Вы тут

Адбыўся Міжнародны форум памежнага кіно «ХРОНОТОПЬ. ART: REBOOT»


У вёску Каптаруны на самай мяжы з Літвой, дзе адбыўся Міжнародны форум памежнага кіно «ХРОНОТОПЬ. ART: REBOOT», я паехала па канцэпцыю «хранатопі» Андрэя Кудзіненкі і тэорыю наконт будучыні беларускага кіно, а вярнулася з надзеяй, што мясцовыя багі знайшлі маю душу дастаткова светлай, каб забяспечыць мне вецер перамен. Форум, дзе кіношнікі агучваюць перадавыя ідэі і пасля здымаюць кіно па «новай тэхналогіі», дзіўна спалучаецца з архаічным месцам правядзення, дзе да гэтых часоў адгукаецца паганства. Каптаруны —  «край зямлі», з асаблівым мінулым, уласнай міфалогіяй і невытлумачальнай магіяй. Чалавек тут — не гаспадар, а толькі госць, над якім уладараць невядомыя сілы. Над праграмай форуму яны, дарэчы, таксама ўладарылі і прыўносілі ў стройныя планы пэўны хаос. Але, як вядома са старажытнагрэчаскай міфалогіі, «вечны, безгранічны, цёмны Хаос» — гэта крыніца жыцця свету. Усё ўзнікла з Хаосу, а што ён спарадзіў на гэты раз, праз некаторы час мы ўбачым у чарговым кінаальманаху «Хранатоп».


 

Лекцыі, кінапрагляды, дыскусіі, перформанс і канцэрт, прызначаныя выбіць удзельнікаў са звыклага рытму жыцця, прыйшліся на выхадныя 22 і 23 ліпеня (па вечарах самаарганізоўваліся песні пад гітару каля вогнішча). З панядзелка ж распачаўся пяцідзённы кіналагер і ўласна стварэнне кіно па методыцы Андрэя Кудзіненкі, гісторыя якога, напэўна, пачынаецца з яго першага альманаха «Хранатоп», які атрымаў гран-пры праграмы «Омнібус» на кінафестывалі краін СНД і Балтыі «Кінашок».

З тых часоў з'явілася яшчэ некалькі хранатопаўскіх альманахаў. Яны ствараліся ў тым ліку падчас так званых акцый, дзе пад куратарствам рэжысёра ўдзельнікі «абнуляліся», самаарганізоўваліся і за кароткі тэрмін выдавалі вынік. Ужо хутка было прыдумана зрабіць месцам дыслакацыі вёску Каптаруны, дзе чатыры гады таму мастак і пісьменнік Артур Клінаў набыў дом, пачаў яго рэстаўрыраваць і вырашыў, што Каптаруны могуць стаць месцам для масавых імпрэз, праектаў і фестываляў. Ідэя, якая, дарэчы, іграе станоўчую ролю ў дэцэнтралізацыі культуры краіны, добра спалучылася з канцэпцыяй Андрэя Кудзіненкі, дзе галоўнымі паняццямі з'яўляюцца хранатопь, памежжа і абнуленне. Так, з часам вёска стала называцца арт-вёскай, а наваколле аказалася месцам для кінафоруму і кіналетніка. Адноўленыя дамы, магія месца і памежжа з Літвой упершыню заігралі ў беларускай кінасферы ў мінулым годзе, калі адбыўся першы арт-фэст «Хранатопь», дзе былі створаныя такія работы, як, напрыклад, «Вянок» Павала Нядзведзя і «Адамаў яблык» Алены Ясінскай.

Хранатопь — гэта аўтарскі неалагізм Андрэя Кудзіненкі (які паходзіць ад «хранатопа» Міхаіла Бахціна), які азначае патанулы ў балоце час, пераходныя стадыю і асяроддзе, калі чалавек памірае ў адным статусе, каб нарадзіцца ў іншым. Рэжысёр лічыць, што ў хранатопі цяпер знаходзіцца ўвесь свет і наша краіна ў прыватнасці. Кінематаграфісты, якія здымаюць фільмы па методыцы Кудзіненкі, таксама павінны пабываць у гэтым пераходным стане, у хранатопі з добрай канатацыяй, каб прыйсці да нейкага нечаканага выніку. Наватарскі спосаб здымаць кіно Андрэя Кудзіненкі — падкрэсліваю, што гэта не работа з жанрам, стылем, мовай кіно, а менавіта метад стварэння фільмаў, — з'явіўся якраз у перыяд, калі ў хранатопі загразнуў беларускі кінематограф. Калі кіно за дзяржаўныя грошы не дае належнага выніку і незалежнае не ўяўляецца сілай, бо для развіцця яму не стае хоць бы наладжанай кінаіндустрыі. Тут выступае Андрэй Кудзіненка і кажа, што фільмы можна здымаць, не знаходзячыся ні ў той, ні ў другой сістэме, а новым спосабам, якому не патрэбны пітчынгі, конкурсы кінапраектаў і вялікія бюджэты. З'яўленне кудзіненкаўскай канцэпцыі ў беларускай кінасферы ўвогуле сімптаматычнае. Дарэчы, наколькі яе наватарства кантрастуе з архаічнымі мясцінамі вакол Каптарун, настолькі ж з імі карэлюе яе сэнс. Ідэя памежжа ў кіно звязваецца з тэрытарыяльным памежжам. Ідэя хранатопі ў яе сувязі з багнай увасабляецца ў рэальным балоце. Каптаруны становяцца ідэальнай лакацыяй і для ідэі абнулення, бо гэтаму садзейнічае ўжо згаданая магічная энергетыка месца (калі яна не існуе, яе варта выдумаць). У хранатопі, згодна з Кудзіненкам, змываюцца катэгорыі — «тут можа быць рэальны свет, незямны і бессвядомы» — Каптаруны і гэтаму садзейнічаюць, бо мабільная сувязь адсутнічае для кожнага і вада возера для ўсіх густая аднолькава.

Дарэчы, гэтая тэрыторыя з'яўляецца месцам дзеяння аповесці Праспера Мерымэ «Локіс», па якой Андрэй Кудзіненка ў 2010 годзе на «Беларусьфільме» зняў свой містычны трылер «Масакра». Палотны з фільма цяпер вісяць у каптарунскім доме Артура Клінава, які быў на «Масакры» мастаком-пастаноўшчыкам. У гэтых жа мясцінах праз некалькі гадоў рэжысёр здымаў фільм Hard Reboot.

Сёння ж людзі з абсалютна розных сфер прыязджаюць сюды, каб пад куратарствам кінематаграфістаў абнуліцца, аб'яднацца ў групы і зняць кіно. Апроч Андрэя Кудзіненкі сёлета куратарамі былі дырэктар кінашколы Андрэй Палупанаў і расійскі рэжысёр незалежнага кіно, заснавальнік Лігі эксперыментальнага кіно і прэзідэнт Канскага фестывалю (у расійскім горадзе Канск) Андрэй Сільверстаў. Месцам дзеяння — «старажытны цэнтр паганскай культуры» з асаблівай энергетыкай (дзе станоўчай, дзе адмоўнай) і магічным возерам. Альтэрнатыўнае выйсце для беларускага кінематографа мусіць быць апрабаваным чарговы раз. Можа, гэта сапраўды — выйсце?

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фота Тараса ТАРНАЛІЦКАГА

Загаловак у газеце: Абнуленне як метад

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.