Вы тут

Стваральнік беларускай міліцыі і «Звязды»


Міхаіл Фрунзэ стаяў каля вытокаў нашай праваахоўнай сістэмы і найстарэйшай газеты.

Сёлета адзначаецца стагоддзе беларускай міліцыі і аналагічная дата з дня заснавання «Звязды». Цікава, што і міліцыя, і газета паўсталі «на рэвалюцыйнай хвалі», а каля вытокаў іх стварэння нават стаяў адзін і той жа чалавек...


Кар­ці­на Іса­ка Брод­ска­га, пры­све­ча­ная Фрун­зэ. 1929 год.

За дзясяткам масак...

Васіленка, Міхайлаў, Трыфаныч, Арсеній, Пятроў, Шуйскі, Мірскі — здаецца, што перад намі спіс партыйнай падпольнай арганізацыі. Насамрэч за ўсімі гэтымі імёнамі — адзін чалавек. Ён правёў на тэрыторыі Беларусі ўсяго паўтара года, пра якія, акрамя вех партыйнай дзейнасці, вядома не так шмат, але паспеў прыняць удзел у ключавых гістарычных падзеях. Нездарма яго імя толькі ў Мінску носяць вуліца, станцыя метро і цэлы раён. Здагадацца нескладана, гаворка пойдзе пра Міхаіла Васілевіча Фрунзэ.

Па паходжанні ён ніякага дачынення да Беларусі не меў: нарадзіўся ў далёкім Бішкеку ў сям'і малдаваніна і рускай. Дарэчы, сам Бішкек у савецкі час на працягу 65 гадоў называўся ў гонар Фрунзэ. Як расказваў дзяржаўны дзеяч у сваёй афіцыйнай аўтабіяграфіі, захапіўся ідэямі рэвалюцыі ён яшчэ ў гімназіі. З часу вучобы ў Пецярбургскім політэхнічным інстытуце стаў актыўным удзельнікам бальшавіцкага руху. Небяспечная на той момант дзейнасць прывяла да лагічнага выніку: маладога чалавека неаднаразова арыштоўвалі, прысудзілі да катаргі, а ў далейшым — за ўдзел ва ўзброеным супраціўленні паліцыі — і да смяротнага пакарання, прычым двойчы. Аднак самая суровая мера так і не была ўжытая. Рэвалюцыянер правёў сем гадоў на катарзе, пасля чаго быў адпраўлены на пасяленне і зноў арыштаваны. Праўда, зняволенне было нядоўгім: Фрунзэ ўдалося збегчы.

Першы вопыт рэдактарскай працы ён атрымаў у Чыце ў 1915 годзе, дзе хаваўся пад прозвішчам Васіленка. Там ён разам з аднадумцамі выпускаў штотыднёвую газету «Восточное обозрение». Змяніўшы дакументы на імя Міхаіла Міхайлава, трапіў на службу ў камітэт Заходняга фронту Усерасійскага земскага саюза ў Беларусь. Тут стварыў падпольную бальшавісцкую арганізацыю ў Мінску, а таксама партыйныя групы ў ІІІ і X арміях Заходняга фронту. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі стаў адным з кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху на гэтай тэрыторыі.

Ба­рэль­еф, які ўпры­гож­вае  стан­цыю мет­ро «Фрун­зен­ская»  ў бе­ла­рус­кай ста­лі­цы.

Беларускі перыяд

Адным з першых крокаў пасля змены дзяржаўнага ладу стала замена царскай паліцыі народнай міліцыяй з выбарным начальствам, якая падпарадкоўвалася органам мясцовага самакіравання. У Мінску гэта адбылося ноччу з 4 на 5 сакавіка 1917 года. Атрады баявых дружын рабочых і міліцыі раззброілі былую паліцыю, захапілі гарадское паліцэйскае ўпраўленне, архіўнае і доказнае аддзяленні, узялі пад сваю ахову найважнейшыя дзяржаўныя ўстановы, пошту і тэлеграф. У той жа дзень грамадзянскі камендант Мінска падпісаў прававы акт, згодна з якім Міхаіл Аляксандравіч Міхайлаў — Фрунзэ — прызначаўся часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага земскага саюза па ахове парадку ў Мінску. Дарэчы, афіцыйнай датай святкавання Дня беларускай міліцыі 4 сакавіка стала толькі пасля 1998 года.

Між тым сам Фрунзэ высокай пасадай начальніка беларускай міліцыі не абмежаваўся. Праз некалькі месяцаў ён ужо быў старшынёй выканкама Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, арганізатарам і членам Мінскага гарадскога камітэта РСДРП, членам салдацкага камітэта Заходняга фронту і выканкама Мінскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, а таксама рэдактарам «Сялянскай газеты» і адным з рэдактараў-заснавальнікаў «Звязды». У той час газета, якая пабачыла свет 27 ліпеня па старым стылі ці 9 жніўня па новым, успрымалася ў першую чаргу як сродак прапаганды бальшавіцкіх ідэй. Галоўным патрабаваннем да матэрыялаў была ідэалагічная выверанасць і здольнасць уздзейнічаць на чытача. Таму нічога дзіўнага ў тым, што іх падрыхтоўкай займаліся вядомыя партыйныя дзеячы, заўзятыя агітатары, няма.

