўся ў госці Каралеву Англіі. Беларускі пастаноўшчык перапрацаваў гэты момант, і размова з Лізаветай Другой, якая ў брытанскім варыянце насамрэч адбываецца, у нашым спектаклі пераносіцца ў сон Морыса. Развітальныя словы каралевы ніколі не гучалі ў рэчаіснасці. Не яна папракае старога ювеліра за тое, што ён прысвяціў працу свайго жыцця амаль незнаёмай жанчыне (нават калі гадзіны былога знаёмства засталіся чароўным успамінам пра чыстае каханне), а яго ўласны сон. І калі дыялог з каралевай адбыўся ў падсвядомасці Морыса, мабыць, калье, што трапіла ў рукі «каралевы яго сэрца», адышло да Хэлены не выпадкова, а знайшло свайго законнага ўладальніка?

Абодва героі п’есы, здаецца, у фінале знаходзяць шчасце: Хэлена — у няведанні таго, што дзівоснай прыгажосці брыльянтавае ўпрыгожанне муж хацеў падараваць не ёй, Морыс — у вяртанні да лепшага моманту мінуўшчыны, летуценняў аб каралеве. Шчаслівыя, але паасобку, бо інакш немагчыма: фінал цалкам жыццёвы і крыху трагічны. Напэўна, каб удала перанесці выключна англійскую гісторыю на беларускую глебу, трэба зрабіць акцэнт на агульначалавечых праблемах.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».