Вы тут

У госці да Каплана


Здзейсніць вандроўку ў мястэчка пачатку ХХ стагоддзя прапануе новая выстаўка Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.


Імя Анатоля Каплана, мастака, графіка, які нарадзіўся 115 гадоў таму ў Рагачове, вядомае далёка не кожнаму беларусу. Да нас толькі пачынае вяртацца яго творчая спадчына. А між іншым работы майстра захоўваюцца ў найбуйнейшых музеях і галерэях свету, выстаўкі іх з поспехам праходзілі на самых прэстыжных пляцоўках. Калекцыя графікі Анатоля Каплана ёсць і ў нашым Нацыянальным мастацкім музеі, а таксама на яго радзіме, у Рагачоўскім музеі народнай славы.

Гульня святла і ценю. Неверагодная фактурнасць. Дробныя дэталі, замалёўкі, якія разам з тым перадаюць манументальнасць задумкі аўтара. Так коратка можна апісаць работы, прадстаўленыя ў межах выстаўкі «Краіна мястэчак Анатоля Каплана». Экспазіцыя створана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесна з Рагачоўскім Дзяржаўным музеем народнай славы, сталічнай аптэкай №88, Музеем гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі. Тут можна пабачыць не толькі графіку, але і завітаць у аптэку пачатку ХХ стагоддзя, зайсці ў гасцёўню дома, дзе жывуць яўрэі, паслухаць музыку, пабачыць кнігі нашых пісьменнікаў, якія ў сваіх творах распавядалі пра жыццё мястэчак. Дарэчы, на адкрыццё выстаўкі з Мурманска завітаў нашчадак Анатоля Каплана Віктар Аляксандраў.

Мастацтвазнаўца, калекцыянер, мецэнат Ісак КУШНІР з Санкт-Пецярбурга, які валодае самай вялікай у свеце калекцыяй работ Анатоля Каплана, расказаў:

— Ён скончыў Ленінградскую акадэмію мастацтваў, але 27 гадоў працаваў у галіне прамысловай графікі. У 1937 годзе трапіў да выдатнага педагога, графіка Георгія Вярэйскага. І толькі тады зразумеў, чым павінен займацца па жыцці. За гэтыя гады Анатоль Каплан зрабіў сапраўды шмат, пакінуў вялікую творчую спадчыну, якая здабыла сусветную вядомасць. Гэта сотні малюнкаў, афортаў, графічных лістоў, запісныя кніжкі. Я шчодра дзялюся прадметамі са сваёй калекцыі з музеямі, у тым ліку Рагачоўскім музеем народнай славы, а таксама Рагачоўскай мастацкай школай.

— Творчы лёс Анатоля Каплана вельмі складаны. Яўрэі шмат стагоддзяў жылі ў рассяленні. Але ў кожнай краіне лад іх жыцця і супольнасць складваліся па-свойму. магчыма, толькі ў Беларусі культура яўрэяў выявілася ў адметнасцях местачковага ладу жыцця, — дадае мастацтвазнаўца Ларыса ФІНКЕЛЬШТЭЙН. — Жыццёвыя выпрабаванні, радасці, адметнасці побыту знайшлі адлюстраванне ў творчасці Анатоля Каплана. Ён вельмі цікавы рысавальшчык. Да гэтых работ можна прыглядацца бясконца. Яны зацягваюць у сваю рэчаіснасць, можна не адразу счытаць не толькі сюжэт, але і тую філасофію, роздум, мудрасць, што ёсць у самога мастака і яго творах. Яго работы — своеасаблівыя помнікі часу, яго суайчыннікам і суседзям.

Падчас адкрыцця выстаўкі прагучала ідэя стварыць у Рагачове, на радзіме нашага выдатнага земляка, музей Анатоля Каплана, каб і госці горада, і мясцовыя жыхары мелі магчымасць, завітаўшы ў яго, даведацца больш пра жыццё і творчасць выдатнага майстра. Таксама плануецца, што ў горадзе з'явіцца бронзавая скульптура мастака

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».