Няшмат каму вядома, але былі спробы змяніць кірунак дзейнасці міліцыі. Дарэчы, гэты момант цесна пераплятаецца і з гісторыяй «Звязды». Хуткі рост папулярнасці і ўплыву бальшавіцкай газеты сур'ёзна занепакоіў штаб фронту, таму ваенны і марскі міністр Керанскі даў загад закрыць выданне і канфіскаваць друкарню. Аднак кіраўніцтва газеты з групай моладзі паспелі перавезці ўвесь набор чарговага нумара, і атрад міліцыі, які прыбыў на месца, нічога не знайшоў. Вось у гэтым моманце, здаецца, паўстала супярэчнасць: як Фрунзэ, знаходзячыся на пасадзе начальніка міліцыі, мог дапусціць практычна знішчэнне выдання, якім сам жа кіраваў? Адказ відавочны — ніяк. У гэты момант ён быў у камандзіроўцы, а губернскі камісар і яго служачыя паспрабавалі ўзяць уладу над міліцыяй у свае рукі. Як толькі Фрунзэ вярнуўся ў Мінск, ён склікаў агульны сход усіх супрацоўнікаў міліцыі, дзе была прынята рэзалюцыя супраць контррэвалюцыі.

Сама «Звязда» пачала выходзіць пад новай назвай «Молат». Усяго свет пабачыла 18 нумароў выдання, якое менш чым праз месяц было закрыта. А «Звязда» ў хуткім часе аднавіла сваё існаванне. Дарэчы, у выпуску, прысвечаным гадавіне існавання газеты, расказвалася гісторыя выратавання апошняга нумара «Молата», звязаная з Фрунзэ. Як толькі ён даведаўся аб загадзе закрыць выданне, то накіраваўся ў рэдакцыю, адкуль вывез увесь гатовы набор, а таксама іншыя матэрыялы ў друкарню газеты «Известия Минского Совета». Па яго ініцыятыве былі праведзены сходы і мітынгі ў воінскіх часцях у падтрымку газеты.

Вялікае значэнне надаваў Фрунзэ і прапагандзе сярод сялян. Нездарма падчас ІІ сялянскага з'езда Мінскай губерні яго абралі старшынёй і нават называлі не інакш як «наш таварыш Міхайлаў». У канцы жніўня 1917 года Фрунзэ быў накіраваны ў горад Шую Уладзімірскай губерні і ў Беларусь больш не вяртаўся.

Бюст во­е­на­чаль­ні­ка  па­блі­зу ад­мі­ніст­ра­цыі  Фрун­зен­ска­га ра­ё­на  го­ра­да Мін­ска.

Не герой, а асоба

У савецкі час Фрунзэ атрымаў статус аднаго з легендарных рэвалюцыянераў і военачальнікаў. У яго гонар былі названыя дзясяткі розных аб'ектаў па ўсім Саюзе, пра яго здымалі фільмы і пісалі кнігі, дзе ён паўставаў у ролі бездакорнага «змагара за Рэвалюцыю». Аднак за гэтым «забранзавелым» вобразам, вядома, хаваўся рэальны чалавек...

З Сямёнам Будзённым Фрунзэ пазнаёміўся яшчэ ў Мінску. Пасля Будзённы адзначаў яго дзіўны талент прамоўцы і запал, з якім той выступае на мітынгах. Георгій Жукаў у маладосці, падчас грамадзянскай вайны, убачыў военачальніка з іншага боку: «Ён спыніўся ў полі і загаварыў з байцамі нашага палка, цікавячыся іх настроем, харчаваннем, узбраеннем. Пытаўся, што пішуць родныя з вёсак, якія пажаданні маюцца ў байцоў. Яго прастата і абаяльнасць, прыемная знешнасць заваявалі сэрцы байцоў».

А вось Леў Троцкі меў аб Фрунзэ не самае лепшае меркаванне, што не дзіўна, бо ў іх быў сур'ёзны ўнутрыпартыйны канфлікт: «Яго захаплялі абстрактныя схемы, ён дрэнна разбіраўся ў людзях і лёгка падпадаў пад уплыў спецыялістаў, пераважна другарадных». У цэлым сучаснікі, нягледзячы на ўсе баявыя заслугі, характарызавалі Фрунзэ як чалавека вельмі мяккага, што адбілася і на яго палітычнай кар'еры.

Да гэтага часу афіцыйна нераскрытай застаецца таямніца смерці Фрунзэ, нечакана памерлага ў 1925 годзе падчас нескладанай аперацыі. Існуе меркаванне, што не абышлося без умяшання Сталіна. Асабліва распаўсюджанай стала гэтая версія пасля напісання Барысам Пільняком «Аповесці непагашанага месяца», дзе за персанажамі лёгка адгадваюцца сапраўдныя палітычныя фігуры. Пасля смерці мужа яго жонка Соф'я не вытрымала напружання і скончыла жыццё самагубствам. Праз некаторы час дваіх іх дзяцей усынавіў сябар Фрунзэ Клім Варашылаў. Дачка Таццяна стала доктарам хімічных навук, а сын Цімур лётчыкам-знішчальнікам. Ён загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».